Гісторык: Унія сфарміравала менталітэт беларусаў
Белых плям у гісторыі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы стала менш. У Мінску нядаўна выйшла ў свет кніга Дзяніса Лісейчыкава пра беларускіх святароў-уніятаў.
Фота radiovaticana.va
Выданне стала сапраўдным даследаваннем, якога дагэтуль ніхто не праводзіў. За 9 гадоў аўтар сабраў разам, знайшоўшы ў архівах Беларусі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі, 8,5 тысяч біяграфій прадстаўнікоў беларускага ўніяцкага духавенства.
На падставе гэтага матэрыялу гісторык зрабіў нечаканыя тэарытычныя высновы. “Цікава было вызначыць, наколькі быў распаўсюджаны цэлібат сярод грэка-каталіцкіх святароў. Такіх на 8,5 тыс. было 31, значыць, гэта было рэдка, але не выключна рэдка. Мы задаваліся пытаннем, колькі дзяцей было ў сем’ях, і аказалася, што ў сярэднім было па трое дзяцей. Таксама цікава было вызначыць папулярныя імёны: сярод мужчын гэта Ян, сярод жанчын — Ганна. Сустракаліся і такія імёны-маркёры, напрыклад, Напалеон. Вядома, гэта імя стала папулярным пасля таго, як Напалеон Банапарт стаў кіраўніком французскай рэспублікі. Але цікава, што калі пасля вайны 1812 года бацькі давалі такое імя дзіцяці, то гэта кажа выразна аб антырасійскіх настроях. І ўвогуле цікава, што грэка-каталіцкі святар меў такое імя, вядома, вернікі да яго звярталіся “айцец Напалеон”, што сёння гучыць экзатычна”, — паведаміў даследчык, аўтар кнігі “Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596–1839 гг.” і намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Беларусі Дзяніс Лісейчыкаў у размове з Беларускай рэдакцыяй Ватыканскага радыё.
Што тычыцца слаўных, знакамітых імён, то іх нямала падарылі ўніяцкія сем’і ў галіне навукі, мастацтва, адукацыі: мастак Іван Хруцкі, літаратар Ян Баршчэўскі, мысляр Францішак Савіч, біёлаг Міхаіл Ачапоўскі, плеяда прафесараў Віленскага ўніверсітэта — усе яны былі сынамі грэка-каталіцкіх святароў.
Гэта, як адзначыў Дзяніс Лісейчыкаў, не дзіўна, таму што сем’і духавенства, у тым ліку грэка-каталіцкага, былі пісьменнымі, а іх дзеці, нават калі не ішлі па святарскім шляху, дасягалі пэўных высот у грамадскім і навуковым асяроддзі.
Падняўшы пласт гэтай інфармацыі і яшчэ раз пераканаўшыся ў дасягненнях гэтых людзей, тым больш крыўдна, што ў наш час гісторыю Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі разглядаюць праз штампы, існуючыя доўгія часы. Калі з XIX ст. феномен уніі звязвалі толькі з так званым “акаталічваннем”, то сёння з’явіліся антыпрапагандысцкія працы ў абарону Уніі, але таксама з “перакосам” у іншы бок. А гэта тэма патрабуе глыбокага і навуковага вывучэння, лічыць Дзяніс Лісейчыкаў. “Змена акцэнтаў адбылася, раней казалі, што Унія — гэта кепска, сёння на эмоцыях кажуць, што гэта добра. Калі мяне пытаюць, а вы “за” ці “супраць” Уніі, я не магу адказаць на гэта пытанне, на якое адказаць немагчыма. Феномен уніі — гэта прадмет даследаванняў. Тут былі і адмоўныя, і пазітыўныя моманты, але ўсё гэта трэба вывучаць. Калі казаць філасофскімі катэгорыямі, то менавіта дзякуючы Уніі мы, беларусы ёсць сёння такія, якія мы ёсць, з усімі нашымі рысамі менталітэту”, — упэўнены даследчык.
Увогуле, адзначыў Дзяніс Лісейчыкаў, сёння гісторыю Беларускай Грэка-Каталіцкай Царвы, а дакладней з XVI па XIX стагоддзі, ігнаруюць, як апрыёры спрэчную, на розных узроўнях — грамадскім, навуковым, рэлігійным. Але менавіта граматны і прафесійны падыход да фактаў дапаможа ў барацьбе з міфамі і стэрэатыпамі. Аказваецца, ніхто і ніколі рэальна не падлічваў, колькі парафій, святароў і вернікаў належала да Грэка-Каталіцкай Царквы ў той час.
Нават у навуковым асяроддзі карыстаюцца лічбамі, прадстаўленымі ў той ці іншы час тым ці іншым зацікаўленым бокам, прычым часта з “ідэалагічнай” афарбоўкай. “Зараз крыху падымае галаву неазаходнерусізм, у значна горшым варыянце, чым першы, таму што класічны заходнерусізм, тыя і мову ведалі, і крыніцы, і спадчына ўніяцкая імі проста пераасэнсоўваецца. А сённяшняя плыня — ненавуковая. Няма цягі да першакрыніц. А за кошт перадрукоўкі крыніц гэтыя міфы і захоўваюцца, прабел запаўняецца. Таму проста трэба шукаць сваё месца ў гэтых крыніцах і дакументах”, — сказаў даследчык.
Даследаванні па гісторыі Уніі Дзяніс Лісейчыкаў працягне, магчыма, яны ў будучыні таксама будуць прадстаўлены шырокаму чытачу. А сённяшняя кніга аб беларускіх святарах грэка-католіках ужо знайшла месца і ў Ватыкане — некалькі дзён таму яе перадалі Святому Айцу Францішку.