Генпракуратура папярэдзіла святароў, якія выказаліся па справе Бандарэнкі

Біскупу Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыю Касабуцкаму і прэс-сакратару БПЦ Сяргею Лепіну абвешчаныя афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння закона. Пра гэта паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

mogilev_pamyat_bondarenko1.jpg


Там адзначылі, што ў заявах, якія прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў размясцілі ў сацсетках, „у загадзя безапеляцыйнай агрэсіўнай танальнасці выкарыстоўваюцца пэўныя тэрміны і абароты („здзек над партрэтамі забітага“, „навошта гэта сатанінскае зневажанне лампад і абразкоў " і інш.), якія свядома павышаюць узровень напружанасці ў грамадстве, што распальваюць нянавісць да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, у тым ліку праваахоўных органаў, і, як следства, варожасць у дачыненні да названых сацыяльных груп насельніцтва».
— Падобныя дзеянні недапушчальныя і непрымальныя, паколькі не толькі не адказваюць асноватворнай ролі царквы ў частцы дасягнення ўзаемнага разумення, цярпімасці і згоды ў грамадстве, але і падахвочваюць грамадзян да агрэсіі, проціпраўным дзеянням, вырашэнні пытанняў, якія ўзнікаюць неканстытуцыйным шляхам, — лічаць у пракуратуры. Там таксама паказалі, што падобныя выказванні супярэчаць Канстытуцыі і Закону "Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях".
— Генеральная пракуратура вынесла і прадпісанне ўпаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, у якім запатрабавала ліквідаваць выяўленыя парушэнні і прыняць дадатковыя меры па папярэджанні рознагалоссяў у сферы ўзаемаадносін дзяржавы і рэлігійных арганізацый, — паведамілі ў прэс-службе.
Нагадаем, Юрый Касабуцкі і Сяргей Лепін 15 лістапада на сваіх старонках у Facebook выказаліся з нагоды дзеянняў сілавікоў, якія разбурылі народны мемарыял памяці Рамана Бандарэнкі.
"Спробай знішчыць усё тое высакароднае, чыстае, светлае, што ёсць у нашых людзях" назваў гэтыя дзеянні біскуп Юрый Касабуцкі.
Прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін напісаў "гэта здзек над партрэтамі забітага, над кветкамі ў яго памяць, сатанінскае зневажанне лампад і абразкоў».
У аўторак Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніку сваёй адміністрацыі Ігару Сяргеенку сумесна з генеральным пракурорам "даць ацэнку гэтым заявам". Ён палічыў іх "здзеклівымі" і не адпаведнымі рэчаіснасці. Усё было зроблена спецыяльна, каб абвінаваціць улады ў варварстве, заявіў Лукашэнка.

news.tut.by