Як «ціхары» сочаць за сям'ёй Рамана Бандарэнкі

Еўрарадыё расшыфравала аўдыязапіс паміж ціхарамі, якія сачылі за членамі сям'і Рамана Бандарэнкі.

roman_ploshcha_peremen.jpg


Смерць Рамана Бандарэнкі беларускія сілавікі выстаўляюць як простую "бытавуху". "Кожны дзень адбываюцца дзясяткі такіх інцыдэнтаў", — сказаў галоўны інспектар па Мінску Аляксандр Барсукоў.
У той жа час сваякі Рамана заўважылі сочку за сабой. Прычым вельмі шчыльную: "За намі сачылі не менш за 20 чалавек, людзі ў цывільным стаялі на кожным паверсе крамы, — расказала TUT.by Вольга Кучарэнка, стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі, пра паездку 17 лістапада ў гандлёвы цэнтр па касцюм для пахавання. — Мы не ведаем, для чаго гэта робіцца".
Днём 18 лістапада ў тэлеграм-канале "Мотолько, помоги!" з'явіўся шматгадзінны аўдыязапіс перамоў паміж сілавікамі. Па версіі аўтараў канала, людзі на запісе размаўляюць менавіта ў працэсе сочкі за сям'ёй Бандарэнкі. Сапраўднасць запісу ўскосна пацвярджаецца тым, што на ім абмяркоўваецца тая самая паездка ў ГЦ, пра якую незалежна ад Матолькі расказала Вольга Кучарэнка.

Павярнулі. Прымайце

Каля 14:15 "назіральнікі" працуюць як звонку ГЦ Dana Mall, так і ўнутры будынка. У ліку тых, хто размаўляе, — не толькі мужчыны, але і як мінімум адна жанчына.
Адна машына сілавікоў, пакуль сваякі Рамана была ўнутры, праязджае па праспекце ў бок Уручча, іншая займае пазіцыю на вуліцы Каліноўскага. "Назіральнікі" абмяркоўваюць перамяшчэнне сваякоў Бандарэнкі па гандлёвым цэнтры і іх далейшы маршрут.
— Хто за руль сеў?
— Жонка [ў Бандарэнкі не было жонкі. — Еўрарадыё] за руль села.
— Ва ўсім чорным апранутая?
— Так-так-так, не жонка, сястра. Маладая жанчына, цёмныя валасы — за рулём... Жанчына ў белай куртцы ззаду.
Калі машына са сваякамі пад'язджае да выезду на праспект, гучыць наступнае:
— Павярнулі. Прымайце.
Мяркуючы па запісе, машына са сваякамі едзе ў бок МКАД. Тут па запісе можна зразумець, што ціхары, якія перамаўляюцца, не ведаюць, хто першапачаткова на якой машыне ездзіць.
— Ваван, а ты ў "кія" ці ў "рэно" таксама катаешся?
— У "шкодзе".
Перыядычна яны губляюць адно аднаго з-пад увагі:
— Вы машыны нашых калег бачыце?
Крыху пазней:
— Чыя карычневая "джылі"?

У морг — значыць, у морг

Адна з брыгад ціхароў, мяркуючы з усяго, ненадоўга страціла з-пад увагі машыну са сваякамі Рамана.
— Туды ў бок Навінак паехала тачка падобная.
— Дагонім.
[…]
— Давай у Навінкі... Там нейкі ёсць морг.
— На Даўгінаўскім, злева псіхіятрычны, а насупраць морг.
— Я ў курсе.
Мяркуючы па запісе, сваякі сапраўды заходзілі ў морг Дзяржаўнай службы судовых экспертыз, які якраз знаходзіцца на Даўгінаўскім тракце.
— Яны адзенне павінны былі аднесці. Сяструха сядзела ў машыне, і цяпер яны павінны паехаць у Генпракуратуру, — кажа адзін.
Адкуль назіральнікі ведаюць пра планы сям'і? Адкрыта паміж сабой гэта ціхары не абмяркоўваюць.
— Інструктажы атрымалі? — пытаецца ў пэўны момант адзін.
— Атрымалі.

Напэўна, на "Рокасы"

Большая частка перамоў прысвечана маршруту перамяшчэнняў. Гучаць тапонімы: вуліца Арлоўская, праспект Пераможцаў, вуліца Леніна і іншыя. Узнікае ў размове і "цэнтральная база". Таксама ў дыялогу ціхары згадваюць слова "карагоды" — мяркуючы з усяго, так сілавікі называюць сочку.
Раптам сваякі Бандарэнкі разварочваюцца і едуць не да Генпракуратуры, а ў бок стадыёна "Дынама". Ціхары гэтым вельмі здзіўлены.
— Яны, можа, не ў Генпракуратуру, а ў Следчы камітэт хочуць, б**дзь?
Але сям'я едзе і не туды: яны едуць па вуліцы Першамайскай, у той жа час іншая (магчыма, новая) "брыгада" выварочвае на вуліцу Ванеева.
— Па кальцы шча павольна [едуць. — Еўрарадыё], напэўна, на "Рокасы" хочуць... Так, пайшлі на Ракасоўскага.
— Добра, падцягваем.

Куртка ніжэй д*пы

Нарэшце, сваякі Бандарэнкі дабіраюцца да сваёй мэты. Ціхары паміж сабой абмяркоўваюць: пакуль "аб'екты" на вуліцы, яны выходзіць з машын не павінны.
Да сваякоў выходзіць хтосьці: як мяркуюць "назіральнікі", адвакат. Апісваюць: чалавек высокі, зялёная куртка. Далей ён зноў з'явіцца ў абмеркаванні, але куртка ператворыцца ў "балотную" або "нават карычневую".
— Дзімон, а куртка такая, ніжэй д*пы, так? — пытаецца адзін, але адказу не атрымлівае.
Праз некаторы час сваякі зноў садзяцца ў машыну і рухаюцца ў бок выезду. За імі — ціхары.
— Аператыўна максімальна, каб нас не пафоткалі! — кажа адзін.

Піца "па вушах"

Працягваецца абмеркаванне маршрутаў сям'і. Гучыць фраза пра тое, што яны "па вушах нейкую піцу заказвалі". Магчыма, "па вушах" азначае, што сваякоў і праслухоўваюць.
Нарэшце, каля 17:00 машына са сваякамі набліжаецца да Генпракуратуры. У гэтым месцы запіс перарываецца.