Генеральны сакратар ААН: Калі вайна — гэта выбар, мір таксама можа быць выбарам
Глабальныя гульцы зразумелі неабходнасць рэфармавання сістэмы аховы бяспекі ў свеце. Ці стануць іх словы дзеяннямі?
У сваёй аналітычнай запісцы, апублікаванай у чацвер, генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш прапануе канкрэтныя меры па прадухіленні канфліктаў і ўмацаванні бяспекі. Абнаўленне стратэгічных падыходаў да вырашэння гэтых задач кіраўнік ААН тлумачыць тым, што чалавецтва знаходзіцца сёння на пераломным этапе: адбываецца пераход да новага сусветнага парадку.
Генеральны сакратар ААН лічыць, што эпоха, якая настала пасля заканчэння «халоднай вайны», на сённяшні дзень завяршылася. І хоць контуры новага сусветнага парадку яшчэ не вызначаны, адной з яго вызначальных рыс лідары ва ўсім свеце называюць шматпалярнасць. «У гэты пераходны перыяд расстаноўка сіл становіцца ўсё больш фрагментаванай праз з'яўленне новых палюсоў ўплыву, фармаванне новых эканамічных блокаў і восяў суперніцтва, — адзначае Гутэрыш. — Узмацняецца канкурэнцыя паміж буйнымі дзяржавамі, зніжаецца давер паміж краінамі глабальнай Поўначы і Поўдня».
«Шэраг дзяржаў усё больш актыўна імкнуцца павысіць сваю стратэгічную незалежнасць, спрабуючы пры гэтым манеўраваць праз ўсталяваныя лініі падзелу. Пандэмія COVID-19 і вайна ва Украіне паскорылі гэты працэс. Адзінства мэты, пра якую дзяржавы-члены заявілі на пачатку 1990–х гадоў, страціла актуальнасць», — лічыць кіраўнік ААН. Паводле яго слоў, чалавецтва павінна перайсці «ад логікі канкурэнцыі да супрацоўніцтва і прызнання агульных інтарэсаў».
«Вайна — гэта заўсёды выбар звярнуцца да зброі замест дыялогу, да прымусу замест перамоваў, да навязвання замест пераканання. Але гэты ж прынцып адкрывае для нас магчымасці, бо, калі вайна з'яўляецца выбарам, мір таксама можа быць выбарам. Надышоў час пацвердзіць сваю прыхільнасць міру», – заявіў генеральны сакратар ААН.
Дзеянні на глабальным узроўні
Перш за ўсё Гутэрыш заклікае ліквідаваць ядзерную зброю і адначасова ўмацоўваць нормы і механізмы, якія забараняюць яе распаўсюджванне і прымяненне.
Таксама прапануецца актывізаваць прэвентыўную дыпламатыю з больш шырокім выкарыстаннем ААН і паслуг генеральнага сакратара, у тым ліку ў палітычных і эканамічных адносінах, і рэгіянальных механізмаў.
Прадухіленне канфліктаў
Кіраўнік ААН заклікае распрацоўваць і ўкараняць нацыянальныя прэвентыўныя стратэгіі, умацоўваць правы чалавека і прынцып вяршэнства права. Ён прапануе забяспечыць фінансаванне гэтых і іншых мер і шукаць міжрэгіянальныя падыходы да ліквідацыі трансгранічных пагроз.
З іншых рэкамендацый – выкананне мэтаў у галіне ўстойлівага развіцця, абарона правоў жанчын, барацьба са зменамі клімату. У прыватнасці, у дакуменце прапануецца прызнаць палітычным прыярытэтам сувязь паміж дзеяннямі па барацьбе са зменамі клімату і светабудаўніцтве.
Антоніу Гутэрыш заклікае ўзмацніць абарону грамадзянскага насельніцтва і стварыць механізмы для змякчэння шкоды, расследавання і забеспячэння адказнасці за ўчыненыя парушэнні.
Умацаванне міратворчых аперацый
Кіраўнік ААН заклікаў краіны, якія з'яўляюцца членамі арганізацыі, падтрымліваць і ўмацоўваць міратворчыя аперацыі і партнёрскія адносіны. Паводле яго слоў, неабходна таксама забяспечыць эфектыўныя стратэгіі для пераходных перыядаў і зрабіць міратворчую дзейнасць больш гнуткай і адаптуемай.
Інавацыі і новая зброя
Кіберпрастора, касмічная прастора, аўтаномныя сістэмы зброі смяротнага дзеяння, штучны інтэлект, біялагічныя рызыкі – генеральны сакратар ААН прапануе чалавецтву аб'яднаць намаганні ў супрацьдзеянні сучасным пагрозам і пры гэтым у поўнай меры выкарыстаць патэнцыял новых тэхналогій для агульнага дабрабыту.
Калектыўная бяспека
У рамках новага парадку дня для міру генеральны сакратар прыцягвае ўвагу да працы Савета Бяспекі — галоўнага органа ААН па падтрыманні міру і бяспекі. У прыватнасці, ён заклікае неадкладна заняцца рэформай Савета Бяспекі «ў мэтах стварэння больш справядлівага і прадстаўнічага органа», спрасціць працэдуры для пашырэння магчымасцей для дасягнення кансенсусу і прыняцця доўгатэрміновых рашэнняў.
Генеральная Асамблея павінна, згодна з бачаннем кіраўніка ААН, адыгрываць галоўную ролю ў абмеркаванні пытанняў раззбраення.
На карту пастаўлена будучыня чалавецтва
«Маё бачанне, выкладзенае ў гэтым дакуменце, поўнае надзеі і аптымізму, — адзначыў Антоніу Гутэрыш. — Нягледзячы на сур'ёзныя цяжкасці, якія назіраюцца сёння, я чакаю, што дзяржавы-члены ААН справяцца з імі».
Паводле яго слоў, на працягу 78 гадоў свайго існавання Арганізацыя Аб'яднаных Нацый пастаянна чуе пра сваё састарэнне і блізкі заход. Аднак, пераадольваючы няўдачы і ухіляючыся ад недахопаў, ААН не толькі выстаяла, але і засталася нервовым цэнтрам шматбаковай сістэмы.
«Аднак, — сказаў кіраўнік ААН, — мы павінны дакладна ўсведамляць маштабы праблем, якія стаяць перад намі. На карту пастаўлена будучыня не Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, а нашых краін і ўсяго чалавецтва».
Магчымасць глабальнай катастрофы, папярэдзіў Антоніу Гутэрыш, няхай гэта будзе з прычыны прымянення ядзернай зброі, змен клімату, хвароб, вайны або нават выхаду тэхналогій з-пад кантролю, рэальная і пастаянна павялічваецца. Каб пераадолець бягучыя крызісы і прадухіліць будучыя, чалавецтву неабходна больш цеснае супрацоўніцтва.