Гарадзенскі рок-музыкант Ігар Банцэр не спыняе «сухую» галадоўку. Сёння 11-ы дзень

Рок-музыкант і актывіст Ігар Банцэр працягвае адмаўляцца ад ежы і вады ў гарадзенскім СІЗА па стане на 13 сакавіка. Ён не скардзіцца на самаадчуванне, але слабее, піша «Свабода».

a0fcbb19_bd89_450d_9b46_7316bd96cb1e_w1023_r1_s.webp

Напярэдадні 12 сакавіка на судзе ён выглядаў бледным, моцна схуднелым, аднак усё роўна шмат гаварыў і рухаўся. Нават у клетцы ён заставаўся ў кайданках.

Вядома, што на адзінаццаты дзень Ігар Банцэр жывы і не змяніў свайго рашэння наконт галадоўкі. Лекары кажуць, што ўжо на першым тыдні адмовы ад вады могуць наступіць незваротныя змены ў арганізме або смерць.

Напярэдадні ён прасіў у суду змяніць яму меру стрымання і выпусціць з-пад варты, бо «ён выправіўся». Аднак суддзя Наталля Козел не задаволіла яго хадатайніцтва, каб ён «не схаваўся ад пераследу».

«Да панядзелка я дацягну, а далей, не ведаю», — адказаў на гэта музыкант.

Наступнае пасяджэнне па яго справе прызначылі на 14:30 18 сакавіка, патэнцыйна 16-ы дзень галадоўкі, калі Банцэр не спыніцца.

Ён абвясціў «сухую» галадоўку ў пачатку свайго суду 3 сакавіка. Прычынамі назваў тое, што яго справа мае палітычныя матывы, а таксама незадаволенасць палітычнымі падзеямі ў Беларусі. Патрабаванні для спыненьня галадоўкі не выставіў.