«Паглядзім, дадуць мне ў гэтай краіне памерці або не»

У Ленінскім судзе Гродна працягваецца судовы працэс над гродзенскім музыкам Ігарам Банцэрам, які дзясяты дзень трымае «сухую» галадоўку. Падрабязнасці распавядае «Свабода»

d80d6d1f_5a74_4c58_ae4c_943d5bb4d8b7_w1023_r1_s.jpg


Чарговае пасяджэнне па справе Ігара Банцэра, які дзясяты дзень трымае галадоўку ў СІЗА, пачалося ў судзе Ленінскага раёну Горадні 12 сакавіка.
«Я адчуваю сябе цудоўна на дзясятыя суткі сухой галадоўкі», — заўважыў Банцэр.
Яго не дазволілі здымаць у судзе, папрасілі схаваць тэлефоны. Банцэр у клетцы ў кайданках. Выглядае моцна схуднелым і бледным, аднак увесь час рухаецца, стаіць з паднятымі рукамі ў кайданках. Перад тым, як людзей пусцілі ў залю, адтуль былі чуваць неразборлівыя крыкі Банцэра.
Банцэр заявіў хадайніцтва, каб яго выпусцілі з-пад варты.
«Я сядзеў на "Валадарцы" з хворымі, забойцамі. Мяне часта блытаюць з імі. Я не такі, як яны. Я зорка рок-н-ролу. Я выправіўся і гатовы гэта даказаць», — адзначыў Банцэр у заяве.
Суддзя сышла, каб вырашыць хадайніцтва.
Справу разглядае суддзя Наталля Козел, дзяржаўны абвінаваўца — Віктар Нічыпарук, пацярпелы міліцыянт — Сяргей Багдзевіч.

«Я хачу „Краіну для смерці“ арганізаваць»

На першым пасяджэнні па сваёй справе 3 сакавіка Банцэр абвясціў «сухую» галадоўку. Ён не выстаўляў канкрэтных умоў, пры якіх пачне зноў піць і есці, аднак назваў дзве прычыны, якія яе выклікалі.
«У сувязі з відавочнай палітычнай афарбоўкай маёй крымінальнай справы, а таксама ў знак нязгоды з тым, што адбываецца ў палітычным плане ў Рэспубліцы Беларусь пасля 8 жніўня 2020 года, я абвяшчаю „сухую“ галадоўку. Гэта адзіны, паводле майго меркавання, легальны спосаб выразіць свой пратэст супраць тых негатыўных працэсаў, якія адбываюцца цяпер у краіне, грамадзянінам якой я з'яўляюся, дзе я пражыў 41 год, і пакідаць краіну я не маю намеру, нават пад пагрозай крымінальнага пераследу», — заявіў Банцэр у судзе.
Банцэр даваў паказанні ў судзе 4 сакавіка. Перад тым пасяджаннэм ён шмат гаварыў. На просьбу маці «Беражы энергію» сын адказаў так:
«Мама, быў адзін, які ашчаджаў энергію, „Краіна для жыцця“, сядзіць цяпер. Я хачу „Краіну для смерці“ арганізаваць. Паглядзім, дадуць мне ў гэтай краіне памерці або не на „сухой“ галадоўцы. „Краіна для жыцця“ не пракаціла, можа, „Краіна для смерці“ пракаціць, а, грамадзянін начальнік? Люблю вас усёй душой і іншымі часткамі цела, але пра гэта ўжо ўчора было».
Ён адзначыў, што яго ўчынак у ноч на 5 верасня быў арт-перформансам і часткай заходне-еўрапэйскага мастацтва.
«Мы спазняемся ў культурным плане на 50-70 гадоў (ад ЗША і Заходняй Еўропы). Мой арт-перформанс быў несвоечасовы. Трэба было 50 гадоў пачакаць. Але ў мяне няма гэтых 50 гадоў», — заўважыў Банцэр, параўноўваючы сябе з Эндзі Уорхалам.
Музыкант часткова прызнаў сябе вінаватым.
«Я быў, я танцаваў, усім спадабалася. На відэа ёсць людзі, якія кайфуюць. Я таксама кайфануў. Думаў, што і пацярпелы таксама кайфануў», — выказаўся Банцэр.
Ён перапрасіў пацярпелага міліцыянта, а таксама паасобку ўсіх прысутных у залі, называючы іх па імёнах. «З тым, што я сваім чэлесам падрываў аўтарытэт дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе, я не магу пагадзіцца», — некалькі разоў дадаў фігурант.
Банцэр шмат разоў падкрэсліў, што ён падчас перформансу заставаўся ў стрынгах, таму не мог дэманстраваць палавыя органы. Адмыслова падчас танцу перакінуў паясную торбачку наперад і прыкрыўся і ёй таксама.
«У пацярпелага цудоўны зрок, і 10 з 10 ён выбівае на стрэльбішчы, як я зразумеў. За паўтары секунды ён убачыў у цемры мой чэлес, які быў прыкрыты барсеткай, што мае яркую аквамарынавую афарбоўку і блішчыць уначы... Барсетка знаходзілася на месцы, дзе мае быць мой чэлес. Таму фізічна заўважыць мой чэлес немагчыма», — патлумачыў Банцэр.

Што варта ведаць па справе

Ігара Банцэра судзяць за тое, што дэманстраваў палавыя органы перад міліцыянтам. Пазіцыя Банцэра: гэта быў перформанс з танцам, падчас якога ён зняў шорты, але заставаўся ў стрынгах, а спераду яго прыкрывала паясная торбачка. Пацярпелы міліцыянт не мае прэтэнзій да Банцэра, першапачаткова ён расцаніў яго ўчынак як п’яную выхадку, а не як крымінальнае злачынства.
Банцэру пагражае да трох гадоў калоніі. Ён знаходзіцца пад вартай з 20 кастрычніка мінулага года. Яму 41 год, жанаты, мае траіх непаўналетніх дзяцей.
Летась яго тройчы затрымлівалі за ўдзел у пратэставых акцыях, ён адседзеў у адміністрацыйных справах 18 сутак.
За 4,5 месяцы зняволення Банцэр амаль увесь час сядзеў у адзіночнай камеры і некалькі разоў у карцары, таксама яго высылалі на псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі, якая паказала, што ён здаровы.