Гамяльчане патрабуюць ад уладаў скончыць будаўніцтва «Усходняга абыходу»

Група ініцыятыўных гараджан стварыла анлайн-петыцыю, у якой заклікае Гомельскі гарвыканкам і Міністэрства транспарту і камунікацый скончыць будаўніцтва «Усходняга абыходу».

uschodni_abchod.jpg


Праектам прадугледжвалася ўзвядзенне маста праз раку Сож і злучэнне трас Е-95 і М-10 з усходняга боку горада з мэтай завяршэння аб'язнога кола. На дадзены момант працы на аб'екце прыпыненыя ў сувязі з недахопам фінансавання.

Аўтары петыцыі адзначаюць, што ў апошні час у Гомелі назіраюцца вялікія праблемы з загружанасцю цэнтра горада аўтатранспартам. Вялікая колькасць транзітнага трафіку праз цэнтральныя вуліцы прыводзіць да высокай аварыйнасці, павелічэння часу праезду з Цэнтральнага раёна ў Навабеліцкі, пагаршэння стану дарожнага палатна, а таксама экалагічнай сітуацыі ў горадзе.


uschodni_abchod_2___na_dannyj_moment_na_stroitelstvo_vostocznoho_obhoda_uze_zatraczeno_okolo_8_mln_dollarov.jpg


Неабыякавыя гараджане лічаць, што сканчэнне будаўніцтва «Усходняга абыходу» дазволіць:— разгрузіць цэнтральныя вуліцы Гомеля і палепшыць мабільнасць транспарту, а таксама з'явіцца магчымасць стварэння прамых маршрутаў грамадскага транспарту паміж Цэнтральным і Навабеліцкім раёнамі;— паскорыць транзітныя грузапатокі трас Е-95 і М-10 з усходняга боку горада;— паменшыць колькасць выкідаў СО2, што скароціць рызыку развіцця рэспіраторных захворванняў і палепшыць стан аб'ектаў расліннага свету;— знізіць шумавую нагрузку на жылыя кварталы і цэнтральныя вуліцы;— стварыць роварную сцяжынку, якая забяспечыць бяспеку перасоўвання раварыстаў паміж аддаленымі часткамі горада;— палепшыць даступнасць устаноў аховы здароўя, такіх як Рэспубліканскі Цэнтр Радыяцыйнай Медыцыны, Гомельскі абласны клінічны шпіталь Інвалідаў Айчыннай Вайны і інш.


uschodni_abchod_4.jpg


На будаўнічыя працы ўжо выдаткавана каля 8 млн долараў, але на завяршэнне аб'екта, па словах старшыні гомельскага гарвыканкама П. Кірычэнкі, неабходна яшчэ каля 150 млн беларускіх рублёў.

У розны час аб магчымасці прыцягнення фінансавых сродкаў на завяршэнне будаўніцтва «Усходняга абыходу» згадваліся кітайскія і паўднёвакарэйскія партнёры, але на ўзроўні перамоў усё, на жаль, і сканчалася.

Ідэя стварэння петыцыі, закліканай вырашыць адну з найбольш актуальных праблем горада, паўстала пасля сустрэчы з мінскім актывістам і блогерам Антонам Матолькам, якая прайшла ў межах праекта «Гарадскія сходы ГДФ». Да распрацоўкі петыцыі далучыліся актыўныя гараджане і ўрбаністычная ініцыятыва "Smart Homel".
«Дадзеную петыцыю сапраўды стварала вялікая колькасць неабыякавых да развіцця роднага горада гамяльчан. Адны дапамагалі скласці тэкст, іншыя правяралі тэхнічныя дадзеныя, уздымалі звесткі з публікацый гарвыканкама і дзяржаўных СМІ, дапамагалі сфатаграфаваць аб'ект з дапамогай дрона. Гэта паказвае, што ў горадзе ёсць людзі, якія гатовыя не толькі гаварыць пра пажаданыя змены, але і прымаць у іх актыўны ўдзел. Мы верым, што ў гэтым залог поспеху, бо толькі сумеснымі намаганнямі можна зрабіць Гомель яшчэ лепш!», — распавёў прадстаўнік урбаністычнай ініцыятывы "Smart Homel" Яўген Меркіс.
Пакінуць свой подпіс у падтрымку петыцыі можна ўжо цяпер. Ці атрымаецца ў актывістаў дагрукацца да чыноўнікаў, якія прымаюць рашэнні аб развіцці горада, пакажа толькі час.