Гамельчуку вынеслі прысуд за каментар у «Аднакласніках»

Гамяльчук Раман Скапцоў не змог стрымаць эмоцый, калі ўбачыў у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» відэаролік са сцэнай жорсткага затрымання ўдзельніка пратэснай акцыі: супрацоўнік каленам прыціскаў галаву ляжачага чалавека да зямлі. Раман пакінуў пад гэтым відэа каментар: «Усе людзі як людзі, а гэты — ***».

Раман Скапцоў

Раман Скапцоў


У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу па артыкуле 369 КК РБ («Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў»). Судовы працэс над Раманам Скапцовым па хадайніцтве пракурора праходзіў у закрытым рэжыме, каб пазбегнуць выдавання асабістых даных пацярпелага супрацоўніка міліцыі.
Сёння суд Чыгуначнага раёна Гомеля вынес свой вердыкт па гэтай справе. Пракурор запытаў для Рамана Скапцова два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Суд пагадзіўся з довадамі боку абвінавачвання, прызнаў Рамана Скапцова вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе двух з паловай гадоў «хіміі».
Акрамя таго, суд пастанавіў спагнаць з Рамана Скапцова на карысць пацярпелага міліцыянта 1500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Гэтая сума павінна быць выплачана на працягу месяца.
Смартфон Рамана, кваліфікаваны як прылада злачынства, па рашэнні суда канфіскуецца на карысць дзяржавы. Суддзя папярэдзіў мужчыну, што яму забаронена пакідаць тэрыторыю краіны да таго часу, пакуль ён не адбудзе прызначанае пакаранне.