Што вядома пра сям’ю, якую вінавацяць у тэрарызме пасля нападу на дом Гайдукевіча

На дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» анансавалі чарговы фільм пад назвай «Неблагородное семейство». У ім збіраюцца расказваць пра людзей, якіх вінавацяць у тым, што яны закідалі кактэйлямі Молатава дом дэпутата Алега Гайдукевіча. 

Дэпутат Алег Гайдукевіч выступае ў Палаце прадстаўнікоў, архіўнае фота «Радыё Свабода»

Дэпутат Алег Гайдукевіч выступае ў Палаце прадстаўнікоў, архіўнае фота «Радыё Свабода»


Пра напад на дом Гайдукевіча стала вядома ў чэрвені. Дэпутат паскардзіўся, што ў дом прыляцела некалькі бутэлек з гаручым рэчывам, будынак цудам не загарэўся. Неўзабаве КДБ завёў па гэтым факце крымінальную справу за тэрарызм. Сёння стала вядома, што дзяржаўнае тэлебачанне пакажа затрыманых — яшчэ да вынясення прысуду.
Вольга і Віталь Вайцяховічы жылі ў Барысаве. 48-гадовая Вольга займалася нарошчваннем пазногцяў. Яе 56-гадовы муж Віталій працаваў на вытворчасці драўляных вокнаў. У іх трое дзяцей: дарослыя дачка і сын ужо ў шлюбах, жывуць асобна, малодшаму сыну, які жыў з імі, — 9 гадоў.
Сын Улад скончыў Вайсковую акадэмію, пасля жыў у Мінску. Ажаніўся, дзяцей пакуль не меў. Жонка Насця працавала прадаўцом у краме заатавараў. Уладу 26 гадоў, Насці — 24.
«Улад вучыўся на нейкую спецыяльнасьць, звязаную з унутранымі войскамі, пасля акадэміі служыў у Мінску. Я дакладна не ведаю дзе, глядзеў за салдатамі, штосьці такое, — расказала сястра хлопца Хрысціна. — Але пасля выбараў Улад звольніўся адтуль. Ён гаварыў, што яму цяжка знаходзіцца ў той абстаноўцы, гаварыў, што маральна не вытрываў. Цяпер працаваў звычайным таксістам».
Хрысціна ўзгадвае затрыманне родных.
«13 жніўня я спала дома. Мне пазванілі і сказалі, што маці затрымалі. Я спачатку нічога не зразумела. Разгубілася, нават не стала нічога ўдакладняць. Пачала званіць тату, Уладу, жонцы Улада — ва ўсіх недасяжныя тэлефоны. Тады я спалохалася, зразумела, што нешта не так».
Дзяўчына кажа, што не ведае дакладна, у чым абвінавачваюць яе сям’ю.
«Адвакаты сказалі, што яны пад падпіскай аб неразгалошванні, таму нельга нам гаварыць пра абвінавачанні. Да нас даходзяць чуткі і меркаванні, што там ці то тэрарызм, ці то замах на чалавека, але што канкрэтна — мы не ведаем. Нам нічога не кажуць».
Паводле «Радыё Свабода».