«Галоўны архітэктар Мінска параіў хутчэй забыць імёны ахвяраў», — аўтарка кнігі пра трагедыю на Нямізе

Праваабаронца і пісьменніца​ Паліна Сцепаненка (Качаткова) ўпершыню расказала ў інтэрв'ю Свабодзе пра тое, як стваралася кніга «Трагедыя на Нямізе».

ac911b79_46ba_467e_9d01_2be402039ca7_w1023_r1_s.jpg


20 гадоў таму, 30 траўня 1999 году, у цэнтры Мінска ладзілася свята піва. Надвор’е рэзка сапсавалася, пачалася навальніца з градам. Тысячы людзей кінуліся да метро, узнікла цісканіна. 53 чалавекі загінулі, 250 атрымалі траўмы. Бальшыня загінулых — маладыя людзі ад 14 да 20 гадоў.
Праз год выйшла кніга пра тыя падзеі — «Трагедыя на Нямізе».

Паліна Сцепаненка

Паліна Сцепаненка



«Як гэта можна забыць?»

— Ці ёсць у вас жаданне праз 20 гадоў пасля трагедыі на Нямізе перавыдаць вашу кнігу, дапоўніць яе?
— Гэта цікавая думка. Рабілі кнігу некалькі чалавек: я, Тацяна Равяка і Тацяна Сьнітко запісвалі сведчанні, Кастусь Тарасаў пісаў прадмову. Штогод, калі набліжаецца гэтая дата, звяртаюцца журналісты, пытаюць, ці ведаем мы, аўтары кнігі, пра лёсы герояў кнігі, пацярпелых альбо бацькоў. Прайшло 20 гадоў і, папраўдзе, думаць, што мы ўвесь час жывём героямі кнігі і адсочваем іхнае жыццё, не зусім правільна.

Чытайце таксама:

Беларуская Хадынка


Калі мы пачыналі рабіць кнігу, то было вельмі важна захаваць імёны і памяць гэтых людзей, якія загінулі на Нямізе. У 1999 годзе, адразу пасля трагедыі, журналістка Наталля Радзіна, якая тады працавала ў газеце «Навіны», узяла інтэрв'ю ў галоўнага архітэктара Мінска Аляксандра Чадовіча. Ён сказаў, навошта чужыя людзі павінны памятаць гэтыя імёны, гэта ж прыватнае. І чым хутчэй людзі, у тым ліку і сваякі, забудуць гэтыя імёны, тым будзе лепш. Гэта гучала непрыемна і дзіка.

209652cb_f16c_43cd_a9ee_f67b0bee020d_w1597_n_r0_st.jpg


Як гэта можна забыць? Гэта гісторыя. Загінулі 53 чалавекі. Тады горад быў поўны розных чутак, многія з якіх не пацвердзіліся. Вельмі шмат было негатыўных аповедаў пра марадзёрства, пра заніжаную колькасць загінулых, пра тое, як людзі забівалі адно аднаго ў натоўпе.
Да нас, у праваабарончы цэнтар «Вясна», тады звярнуўся вядомы скульптар Міхась Інькоў, бацька загінулай дзяўчыны. Ён хацеў разабрацца, што адбылося. Тады паўстала грамадская камісія расследавання прычын трагедыі.
Пасля сваякі загінулых стварылі Цэнтр сацыяльнай абароны «Няміга−1999». Было шмат чутак. Паводле адной з версій, у некага ў натоўпе была кінакамера, на якую паспелі зняць цісканіну. Бацькі хацелі знайсці гэтыя здымкі.

Медыкі выносяць ахвяру цісканіны на Нямізе, 30 траўня 1999

Медыкі выносяць ахвяру цісканіны на Нямізе, 30 траўня 1999


Уключыўшыся ў гэту працу, мы шмат часу праводзілі з бацькамі, у тым ліку слухалі і пра дзяцей, і пра тое, як гэта адбылося. І пра дарослых, якія там загінулі. Узнікла жаданне зрабіць кнігу, бо матэрыялу атрымалася багата. Гэта гісторыя людзей і гісторыя Мінска.
Думаю, што дзякуючы гэтай кнізе трагедыя на Нямізе стала больш зразумелай для нашчадкаў. Кнігу варта было б адлічбаваць і змясціць у інтэрнэт. Бо тады наклад быў абмежаваны, большую частку мы аддалі бацькам.

84a01fde_322b_4849_9265_165b753a8362_w1597_n_r0_st.jpg


— Дзякуючы вашай кнізе, напісанай па гарачых слядах, шмат што ўдалося задакументаваць. Бо нешта магло проста знікнуць, сцерціся з памяці, як тыя прозвішчы, што маглі не з'явіцца на помніку...
— Мы фіксавалі ўсе мары і спадзяванні гэтых людзей. Напрыклад, адзін хлопец хацеў стаць ксяндзом...
Наагул вакол трагедыі было шмат чутак і мітатворчасці. Мы сустракалі людзей у пераходзе метро на Нямізе (там збіралася ў першыя месяцы шмат людзей), якія казалі, што ў іх загінулі сваякі, а папраўдзе гэта было жаданне праспекуляваць на трагедыі і выклікаць да сябе нейкія пачуцці. Такія людзі хадзілі па могілках, сядзелі каля магілаў і прыкідваліся сваякамі загінулых.
Там шмат чаго было. І тое, што з'явілася кніга пра трагедыю на Нямізе — гэта вельмі важна.

Паліна Сцепаненка падчас працы над кнігай

Паліна Сцепаненка падчас працы над кнігай

​

«Гэта ўсё ж такі абвінаваўчы дакумент»

— Кніга выйшла ў Беларусі. Ці былі нейкія складанасці?
— Фактычна ў Беларусі выйшла, але ISBN літоўскі. Складана было, бо гэта ўсё ж такі абвінаваўчы дакумент. Хоць ніхто не знайшоў вінаватых, ні на кога пальцам не паказана. Але ёсць шмат нюансаў, якія сведчаць, што наша дзяржава да сваіх грамадзян ставіцца абыякава.
— Прадмова да кнігі называецца вельмі метафарычна — «Вечныя цені Нямігі». Як вы гэта ўспрымаеце?
— Кастусь Тарасаў пісаў, што душы палеглых такіх мясцін не пакідаюць. Яны чакаюць спачування і памятных слоў. Кастусь заклікае ўглядацца ў прастору гэтай плошчы, якая поўніцца таямнічымі ценямі, дзе стаяць і даўнія менчукі, і 53 новыя. Ён робіць гэтую трагедыю гістарычным фактам. А ня «дзікім, сумным выпадкам», як казаў архітэктар Чадовіч. Таму гэта наша гісторыя, і гэтая кніга таксама паслужыць гісторыкам будучыні. Гэта асабістая і агульнанацыянальная гісторыя.

Пахаванне адной з ахвяраў трагедыі, 16-гадовага Андрэя Кулака, 1 чэрвеня 1999

Пахаванне адной з ахвяраў трагедыі, 16-гадовага Андрэя Кулака, 1 чэрвеня 1999



«Яны скачуць па гэтых ружах»

— Ці спачування і памятных слоў дастаткова, ці не памяншаюцца яны з гадамі?
— Памяць хутка размылася. На месцы трагедыі, дзе мемарыял, збіраецца моладзь, яны скачуць па гэтых ружах. Гэта называецца «на ружачках сустрэцца». Неяк легкадумна да гэтага ставяцца, на роліках катаюцца. Мяне гэта непрыемна ўражвае, бо прайшло зусім мала часу.
— Што трэба рабіць, каб гэтага запабегчы?
— Тады, у 1999 годзе, бацькі загінулых прыходзілі ў школы і расказвалі, як сябе трэба паводзіць у натоўпе. Таму гэты выпадак трэба згадваць у школах, казаць, што такое натоўп і што трэба рабіць у такіх сітуацыях, бо гэта можа паўтарацца бясконца.

Дзяўчаты плачуць на месцы трагедыі, 31 траўня 1999

Дзяўчаты плачуць на месцы трагедыі, 31 траўня 1999



«Мяне ўразіла, што прадчуванне бяды было фактычна ў кожнай сям’і»

— Цягам году, калі вы рабілі кнігу, вы былі блізкія з бацькамі загінулых, практычна штодня. Што найбольш уразіла ў расповедах бацькоў і непасрэдных сведак трагедыі?
— Мяне ўразіла прадчуванне бяды фактычна ў кожнай сям’і. Такія містычныя знакі, якія сведчылі пра тое, што нешта павінна было адбыцца. Былі фатаздымкі з мёртвымі целамі, і ў мяне яшчэ быў сумнеў, ставіць іх ці не. Я пыталася ў бацькоў як яны да гэтага ставяцца, і ўсе былі не супраць публікацыі, бо такія здымкі дапамагаюць зразумець, што адбылося.

4f623654_38c9_4e87_8262_397e89bbc9bd_w1597_n_r0_st.jpg


— Дык была тут містыка ці нейкія рэальныя прычыны трагедыі?
— Вядома, не «стыхія», як казаў Лукашэнка. Па вялікім рахунку, былі вінаватыя міліцыянты, якія пусцілі людзей у гэты пераход. Іх не было ў тым месцы, у якім яны павінны былі быць. Яны не былі падрыхтаваныя, іхныя начальнікі былі некампетэнтныя.

«Яны дыхалі па чарзе»

— А што казалі людзі, якія самі былі ў пераходзе, апынуліся ў гэтай цісканіне і выжылі?
— Яны расказвалі значна лепшыя рэчы пра людзей, чым тыя, хто там не быў. Напрыклад, адна дзяўчына, якая выжыла, казала, што яны дамовіліся з суседзямі, што будуць дыхаць па чарзе. А ў свядомасці грамадскай было, што там усе адно аднаго душылі, тапталі. Людзі, якія выжылі, апавядалі пра тых, хто дапамагаў.
Адзін хлопец сказаў, што ён ляжаў у канцы гэтага «корка», дзе быў выхад метро. Ён казаў, што людзі там ляжалі, як сардыны. А далей была пустая прастора. І што з таго боку да яго падыходзіў міліцыянт, гладзіў па руцэ і супакойваў. Гэта быў для мяне дзіўны аповед, які паказваў, што тут было ўсё забіта, а там было ўжо вольна. ​

8d8e7ee3_e51c_4a5c_9549_346eb23d10a9_w650_r0_s.jpg


Дзяўчына ля сцяны з партрэтам ахвяры цісканіны на Нямізе, 30 траўня 1999 году


«Атрымаўся помнік»

— Як успрынялі тады кнігу?
— Па-рознаму. У нас была задача сабраць сведчанні пра кожнага з 53 загінулых. Мы аддавалі на аўтарызацыю, і часам людзі мянялі тэксты так, што яны пачыналі нагадваць некралог, хаця першапачаткова гаварылі вельмі эмацыйна і адкрыта.
І калі Святлана Алексіевіч у сваіх кнігах усё давала ў непрычасаным выглядзе, у нас быў галоўны прынцып — не нашкодзіць сваякам. Таму кніга атрымалася адрэдагаваная сваякамі. Калі б яна не была такая вычытаная, яна была б больш яркая і вострая.
Атрымаўся помнік. Мы не рабілі сабе на гэтым імя. У нас была задача расказаць пра кожнага. Мы гэта зрабілі.

Архіўнае фота. 10-я гадавіна трагедыі на Нямізе

Архіўнае фота. 10-я гадавіна трагедыі на Нямізе