Еўрадэпутаты заклікаюць знізіць візавы збор за шэнгенскую візу для беларусаў да «сімвалічнай сумы»

Дэпутаты Еўрапарламента заклікаюць Еўракамісію знізіць візавы збор за шэнгенскую візу. Гаворка пра гэта ідзе ў лісце, які група з 20 еўрадэпутатаў накіравала камісару па еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні Оліверу Вархею.

flag_es_evrosoyuz_20160216_bas_tutby_phsl_6600.jpg

Дэпутаты падкрэсліваюць важнасць паглыблення міжасобасных кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і дзяржаў-членаў ЕС, паведамляе TUT.BY са спасылкай на БелаПАН.

«У мінулым годзе, усяго за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, мы віталі пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі з Беларуссю, — гаворыцца ў лісце. — Тады ж мы выказалі заклапочанасць тым, што збор у 35 еўра за апрацоўку візавай заявы для беларускага народа пры мінімальнай зарплаце менш за 200 еўра — гэта выклік. Гэтую нашу перакананасць яшчэ больш умацавалі цяперашнія абставіны, якія ўключаюць у сябе жорсткасць і пераслед з боку рэжыму Лукашэнкі, што ў многіх выпадках прыводзіць да спынення працоўных стасункаў, адлічэнняў студэнтаў з навучальных устаноў і накладання вялікіх штрафаў або нават турэмнага зняволення за падтрымку дэмакратычных пратэстаў. Існуючы візавы збор ЕС для беларусаў, якія імкнуцца захаваць свае сувязі з ЕС, занадта высокі і павінен быць зніжаны да сімвалічнай сумы».

У лісце адзначаецца, што беларускія грамадзяне ў параўнанні з грамадзянамі іншых краін Усходняга партнёрства у 2018-2019 гадах атрымлівалі найбольшую колькасць шэнгенскіх віз на душу насельніцтва.

«Аднак у апошнія два-тры гады колькасць віз, што выдаюцца беларусам, скарачаецца. У сувязі з пандэміяй COVID-19 і палітычнай пастановай Лукашэнкі аб закрыцці беларускіх межаў для пасажырскіх перавозак з краінамі — чальцамі ЕС (Латвіяй, Літвой і Польшчай) прагнозы на будучыню не аптымістычныя, — гаворыцца ў лісце. — Мы просім вас звярнуць увагу на рызыку зніжэння міжасобасных кантактаў і прыняць актыўныя меры па падтрыманні і ўмацаванні эканамічных, культурных і навуковых сувязей беларускага народа з грамадзянамі краін ЕС. Зніжэнне візавага збору да сімвалічнай сумы ў кантэксце пагаршэння ўзроўню жыцця ў Беларусі стала б моцным сігналам падтрымкі Еўрапейскім Саюзам беларускага народа ў яго барацьбе за дэмакратыю. Гэта таксама дало б адпор прапагандзе рэжыму Лукашэнкі супраць ЕС».