Экстрадыцыя напалову. Расія выдае ў Беларусь спартсмена Кудзіна, але адпускае адміна «Ліды для жыцця»
Вядомага байца ММА Аляксея Кудзіна рыхтуюць для экстрадыцыі з Расіі ў Беларусь. Гэтую інфармацыю парталу TUT.by пацвердзілі дзве крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй. Паводле іх звестак, спартсмен нядаўна атрымаў дакументы на экстрадыцыю ў Беларусь.
Адвакаты Кудзіна рыхтуюць цяпер дакументы ў Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ).
Кудзіна затрымалі 10 жніўня на акцыі пратэсту ў Маладзечне. 21 жніўня яго адпусцілі, пачаўшы на яго крымінальную справу і прызначыўшы яму хатні арышт. Спартсмен уцёк з краіны і быў абвешчаны ў вышук. 21 студзеня стала вядома, што Кудзіна затрымалі ў Маскве па запыце беларускіх улад.
Ліст у яго падтрымку падпісалі больш за 300 беларускіх
спартсменаў. У Кудзіна пяцёра дзяцей — трое з іх прыёмныя.
Іншага беларускага пратэстоўца ў Маскве вызвалілі і не сталі
высылаць на радзіму. Як піша mediazona.by, Генпракуратура Расіі не будзе
экстрадзіраваць адміністратара тэлеграм-чата «Ліда для жыцця» Мікалая
Давідчыка. Пра гэта распавяла яго адвакатка Марыя Красава.
Давідчыка выпусцілі з СІЗА 28 красавіка, але на выхадзе зноў
затрымалі і адвезлі ў паліцыю. Там на яго склалі пратакол за парушэнне ўмоў
знаходжання замежніка ў Расіі. Паліцыя хацела выслаць яго, але Бутырскі раённы
суд толькі аштрафаваў Давідчыка на 5000 расійскіх рублёў і адпусціў дадому.
Давідчыка затрымалі ў Маскве 17 сакавіка. У Беларусі яго
вінавацяць у грубым парушэнні грамадскага парадку (артыкул 342 КК).
Паводле «Еўрарадыё».