Пратэсты ў Чэхіі: Падобна да таго, што Земан выконвае заданні Масквы
У Празе каля дзесяці тысяч чалавек выйшлі на маніфестацыю супраць прэзідэнта Чэхіі Мілаша Земана. Удзельнікі акцыі абвінавачваюць кіраўніка дзяржавы ў спрыянні расійскім інтарэсам.
Чэхі раззлаваныя, бо не лічаць, што іх прэзідэнт кажа праўду. Яны лічаць, што яго словы ідуць насуперак інтарэсам краіны і прычыняюць боль сваякам загінулых, паведамляе «Euronews».
Тыдзень таму Мілаш Земан пракаментаваў скандал у чэшска-расійскіх адносінах у сувязі з выбухам на складзе боепрыпасаў у 2014 годзе. Прэзідэнт заявіў, што ў следства ёсць дзве версіі: не толькі дачыненне замежных спецслужб, але і неасцярожнае абыходжанне з боепрыпасамі. У чэшскім жа ўрадзе дачыненне ГРУ называюць адзінай версіяй.
Лідар руху «Мільёны імгненняў за дэмакратыю» Беньямін Рол сказаў: «Спачатку ён маўчаў, а затым у сваёй прамове проста скапіраваў расійскую прапаганду, прарасійскую дэзінфармацыю: кінуў выклік чэшскім спецслужбам, пасеяў недавер. Гэта скандал».
Удзельнікі акцыі пратэсту і кажуць:
«Прэзідэнт на самой справе супрацоўнічае з расійскім урадам. Падобна да таго, што ён выконвае іх заданні».
«Ён дзейнічае насуперак Канстытуцыі і, відавочна, падтрымлівае інтарэсы Расіі».
Нагадаем, выбух на складзе боепрыпасаў у чэшскай вёсцы Врбеціцы ў кастрычніку 2014 забраў жыцці двух чалавек, бліжэйшыя населеныя пункты давялося эвакуяваць.
17 красавіка гэтага года чэшскія ўлады заявілі, што выбух быў арганізаваны ГРУ, і выслалі з краіны 18 расійскіх дыпламатаў, паведаміўшы, што гэта супрацоўнікі спецслужб пад прыкрыццём.
Мілаш Земан заклікаў дачакацца вынікаў расследавання «без істэрыкі і здагадак». Расія ў адказ абвясціла персонамі нон грата 20 чэшскіх дыпламатаў. У Крамлі назвалі пазіцыю Прагі «шызафрэнічнай» і спаслаліся на адсутнасць доказаў.