«Амерыканскія санкцыі — стратэгічная праблема для беларускай нафтаперапрацоўкі», — Таццяна Манёнак

Скарачэнне перапрацоўкі нафты і вырабу нафтапрадуктаў — гэта найперш вялікія страты для бюджэту краіны. Праблемы «Нафтана» пацягнуць за сабой і праблемы ў «Паліміра», і ў «Магілёўхімвалакно», распавяла «Свабодзе» Таццяна Манёнак.

540f225e_dfac_408b_9ff4_d3ddc54937d1_w1023_r1_s.webp

Аглядальніца газеты «Белрынак» Таццяна Манёнак аналізуе, як адноўленыя амерыканскія санкцыі паўплываюць на беларускую нафтаперапрацоўку і ці сапраўды расійскія кампаніі спыняць пастаўкі на «Нафтан».

— Цяпер актыўна абмяркоўваецца навіна, што з прычыны амерыканскіх пашыраных санкцый расійскія нафтавыя кампаніі могуць прыпыніць пастаўкі нафты на «Нафтан». Наколькі такі варыянт на сёння выглядае рэалістычным пры тым ці іншым развіцці падзей?

— Для мяне такая інфармацыя прагучала даволі нечакана. Хоць эксперты ўжо пісалі пра тое, што гэтым разам санкцыі ЗША маюць пашыранае значэнне. Гэта азначае, што пад іх могуць трапіць не толькі самі беларускія кампаніі, але і кампаніі, якія з імі супрацоўнічаюць. Таму гэта вельмі сур’ёзна для беларускай нафтавай галіны.

У першым квартале 2020 года ўжо была сітуацыя, калі не было паставак нафты ад буйных расійскіх кампаній і беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы зменшылі сваю магутнасць прыблізна на 50 працэнтаў. Але зрабілі ўсё, каб не спыніць тэхналагічныя працэсы на абодвух заводах, былі задзейнічаны ўсе нафтавыя рэзервы.

Тады, на пачатку мінулага года, беларускія ўлады актыўна займаліся пошукам альтэрнатывы. Па выніках студзеня-траўня 2020-га кожная пятая тона нафты, якая паступала ў Беларусь — гэта была альтэрнатыўная, не расійская нафта. Але цяпер сітуацыя зусім іншая. Бо амерыканскія санкцыі — яны ж доўгатэрміновыя. Мяне, праўда, трошкі дзівіць, што пра праблемы ў адносінах з «Нафтанам» заявіла, напрыклад, кампанія «Сургутнафтагаз», якая мае адносна невялікія пастаўкі ў Беларусь, 65 тысяч тон у квартал...

Ужо прагучала меркаванне, што гэтыя заявы расійскіх кампаній больш падобныя да пэўнага эканамічнага шантажу і палітычнага ціску. Бо раней, калі амерыканскія санкцыі дзейнічалі, гэта ніяк не замінала расіянам пастаўляць нафту. Да таго ж, адмыслоўцы заяўляюць, што можна прыдумаць нейкія схемы, рэгістраваць новыя прадпрыемствы і гэтак далей.

— Гэта цалкам рэалістычная версія. Бо на фоне палітычнага крызісу ў Беларусі Расія імкнецца дасягнуць сваіх палітычных мэт, прымусіць Лукашэнку падпісаць усе гэтыя «дарожныя мапы». З іншага боку, Расія інфармацыйна і палітычна падтрымлівае рэжым Лукашэнкі.

У любым выпадку, калі «Раснафта» вымушаная будзе спыніць пастаўкі нафты на «Нафтан», то гэта будзе сур’ёзны ўдар. Расійскім уладам даволі складана прымусіць расійскія нафтавыя кампаніі рабіць тое, што ім эканамічна нявыгадна ці б’е па іх міжнародным іміджы. Галоўным у такой сітуацыі будзе не дапусціць тэхналагічнага спынення «Нафтана». Трэба разумець, што Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод не пад санкцыямі.

— А чаму, дарэчы? Якая ў свой час была логіка ў санкцыях, што «Нафтан» пад іх трапіў, а Мазыр — не?

— Вы ж разумееце, што санкцыі былі ўведзены вельмі даўно, у 2007 годзе (прыпыненыя ў 2015-м). Магчыма, тады была логіка — найперш папярэдзіць Мінск пра магчымыя наступствы. «Нафтану» цяпер будзе няпроста працаваць, бо ў яго ёсць доўгатэрміновыя абавязкі перад замежнымі кампаніямі, напрыклад, украінскімі, нямецкімі. Скарачэнне перапрацоўкі нафты і вырабу нафтапрадуктаў — гэта найперш вялікія страты для бюджэту краіны.

«Раснафта», якая ўжо адчула санкцыйны эфект, працуючы ў Венесуэле, магчыма, і не захоча рызыкаваць і працягваць пастаўкі на «Нафтан». Іншыя, драбнейшыя кампаніі могуць павялічыць аб’ём сваіх паставак. Калі, вядома, не будзе чыннікаў, якія ім у гэтым перашкодзяць — эканамічных, палітычных.

— Вы казалі, што ў студзені-траўні 2020-га кожная пятая тона нафты, якая паступала ў Беларусь, — гэта была альтэрнатыўная, не расійская нафта. А потым зноў вярнуліся выключна да расійскай? Як цяпер выглядае магчымасць альтэрнатывы, улічваючы нядаўні візіт Лукашэнкі ў Азербайджан? Баку таксама не захоча трапляць пад санкцыйны ўдар амерыканцаў...

— Азербайджан пастаўляе нафту на Мазырскі завод. Тэарэтычна, яе частку можна па чыгунцы пастаўляць на «Нафтан», але гэта будзе даволі дорага. Ёсць кампаніі Гуцэрыева, якія відавочна не спалохаюцца санкцыйнага эфекту, ёсць іншыя дробныя расійскія кампаніі, якія не клапоцяцца пра свой імідж. У любым выпадку, у доўгатэрміновай перспектыве — гэта сур’ёзная стратэгічная праблема для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

Пакуль гэтыя два заводы перапрацоўваюць па 9 мільёнаў тон у год, хоць маглі б патэнцыйна перапрацоўваць па 12 мільёнаў. Але не хапае рынкаў, на якія можна прадаць гэтыя нафтапрадукты. Праблемы «Нафтана» пацягнуць за сабой і праблемы ў «Паліміра», і ў «Магілёўхімвалакно».

— А пакупнікі беларускіх нафтапрадуктаў на тым жа Захадзе могуць змяніць свае паводзіны з прычыны амерыканскіх санкцый?

— Ёсць схемы продажу, праз пэўную пляцоўку. Нафтапрадукты прадаюцца з пастаўкай да порта, дзе нейкая кампанія становіцца іх уласнікам. Што гэта за кампанія, ці спалохаецца яна санкцый — загадзя сказаць вельмі складана. Бо пакуль вопыту працы ва ўмовах гэтых пашыраных санкцый у Беларусі няма. Ранейшыя санкцыі былі іншыя, лягчэйшыя, яны тычыліся перш за ўсё разлікаў у доларах. Таму тады была рэкамендацыя, каб «Белнафтахім» пераходзіў на разлікі ў еўра, шукаліся пэўныя схемы.

Як гэта будзе выглядаць цяпер — цяжка сказаць. Але відавочна, што, калі гэтыя санкцыі другаснага ўзроўню рэальна запрацуюць, — гэта будзе стратэгічная праблема для беларускай нафтаперапрацоўкі. Асабліва калі да санкцый падключацца ўкраінскія кампаніі. На сёння я сумняюся ў гэтым, бо ўкраінскі рынак вельмі сур’ёзна залежыць ад беларускіх нафтапрадуктаў. Кожная краіна, кожны рынак будзе ўзважваць патэнцыйныя страты ад таго, ці падпарадкоўвацца амерыканскім санкцыям, ці не.

Пакуль няма ніякіх каментароў ад афіцыйных беларускіх асоб, хоць эксперты пісалі і папярэджвалі пра магчымы эфект. Калі я размаўляла з беларускімі прадстаўнікамі, яны казалі, што наконт гэтага пакуль працягваюцца перамовы з расійскімі кампаніямі.