Набліжаецца татальная зачыстка любой публічнай крытыкі дзяржорганаў і сітуацыі ў краіне

Палітычны аналітык Андрэй Елісееў выказаўся наконт анансаваных зменаў у крымінальным заканадаўстве.

depositphotos_150234850_stock_illustration_pop_art_blond_girl_covering.jpg

— Паведамляецца аб падрыхтоўцы беларускімі дзяржорганамі сапраўды драконаўскіх змяненняў у заканадаўства, піша Андрэй Елісееў. — У прыватнасці, аб планах неверагодна пашырыць дзеянне артыкула КК 369-1:

«Наўмыснае распаўсюджванне ў любой форме загадзя ілжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным або міжнародным становішчы РБ, накіраванае на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы РБ, прапануецца караць арыштам або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў».

Калі гэта будзе прынята ў такім выглядзе, улічваючы яшчэ і бязмежную прававую практыку, то фактычна адбудзецца забойства аналітычнага жанру ў недзяржаўных онлайн-СМІ, а таксама выпусташэнне працы незалежных даследчых цэнтраў любога кшталту.

Справа ў тым, што пры такой размытай фармулёўцы і пры вольным тлумачэнні судовымі органамі, ледзь не любы крытычны і непажаданы ўладамі экспертны каментар можна будзе падвесці пад дзеянне артыкула.

Усім вядома абсурдная крымінальная справа ў дачыненні да журналісткі TUT.BY Кацярыны Барысевіч і лекара бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Арцёма Сарокіна, якія апавясцілі грамадскасць аб адсутнасці алкаголю ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі.

А раз так, то дзяржорганам нічога не будзе каштаваць прыцягваць за вушы зменены артыкул КК да любой непажаданай ацэнкі сацыяльна-эканамічнай або палітычнай сітуацыі ў краіне.

Эканаміст залішне пакрытыкаваў адсталую сістэму сацыяльнага забеспячэння ў Беларусі ў сваім артыкуле, палітолаг або прававед растлумачыў у радыёпраграме, чаму беларуская Канстытуцыя — фікцыя, міжнароднік выказаўся пра правал знешняй палітыкі ў каментары для СМІ або ў сваім блогу — усіх іх тады могуць пры жаданні абвінаваціць у «наўмысным распаўсюдзе загадзя ілжывых звестак». І ніякія спасылкі на аб'ектыўныя лічбы і навуковыя аргументы не дапамогуць.

Сапраўды гэтак жа, як не дапамагаюць шматлікім затрыманым відэаматэрыялы, якія адназначна абвяргаюць версіі пра час, месцы і абставіны іх затрымання, а ахвярам катаванняў не дапамагаюць дакументальна зафіксаваныя спецыялістамі характарыстыкі нанесеных ім пашкоджанняў (усе выдумалі і «мазалі фарбай» — так сказалі зверху).

Праз такія змены ў заканадаўства плануюць выпаліць ўсялякую аб'ектыўную ацэнку падзей у краіне ў онлайн-СМІ, зачысціць цяпер ужо і онлайн-прастору. Уся, нават навукова і факталагічна абгрунтаваная, крытыка рызыкуе сысці выключна ў ананімныя ТГ-каналы.