Джон Сільвер абскарджвае экстрэмізм сайта 1863x.com
Эдуард Пальчыс — заснавальнік і аўтар 1863x.com — накіраваў скаргу ў Мінскі гарадскі суд. Ён не згодны з рашэннем суда Цэнтральнага раёна, які прызнаў дзевяць артыкулаў ягонага сайту экстрэмісцкімі.
Эдуард Пальчыс лічыць, што суд прыняў сваё рашэнне без даследаваньня саміх артыкулаў, прызнаных экстрэмісцкімі, паведаміла Свабодзе Вікторыя, жонка Пальчыса.
Таксама Эдуард у пісьмовым выглядзе прасіў суд запрасіць яго на судовае пасяджэнне 25 жніўня, паколькі разгляд заявы Следчага камітэта па сайце 1863x.com непасрэдна закранае правы Пальчыса як у гэтай справе, так і ў крымінальнай.
Суддзя Марына Казлова 25 жніўня паведаміла, што Эдуард быў належным чынам апавешчаны пра дату слухання, але ў судзе не з'явіўся. Таму суд прыняў рашэнне разглядаць справу без яго.
«Тут відавочнае парушэнне яго правоў, — сказала Вікторыя Пальчыс. — Важна, каб гэта было ўсім вядома».
Зараз Мінскі гарадскі суд будзе разглядаць скаргу пра няслушнасць прынятага рашэння. Тое, што ў артыкулах знайшлі экстрэмізм, ёсць доказам для крымінальнай справы таго, што Эдуард Пальчыс экстрэміст.
Па словах Вікторыі Пальчыс, Эдуарда працягваюць утрымліваць у СІЗА ў Жодзіне. Дата пасяджэння па крымінальнай справе яшчэ не вядомая.
Паводле svaboda.org