Дзікоў знішчылі. Цяпер замежным паляўнічым прапануюць ласёў, аленяў і казуляў
У Беларусі істотна абмежавалі паляванне на дзікоў, паведаміў міністар лясной гаспадаркі Беларусі Міхаіл Амельяновіч.
«Раней у Беларусь прыязджала шмат расійскіх паляўнічых на дзіка. Яны куплялі ліцэнзіі, палявалі і такім чынам нядрэнна падтрымлівалі эканоміку нашых лясгасаў. Аднак праз пэўны час мы заўважылі, што дзікоў засталося ўжо няшмат. Таму сёлета акцэнт у паляванні змяніўся. Мы прапануем іншаземцам паляванне на ласёў, аленяў і казуляў».
Міністр адзначыў, што з увядзеннем бязвізавага ўезду ў Беларусь для іншаземцаў на 5 дзён да нас пацягнуліся паляўнічыя з заходніх краінаў.
«Сезон афіцыйна адкрыўся 1 верасня, а мы ўжо ведаем, што цяпер у нашых лясах палююць 25 іншаземцаў, якія скарысталіся новай магчымасьцю ўезду ў Беларусь».
Паводле міністра, у беларускіх лясах налічваецца больш за 9 тысяч ласёў, 6,5 тысячы аленяў і 22 тысячы казуляў.
За апошнія тры гады ў Беларусі вынішчана амаль 100 тысяч дзікоў. Рашэнне аб масавым вынішчэнні дзікоў было прынятае ў 2013 годзе, калі ў Гарадзенскай і Віцебскай абласьцях з'явілася афрыканская чума свіней. На пачатак кампаніі вынішчэння ў 2013-м іх налічвалася 82,9 тысячы — знішчана амаль 97%.
Афрыканская чума свіней — віруснае захворванне, ад якога няма вакцыны. У хворай свіньні павышаецца тэмпература цела да 40–42 градусаў, яна кашляе, ногі паралізуе. Цягам 2 дзён свіньня памірае. Людзям афрыканская чума свіней не пагражае.
Паводле svaboda.org