Дзень настаўніка на тле моўнай дыскрымінацыі

У першую нядзелю кастрычніка ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Дзень настаўніка. Гэта прафесійнае свята для звыш 200 тысяч выкладчыкаў, якія навучаюць і выхоўваюць каля 2 мільёнаў школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў.   



adukacyja_shkola.jpg

Беларускамоўнае віншаванне накіраваў сваім калегам міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў:

— Гэта адна з самых гуманных, высакародных і патрэбных прафесій. Развіццё любой дзяржавы, яе месца ў свеце залежыць ад ступені адукаванасці грамадства, таму праца педагога — праца духоўнага сейбіта: з пасеяных ім зярнятак асветы, дабра і мудрасці вырастае чалавек сённяшняга і заўтрашняга дня. Кожная сям’я ў гэты дзень выказвае словы глыбокай удзячнасці і павагі настаўнікам, выхавацелям — тым, хто кожны дзень аддае свае веды і душу нашым дзецям і ўнукам.

200 тысяч выкладчыкаў Беларусі працуюць больш чым у 8 тысячах адукацыйных установах, абсалютная большасць якіх — рускамоўныя.

Згодна з інфармацыяй Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у вышэйшых навучальных установах Беларусі на беларускай мове навучаліся 300 студэнтаў — гэта 0,1% ад агульнай колькасці. У 2013/2014 іх было ўдвая больш — 600 чалавек.

У дашкольных установах адукацыі на рускай мове выхоўваюцца больш за 90% дзяцей — 368 тысяч.

Лічбы па ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі: колькасць навучэнцаў, якія вывучаюць усе прадметы на беларускай мове, за апошнія гады знізілася ад 19% да 14%. Калі ў 2001–2002 навучальным годзе вучняў, якія атрымліваюць адукацыю на беларускай мове, было больш за 400 тысяч, то ў 2014–2015 гадах засталося ўсяго 135 тысяч.  Толькі ад 2010 года да 2015-ы колькасць беларускамоўных вучняў скарацілася на 43 тысячы. У асноўным беларускія школы засталіся ў сельскай мясцовасці, але з кожным годам яны скарачаюцца з прычыны нізкай укамплектаванасці вучнямі.

У гарадах сітуацыя з выкладаннем на беларускай мове ў школах катастрафічная. У Менску толькі 5 гімназій і 1 школа паводле сваіх статутаў маюць беларускую мову навучання, а ў абласных цэнтрах і буйных гарадах няма ніводнай цалкам беларускамоўнай школы.

У Гародні ў сезоне 2014/2015 у дзвюх школах і гімназіі навучаліся па-беларуску 26 дзяцей. Пры тым, што да сярэдзіны 1990-х каля 80% гарадзенскіх школаў былі беларускімі. У Магілёве — адзіны клас з беларускай мовай навучання, у якім адна вучаніца. У Віцебску і Гомелі беларускамоўныя класы адсутнічаюць наогул. У Берасці ўпершыню ў гэтым навучальным годзе адчынілі клас з беларускай мовай навучання, у які ходзяць чатыры хлопчыкі.

Гэтаксама назіраецца тэндэнцыя скарачэння колькасці ахвотных здаваць моўны тэст па-беларуску: у 2015 годзе беларускую мову здавалі толькі 24% выпускнікоў, 76% абіралі рускую мову. Пры тым, што яшчэ ў 2007 годзе суадносіны былі значна больш парытэтнымі: 42% выпускнікоў здавалі тэст па беларускай мове і 58% па рускай.

 

www.svaboda.org