Гомельская праваабаронца ўзняла тэму неўласцівай для настаўнікаў працы, якой іх прымушаюць займацца
Сябра Беларускага Хельсінскага камітэта Марыя Клімовіч пісьмова звярнулася ў Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі. Да Дня настаўніка праваабаронца ўзняла тэму неўласцівай для настаўнікаў працы, якой іх прымушаюць займацца.
«Хачу звярнуць вашу ўвагу на вялізную праблему, аб якой не прынята гаварыць з высокіх трыбун. Неабходнасць абследаваць жыллёва-бытавыя ўмовы навучэнцаў і кантраляваць так званыя праблемныя сем'і наносіць маральную шкоду годным настаўнікам, — піша Марыя Клімовіч. — Адна з самых жахлівых сітуацый — пастаноўка на ўлік у якасці сем'яў, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы ў выпадках, калі бацькі маюць запазычанасці па камунальных паслугах. Дзяржава бярэ ў заложнікі дзяцей рукамі работнікаў адукацыі. Як жа тут не ўпасці прэстыжу прафесіі! Калі ж гаворка ідзе пра рэцыдывістаў і хранічных алкаголікаў, то імі павінны займацца праваахоўныя органы. Гэта проста бессаромна — перакладваць міліцэйскія функцыі на безабаронных людзей».
У канцы ліста праваабаронца заклікае прафсаюз дамагацца вызвалення настаўнікаў ад такіх абавязкаў.
«Большасць педагогаў — людзі сумленныя і культурныя. Яны адчуваюць дыскамфорт, калі начальства патрабуе ад іх заглядаць у чужыя лядоўні і аказваць ціск на бацькоў вучняў. Чыноўнікі ж, відаць, не бачаць тут праблемы, бо адарваліся ад народа. Хочацца верыць, што прафсаюзныя работнікі яшчэ не цалкам адарваліся», — пракаментавала праваабаронца.