«Улада хоча стварыць краіну строгага рэжыму»
Палкоўнік юстыцыі, следчы ў асабліва важных справах аднаго з аддзелаў Следчага камітэту Іван Агееў (імя і прозвішча змененыя на яго просьбу) у размове са Свабодай расказаў, якія цяпер настроі ў сілавым блоку, чаму ніводзін праваахоўнік не пакараны за перавышэнне паўнамоцтваў і як ён успрыняў сваё з'яўленне ў спісе «карнікаў Беларусі».
«У пачатку выбарчай кампаніі тагачасны кіраўнік МУС Юры Караеў сустракаўся з супрацоўнікамі буйных аддзелаў унутраных спраў. Было сказана наступнае: „Вам можна ўсё. Не падвядзіце“. Нават у страшным сне не мог уявіць, што „ўсё“ — гэта літаральна ўсё». Дзейны праваахоўнік шакаваны маштабам гвалту.
«Свярбяць рукі распачаць крымінальную справу за гвалт»
«Ад самага пачатку працы ў сілавых структурах нам казалі: міліцыянт, следчы мусяць заставацца па-за палітыкай, — кажа кадравы сілавік. — Я згодны, але ў тым выпадку, калі выконваецца асноўны прынцып: кожны роўны перад законам. Толькі пры такім раскладзе супрацоўнік можа сказаць: я па-за палітыкай, бо на варце закону. Не важна, хто перада мной: злодзей, які нешта скраў; ці высокі чыноўнік, ці сілавік. На жаль, гэты прынцып, закладзены і ў Канстытуцыі, пачаў парушацца, калі прынялі новы Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Зьявіліся касты „недатыкальных“. Маецца на ўвазе асаблівы парадак завядзення крымінальных спраў адносна шэрагу асобаў — дэпутатаў, міністраў і г.д.».
У тым, што закон не для ўсіх аднолькавы, беларусы змаглі пераканацца падчас драматычных падзеяў адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў. Тысячы адміністрацыйных і крымінальных справаў супраць удзельнікаў мірных акцый і ніводнай — за беспрэцэдэнтны гвалт, учыненыя калецтвы і нават забойствы мірных грамадзянаў сілавікамі.
«У любога супрацоўніка павінна быць павага да закону. Бяз гэтага ня можа выконваць свае абавязкі ні міліцыянт, ні следчы, ні пракурор, ні суддзя. Калі лічыш, што маеш права ў нейкіх выпадках парушыць, то гэта злачынства. Шмат следчых абураны дзеяннямі праваахоўнікаў. Ёсць закон аб органах унутраных спраў, дзе вызначана ўжыванне фізічнай сілы, спэцсродкаў, зброі. Усе мае калегі сядзяць у тэлеграм-каналах, бачаць ролікі з разгонаў. І калі амапавец беспрычынна б’е нагой у твар, гэта перавышэнне паўнамоцтваў. У законе, у тым ліку, сказана: сілавік павінен імкнуцца прычыніць найменшы ўрон здароўю. Калі чалавек не супраціўляецца, навошта малаціць яго дубінкай?»
Дык чаму пакрываюцца злачынствы тых, у чые функцыі ўваходзяць зусім іншыя задачы — абарона грамадзянаў, а не дэманстрацыя гвалту?
«Працэсы не пачынаюцца толькі таму, што кіраўніцтва краіны цудоўна разумее: першая ж крымінальная справа супраць канкрэтнага супрацоўніка сілавых структураў стане пачаткам канца цяперашняй сістэмы. Бо той, хто будзе далей удзельнічаць у разгонах, ужо задумаецца: „Наступным у судовым канвееры магу стаць я“. Тым больш ёсць праграмы распазнавання твараў, схавацца ад правасуддзя складана. Асабіста ў мяне вельмі свярбяць рукі пры наяўнасці складу злачынства завесці крымінальную справу па факце гвалту з боку байцоў АМАП ці іншых падраздзяленняў», — адзначае ён.
Аднак, паводле суразмоўцы, сістэма ў літаральным сэнсе звязала рукі сваім сумленным падначаленым.
«Існуе пэўная працэдура: любое рашэнне мусіць узгадніць кіраўнік, — тлумачыць ён. — А з гэтым нюансы. І, хоць ёсць некаторыя працэсуальныя хітрасці, юрыдычныя пралазы, таму ж следчаму празмерная актыўнасць і прынятае рашэнне пагражае звальненнем ці непрацягненнем кантракту. І гэта ўжо адбываецца: у аднабаковым парадку спыняюцца службовыя пагадненні, нягледзячы ні на пасады, ні на чыны, ні на заслугі — ад следчага да намесніка кіраўніка ўпраўлення Следчага камітэту, такія факты ўжо ёсць».
«Выкарыстанне зброі ў крайніх выпадках і толькі па нагах»
Следчы Агееў не верыць, што крымінальныя справы супраць вінаватых у гвалце пры цяперашнім рэжыме магчымыя ў прынцыпе. Паводле ягоных звестак, праваахоўнікі атрымалі поўны карт-бланш на ўжыванне сілы. Адпаведна, з пункту гледжання кіраўніцтва дзяржавы некага караць за легалізаваныя «неабмежаваныя паўнамоцтвы» не зусім лагічна.
«На пачатку выбарчай кампаніі ўжо былы кіраўнік МУС Юры Караеў і ягоныя намеснікі сустракаліся з супрацоўнікамі буйных аддзелаў унутраных спраў. Было сказана прыкладна наступнае: «Вам можна ўсё. Не падвядзіце». На той момант, калі я гэта пачуў, зразумеў крыху інакш: усё, але ў рамках закону, дзе абсалютна зразумела прапісанае ў тым ліку выкарыстанне агнястрэльнай і траўматычнай зброі. У самых крайніх выпадках і толькі па нагах, каб прычыніць найменшую шкоду здароўю. А не прыцэльна ў галаву ці ў грудзі. Нават у страшным сне не мог уявіць, што будзе так, як мела месца ў жніўні і паўтараецца цяпер. Што „ўсё“ — гэта ў літаральным сэнсе „ўсё“.
Гарантыі беспакаранасці для сілавікоў Свабодзе пацвердзіў і адзін з былых супрацоўнікаў цэнтральнага апарату Генпракуратуры. Калі ў пачатку верасня на пасаду кіраўніка ведамства быў прызначаны Андрэй Швед, ад яго імя быў падпісаны «праграмны дакумент», у якім прызнавалася правамернасць гвалту і змяшчаўся пералік мераў для кожнага профільнага ведамства ў рэагаванні на розныя формы пратэстаў.
Паводле крыніцы, там распісана ўсё, што адбываецца проста цяпер. Фактычна дакумент пазбавіў магчымасці ініцыяваць пракурорскія праверкі кшталту той, што спрабавалі правесці ў справе пабітых байкераў. Як вынік, у знак пратэсту пачалі звальняцца аўтарытэтныя супрацоўнікі пракуратуры. Дакумент носіць грыф сакрэтнасці, кола доступу да яго моцна абмежаванае.
«Дзейная ўлада хоча стварыць краіну строгага рэжыму»
За амаль чатыры месяцы, пачынаючы ад 9 жніўня, амаль 32 тысячы чалавек затрымалі за «парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах». Зрэшты, у рамках прэзідэнцкай кампаніі актывістаў штабоў прэтэндэнтаў і кандыдатаў пачалі саджаць яшчэ раней, на этапе збору подпісаў і працэдуры рэгістрацыі.
Лічба рызыкуе імкліва расці і далей — асабліва на фоне «пікетавання на балконах» (вывешванне сцягоў), ініцыятывах пачынаць крымінальную справу за паўторны ўдзел у акцыі, павялічыць удвая тэрміны адміністрацыйных арыштаў і штрафаваць на 100 базавых велічыняў за выкарыстанне «незарэгістраванай сімволікі».
«Стэлефаноўваліся з сябрам, разам сканчалі акадэмію МУС. Юрыст паводле адукацыі, ён у шоку: крымінал ка за паўторны ўдзел у акцыі! Што вынікае? Сістэма хоча зрабіць краіну строгага рэжыму. Крок улева, крок управа — турма. А неўбазаве і расстрэл, калі будзем рухацца такімі тэмпамі. З другога боку, сам сабе думаю. Ну вось падпіша змены ў кодэкс той, хто трапіў на пасаду прэзідэнта сумнеўным шляхам, а мне давядзецца прыцягваць да адказнасці чалавека, які другі раз выйшаў на мітынг. Для сумленных службоўцаў гэта стане апошняй кропляй. І гледзячы, што адбываецца навокал, не здзіўлюся, што такія „навэлы“ і праўда могуць прыняць».
Як адзначае следчы, сёлетняя палітычная кампанія адкінула Беларусь на дзясяткі гадоў назад, калі ў ход шлі забойствы і выкраданні апанентаў. Сваякі па некалькі дзён не могуць знайсці сваіх схопленых родных, зброя і спецтэхніка супраць мірных грамадзянаў ператварыліся ў будзённасць. А забойства мастака Рамана Бандарэнкі стала кульмінацыяй беспакаранасці.
«Гэта жах... Калі нават у памяркоўных гарадках і мястэчках каля храмаў збіраюцца людзі, каб запаліць лампадкі пад партрэтам Ромы, гэта сведчыць пра людскі боль. Я не ведаю, што менавіта магу зрабіць у гэтай сітуацыі. Але маўчаць больш нельга. Мяне разбірае злосць, калі гляджу на такое беззаконне. І я прашу прабачэння перад усім беларускім народам за сваё юрыдычнае бяссілле. Ці заслужылі нашы людзі падобны здзек? На жаль, мы толькі па кабінетах ды на кухнях абуральна крычым. Што яшчэ павінна здарыцца, каб і следчыя сказалі сваё слова ды падняліся?» — задаецца ён рытарычным пытаннем.
Яшчэ адной адметнасцю своеасаблівага «дыялогу» ўлады і грамадства стала мэтанакіраванае паляванне на журналістаў. Ніколі яшчэ ў суверэннай гісторыі Беларусі не было столькі справаў паводле сумна вядомага артыкулу 23.34. Замест «ахоўнай граматы» камізэлька з надпісам «Прэса» і рэдакцыйны бэдж сталі мішэнямі — дзясяткі супрацоўнікаў СМІ аштрафаваныя, пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС, адбылі адміністрацыйныя арышты.
«Гэта ж глупства, — канстатуе палкоўнік юстыцыі. — Маўляў, такім чынам народ не ўбачыць, што сапраўды творыцца падчас разгонаў. Ужо шмат абмяркоўвалася і аналізавалася, таму ўсе цудоўна бачаць, якая мэта: будзе меней праўдзівай інфармацыі, дык градус актыўнасці астыне, пратэст садзьмецца і зажывём, як раней. Але не трэба спецыяльнай адукацыі, каб зразумець: як раней, пры гэтым рэжыме не будзе! Яго рэсурс выйшаў. Да таго ж заўсёды ёсць запасныя пляцоўкі, куды ўлада сама людзей і выштурхоўвае — тыя ж тэлеграм-каналы. Акрамя таго, сёння кожны сам сабе і блогер, і журналіст, і відэаапэратар, працэсу ўжо не спыніць».
«Многіх людзей у пагонах ужо не магу назваць сваімі калегамі»
Тысячы супрацоўнікаў сілавых структураў за свой ваяўнічы імпэт трапілі ў розныя «ганебныя спісы» — ад «Карнікаў Беларусі» да «Чорнай кнігі». У тым пераліку і наш суразмоўца. Як адбілася на маральным стане яго знаходжанне побач з амапаўцамі, байцамі ўнутраных войскаў, суддзямі? Ці моцна «зачапіла» такое суседства?
«Больш непакоіла, што адаб’ецца на сям’і. Калегі падыходзілі: маўляў, пішы заяву, пачнём праверку. Я адмовіўся, бо разумею логіку „партызанаў“. Не ведаю эфектыўнасці тых каналаў, але ў мяне няма на іх злосці. Людзі абураныя сістэмай у цэлым. Ды і я таксама ёю абураны. На жаль, яна даўно перастала працаваць, як павінна. І не я адзін, у спісе нямала тых, хто не вінаваты ў тым, што ім прыпісваюць. Што тычыцца следчых, яны ў асноўным там „за кампанію“. Пераважная частка выдатна ўсведамляе, што такое парушыць закон. Што да астатніх... Думаю, бальшыня на „дошцы ганьбы“ цалкам заслужана».
Палкоўнік юстыцыі кажа, што за апошнія месяцы кола ягоных кантактаў істотна звузілася. Найперш адваліліся тыя людзі ў пагонах, якія не толькі не паставілі пад сумнеў сілавыя акцыі, а дагэтуль лічаць іх «неабходнымі» для навядзення парадку. Або моўчкі пагаджаюцца.
«На жаль, многіх ужо не магу назваць сваімі калегамі, — катэгарычны ён. — З міліцыянтамі так ці інакш даводзіцца кантактаваць падчас працы, у расследаванні крымінальных справаў. І калі раней маглі пагаварыць на асабістыя тэмы — як жонка, дзеці, лецішча, рыбалка — дык цяпер цяжка перасіліць сябе, каб нават павітацца. Маё стаўленне да іх адназначнае: яны саўдзельнікі злачынства ўлады супраць беларускага народу. Не перабольшу, калі скажу, што, прынамсі ў камітэце, шмат хто падзяляе мой погляд і на падзеі ў краіне, і на ролю ў гэтым нашых былых знаёмцаў з органаў унутраных спраў».
Сам следчы Агееў падчас размовы схіляўся да таго, што пры канцы кантракту 31 снежня будзе яго апошні працоўны дзень у Следчым камітэце — хоць сябры і ўгаворвалі не рабіць паспешлівых крокаў. Хвалюе найперш тое, працягвае суразмоўца, што пачнуць набіраць не вельмі кампетэнтных супрацоўнікаў, так званых «сакратароў», якія, не задумваючыся, будуць выконваць загады, а не законы.
«Не застануся галодным без камітэту, больш хвалюе сумленне»
Ці разглядае ён магчымасць зьехаць з краіны, як гэта ўжо зрабілі некаторыя службоўцы? Унутраныя перакананні ды грамадзянская пазіцыя яўна вядомыя кіраўніцтву камітэту, а наступствы ў цяперашняй сітуацыі могуць быць непрадказальныя.
«Не хачу казаць высокіх словаў пра патрыятызм, але гэта мая краіна. Каб быў маладзейшы і бачыў за мяжой перспектывы, можа, і так. Але яшчэ магу быць карысным і на радзіме. Хай не ў праваахоўных органах, ёсць іншая праца, я не цураюся. З улікам апошніх падзеяў, безумоўна, разглядаў варыянты — ад публічнага звальнення да сыходу пасля заканчэння кантракту або перакваліфікацыі. Не баюся, што пакіну камітэт і застануся галодны. Не праблема зарабляць меней. Больш хвалюе сумленне. Я заўсёды зычыў калегам, каб маглі сказаць: „Гонар маю!“ Ва ўсе часы афіцэры былі асаблівай кастай — сумленныя, моцныя, высокаадукаваныя і культурныя. На жаль, адзін чалавек у імгненне ўсё запляміў».
Паводле суразмоўцы, за апошнія чвэрць стагоддзя вертыкаль улады цалкам разышлася ў цывілізацыйных памкненнях з уласным народам, асабліва з яго новай генерацыяй.
«Сённяшнія 25-гадовыя — зусім не тыя людзі, якія яго выбіралі. Мае бацькі, якім у 1994-м было, як мне цяпер, паверылі „свойскаму хлопцу“, вырашылі, што такі кіраўнік і патрэбен. Але час вясковага слэнгу мінуў. Цяпер за такога лідара сорамна. Законнае жаданне — каб з тэлевізара прамаўляў не „калгаснік“, у якога лексікон усё больш скочваецца на абразы, а адэкватны чалавек, які ідзе ў нагу з часам. Зразумела, чаму ён не саступае ўладу, хоць быў шанец спакойна сысці. Сёння людзі ўжо не даруюць забітых, пакалечаных, кінутых у турмы... Я ўпэўнены: пройдзе некалькі месяцаў — і час расставіць усё на свае месцы. Гонар, сумленне і здаровы сэнс перамогуць», — падсумоўвае палкоўнік юстыцыі Іван Агееў.
Многія супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія кінулі выклік сістэме, трапілі пад крымінальны пераслед і наступны фізічны ды маральны прэсінг. Не выключае для сябе падобнага развіцця падзеяў і спрактыкаваны следчы — не з размоваў ведае пра надзвычайную помслівасць сілавікоў.