Дыядэма для Монтэ-Касіна
70 гадоў таму 88-я пяхотная дывізія ЗША ўвайшла ў Рым. Марш на сталіцу Італіі стаў магчымым пасля бітвы пад Монтэ-Касіна. Мастак Алесь Цыркуноў аддаў належнае беларусам, што спачываюць пад кляштарнай гарою на месцы бітвы.
Панарама ад польскіх мемарыяльных могілак на адноўленае абацтва і Монта-Касіна
Бітва пад Монтэ-Касіна была адной з найцяжэйшых бітваў Другой сусветнай вайны. Умацаваныя на “лініі Густава” і “лініі Гітлера” бліз горада Касіна нямецкія войскі са студзеня па канец мая трымалі жорсткую абарону.
Вырашальнай зрабілася чацвёртая наступальная аперацыя пад назовам “Дыядэма”, якая цягнулася з 12 па 18 траўня. Асаблівым гераізмам у ёй, апрача іншых удзельнікаў — брытанцаў, французаў, амерыканцаў, новазеландцаў і паўднёваафрыканцаў — вызначыўся Другі корпус польскай арміі генерала Уладзіслава Андэрса. Канчаткова пераламіў сітуацыю наступ на гору Монтэ-Касіна, з пануючым над мясцовасцю старадаўнім абацтвам, заснаваным св. Бенедыктам у 524 годзе, ля якога ўмацаваліся нямецкія жаўнеры. Нацысты былі вымушаныя пакінуць руіны кляштара ў ноч з 17 на 18 траўня. Увайшоўшы ў апусцелыя сцены, салдаты Дванаццатага палка польскіх уланаў вывесілі на мурах палкавы прапарчык, а затым польскі сцяг.
Монтэ-Касіна пасля бамбавання авіяцыяй саюзнікаў на 1 этапе штурму 15 лютага 1944 г.
Потым да яго дадалі брытанскі штандар. Так перамога пад Монтэ-Касіна зрабілася сімвалам мужнасці польскіх воінаў у Другой сусветнай вайне. Польскі ўрад у выгнанні Сікорскага выпусціў адмысловую ўзнагароду “Крыж Монтэ-Касіна”, паэт Фелікс Кангарскі ўшанаваў памяць палеглых палякаў песняй-гімнам “Чырвоныя макі на Монтэ-Касіна”. А ля падножжа манастыра ўзніклі мемарыяльныя польскія могілкі; амерыканскія і французскія ваяры знайшлі спачын на асобных нацыянальных мемарыялах, іншыя — на агульным пахаванні для салдат Садружнасці нацый.
Цяпер пра “беларускі фактар”. Генерал Андэрс, народжаны ў польска-нямецкай сям’і, колішні капітан генеральнага штабу арміі Расійскай імперыі, потым начальнік штаба Усходняй арміі ІІ Рэчы Паспалітай у вайне з Чырвонай Арміяй, амаль аўтара дзесяцігоддзі правёў у Беларусі. Да Другой сусветнай вайны ён кіраваў Навагрудскай коннай брыгадай. А ў створанай у СССР падчас вайны Польскай арміі (75,5 тысяч вайскоўцаў), якая потым высунулася на італьянскі фронт праз Іран і Палесціну, каля трэцяй часткі складалі выхадцы з Заходняй Беларусі і Украіны.
І сярод ахвяр пад Монтэ-Касіна, з 924 палеглых герояў Другога польскага корпусу — значацца 264 (па іншых падліках — 180) беларусы. Памятны Крыж атрымалі 10 000 жаўнераў, каля 1 000 вярнулася па вайне ў Беларусь, каб у ноч на 1 сакавіка ў складзе 4 250 “андэрсаўцаў”, што пасяліліся ў СССР, пад пільным наглядам НКУС адправіцца ў Сібір і Казахстан. Памяці іх, беларускіх герояў эпахальнага супрацьстаяння саюзнікаў з нацыстамі, прысвечана даследаванне Юрыя Грыбоўскага “Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна” (выйшла 10 год таму ў бібліятэцы “Бацькаўшчыны”). У 2007 годзе, у чарговую гадавіну, пахаванні ўшанавала Амбасада Беларусі ў Італіі.
Алесь Цыркуноў: бел-чырвона-белыя стужкі і кветкі да беларускіх пахаванняў
На 70-я ўгодкі бітвы аддаць належнае праз арганізацыю мастацкага пленэру героям-землякам, што спачываюць пад кляштарнай гарою на месцы бітвы, вырашыла мастацкае аб’яднанне “Пагоня” з ініцыятывы вядомага жывапісца Алеся Цыркунова. Днямі ўдзельнікі паездкі вярнуліся ў Беларусь і падзяліліся з “НЧ” сваімі ўражаннямі.
Алесь Цыркуноў:
— …Як вядома, сёлета споўнілася 70 год лёсавызначальнай бітвы ў Другой сусветнай вайне, — бітвы за Монтэ-Касіна.
У баталіі бралі ўдзел прадстаўнікі антыгітлераўскага альянсу дзяржаў Захаду і Амерыкі, і значную ролю адыграла Польская армія, у складзе якой налічвалася значная колькасць жаўнераў беларускага паходжання. Калі шматлікія спробы авалодаць непадступным умацаваннем не далі станоўчага выніку, бо лініі “Густава” і “Гітлера” складалі дасканалы неадольны рубеж, камандаванне авалодаць плацдармам перадалі генералу Андэрсу. Ён, як і шмат іншых ягоных суайчыннікаў, зусім нядаўна рэпрэсаваных, але адпушчаных са сталінскага рабства на вайну, выказвалі нясцерпную прагу стаць на барацьбу з нацысцкай Германіяй і абарону зняволенай Айчыны. І з належным гонарам і годнасцю выканалі сваю місію.
Сярод палеглых у сечы за Монтэ-Касіна ад 12 да 18 траўня 1944 года больш за 2000 ваяроў, багата нашых землякоў. Пераацаніць іх геройскі чын немажліва. Чым далей ад нас тыя крывавыя падзеі, тым выразней асэнсоўваецца іх значнасць і дачыненне да сённяшніх і заўтрашніх дзён.
Усведамляючы Монтэ-Касіна як урок гісторыі, прастаўлены беларусам Усёмагутным творцам для спасціжэння ўласнай сутнасці і місіі між народамі, сумна бачыць, што пакуль ён не засвоены як след нашым грамадствам. Таму, каб рассеяць змрок самазнявагі і бяспамяцтва, засяродзіць увагу людзей на гераічнай старонцы мінулага, суполка “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў вырашыла здзейсніць выправу ў згаданыя мясціны. Мы абралі традыцыйны для мастакоў падыход — арганізавалі пленэр для збору інфармацыі і выяўленчых занатовак, якія потым увасобім у сваіх творах.
Удзельнікі пленэру ў Монтэ-Касіна
Правесці першы выязны пленэр у Італіі аказалася складана. Шчыра ўдзячны за візавую падтрымку (пры пасярэдніцтве Руху “За Свабоду”) Польскую амбасаду, а за арганізацыю пражывання ў другой кропцы маршруту, Рыме, і вырашэнне іншых важных пытанняў — архімандрыта грэка-каталікоў Беларусі а. Сяргея Гаека. З бласлаўлення апошняга ў апостальскай сталіцы намі апекавалася цудоўная беларускамоўная грэка-каталіцкая манахіня Вікторыя, былая гамяльчанка. Сціплыя магчымасці звузілі кола ўдзельнікаў нашай паездкі. Акрамя мяне і Міколы Купавы з “Пагоні” ў паездку выправіліся сябра Саюза майстроў Беларусі Юрась Камандзірчык, выхаванец мастацкага ліцэя Вітаўт Купава і выпускніца БАМ, яна ж перакладчыца, Наста Цыркунавічанка, якая зараз жыве на поўначы Італіі.
Працуючы на месцах баёў, робячы накіды, збіраючы належны матэрыял, мы, натуральна, не забыліся належным чынам ушанаваць месца мемарыяльнага пахавання на Монтэ-Касіна. Бел-чырвона-белыя стужкі на крыжах і сціплыя кветкі на магільных плітах зрабіліся прывітаннем палеглым землякам з далёкай Радзімы.
Спадзяюся, мабільны мастакоўскі дэсант з часам прынясе належны і доўгачаканы плён. Таму да выканання адпаведных твораў запрашаю ўсіх, хто мае Боскае пакліканне і разумее сутнасць падзеі, каб да наступнай гадавіны бітвы наладзіць мемарыяльную выставу. Пакрысе вяртаецца Надзея: нацыя ачомаецца і здужае зачараваны одум, які дастаўся нам бы таўро на згубу ад антыхрыстаў мінулай эпохі. Завітаўшы ў Рыме ў велічны сабор св. Пятра, мы горача маліліся пра тое пры труне нябеснага апекуна беларусаў — св. Язафата Кунцэвіча…
З гасціннай манахіняй-беларускай Вікторыяй у Рыме