«Ды ты ўкраінец!» У Польшчы збілі кур'ера-беларуса, яго чакае аперацыя

Аляксандр (імёны герояў у тэксце зменены) нядаўна ўладкаваўся працаваць кур'ерам. Чацвер, 17 жніўня, быў яго другім працоўным днём. У той дзень ён дастаўляў пасылку ў краму Żabka ў горадзе Васількуў недалёка ад Беластока. Нечакана на яго накінуўся мужчына. У выніку ў хлопца зламаны нос, яго чакае аперацыя. Маці Аляксандра распавяла выданню MOST, што адбылося.

Ілюстрацыйны здымак Maxim/Unsplash

Ілюстрацыйны здымак Maxim/Unsplash

«Аддай мой пачак»

Галіна з сынам жывуць у Беластоку ўжо год. Нядаўна хлопец знайшоў працу кур'ерам у кампаніі DHL. 16 жніўня ён падпісаў дамову і адправіўся па сваім першым маршруце. У гэты ж дзень здарыўся першы канфлікт з мужчынам, які пазней зладзіць бойку.

— Сын даставіў пасылку па адрасе, патэлефанаваў у дзверы, але яму ніхто не адчыніў. Таму ён перавёў пасылку на дастаўку на наступны дзень — такая інструкцыя. Праз нейкі час майго сына дагнаў мужчына і пачаў крычаць: «Аддай мой пачак (ад польскага пасылка)». Сын адказаў, што дастаўка ўжо перанесена на заўтра. Мужчына пачаў на яго мацюкацца, называць украінцам, казаць, што ён такі-сякі. У выніку сын сеў у машыну і з'ехаў. Мужчына пасля гэтага тэлефанаваў яму некалькі разоў на мабільны і лаяўся, — распавядае Галіна.

На наступны дзень Аляксандр зноў паехаў па працоўным маршруце. Адна з даставак была ў краму Żabka. Калі хлопец вяртаўся да машыны, да яго на ровары пад'ехаў той самы мужчына і зноў пачаў пытацца: «Дзе мой пачак?»

— Сын адказаў, што трэба крыху пачакаць. Мужчына пачаў крычаць, што мой сын з Украіны, такі-сякі. Сын адказаў: «Я не з Украіны, я з Беларусі». Мужчына чамусьці кажа: «Ну раз з Беларусі, то нармальна». Але праз некаторы час ён зноў заладзіў пра Украіну, пра свой «пачак» і ўдарыў майго сына галавой аб машыну. Сын адказаў — ударыў у сківіцу. Пасля гэтага завязалася бойка.


Глядзіце таксама

«Яго сябар сказаў, што мой сын пачаў бойку»

Галіна адзначае, што яе сын заўсёды быў вельмі спакойным і нават у школе не ўдзельнічаў у бойках. Рост Аляксандра 182 сантыметры, вага каля 100 кілаграмаў, але жанчына дадае, што той мужчына быў «разы ў два большы за Аляксандра».

Падчас бойкі мужчына ўвесь час паказваў на тое, што Аляксандр з Украіны.

— Сын адказваў, што ён беларус. Мужчына спыняўся, прасіў прабачэння, але не праходзіла і двух хвілін, як ён зноў пачынаў нападаць са словамі: «Ды ты ўкраінец!». Ён, мабыць, трохі неадэкватны.

Усё скончылася тым, што Аляксандр сказаў, што выкліча паліцыю, на што мужчына прыгразіў яго забіць і паказаў нож. Беларус схаваўся ў машыне і патэлефанаваў калегу, каб той распавёў пра сітуацыю начальніку. У гэты час прадавец выклікала паліцыю і медыкаў.

— Начальнік сына прыехаў да гэтай хаты, прыехала паліцыя, хуткая. А праз некаторы час зноў падышоў той мужчына, але ўжо са сваім сябрам. На яго надзелі кайданкі, абшукалі, нажа не знайшлі. А яго сябар пачаў казаць, што ўсё бачыў і гэта мой сын першы напаў.

Аперацыя і пошук сведак

У Аляксандра засталіся гематомы, зламаны нос і зрушаная перагародка, перыядычна пачынаюцца крывацёкі, якія складана спыніць. Яго чакае аперацыя.

Галіна кажа, што камеры, якія былі ўсталяваныя каля крамы, нічога не зафіксавалі. Таксама пакуль няма сведак. Начальнік Аляксандра звярнуўся ў паліцыю і дапамагае з пошукам тых, хто мог нешта бачыць. Ён стварыў пост у адной з груп у Facebook.

Ёсць інфармацыя, што на дадзены момант мужчыну, які збіў Аляксандра, адпусцілі з паліцыі. Па словах Галіны, раней ён ужо сядзеў у турме.