Двум палітвязням змякчылі пакаранне

Праваабаронцы паведамляюць пра змякчэнне пакарання для двух палітвязняў — іх перавялі з «хіміі» на «хатнюю хімію». Гаворка ідзе пра мінчука Яраслава Збароўскага і жыхара Брэста Уладзіміра Шурубейку.

zbarovskij_shurubejko.jpg

Берасцейца Уладзіміра Шурубейку асудзілі на два гады абмежавання волі па артыкуле аб абразе прадстаўніка ўлады. Паводле версіі абвінавачвання ён у вайбер-чаце абразіў супрацоўніка КДБ Дзяніса Сямёнава. Мужчына пачаў адбываць пакаранне ў папраўчай установе з 1 жніўня, піша REFORM.by.

Мінчука Яраслава Збароўскага асудзілі на тры гады «хіміі» за ўдзел у падзеях у ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года каля гандлёвага цэнтра «Рыга» ў Мінску. Ён на працягу сямі месяцаў знаходзіўся ў СІЗА, пакаранне ў папраўчай установе пачаў адбываць з 20 жніўня.

Паведамляецца, што змякчэнне пакарання было прынята ў выніку памілавання.