«Дварэц»

Загадкавы аб'ект на праспекце Пераможцаў, пра які доўга было невядома, чым ён будзе, працягвае інтрыгаваць. На яго фасадзе то ўзнікаюць, то знікаюць літары. Адбываецца гэта па начах...



dsc_5064.jpg

Загадка ўжо нібыта была амаль раскрытая, калі журналісты заўважылі зроблены на фасадзе надпіс на рускай мове: «НЕЗА...МОСТИ резиден...бел». Для тых, хто глядзеў тэлегульню «Поле цудаў» і разгадваў крыжаванкі ў газетах, няцяжка было цалкам расшыфраваць надпіс. Заставалася незразумелым толькі тое, чаму галоўная шыльда краіны зроблена на мове тытульнай нацыі дзяржавы-суседкі. Як быццам мы — не суверэнная краіна, а якая-небудзь федэральная акруга. 

Але ў ноч з чацвярга на пятніцу, акурат напярэдадні Дню славянскай пісьменнасці і культуры, які адзначаецца 24 мая, невядомым чынам надпіс знік. Гэта заўважыў карэспандэнт «Еўрарадыё». Цяжка сказаць, ці будзе гэты дзіўны эпізод апошнім у ланцугу інтрыг вакол недабудаванага сакрэтнага аб'екта, але зацікаўленая грамадскасць спадзяецца, што шыльда стане больш адпавядаць статусу рэзідэнцыі кіраўніка незалежнай дзяржавы. А калі-небудзь у будучыні, магчыма, выправяцца не толькі шыльды...

Па стане на 17:00 пятніцы інтрыга захоўваецца. Журналіст Дзмітры Брушко сфатаграфаваў новыя літары на фасадзе загадкавага аб'екта. І яны не дадаюць яснасці. Што б гэта магло значыць?

zagadka(1).jpg