Другі пайшоў! У Гомелі яшчэ адзін «дармаед» звярнуўся ў суд
Непрацуючы жыхар Гомеля Віктар Рубцоў, сын вядомага палітвязня Юрася Рубцова таксама праз суд вырашыў даказаць удзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў.
Ён аплаціў дзяржпошліну і падаў у суд Цэнтральнага раёна Гомеля скаргу, у якой просіць прызнаць яго ўдзельнікам у фінансаванні бюджэту і не ўжываць да яго палажэнні Дэкрэта №3 пра "дармаедаў".
Атрымаўшы так званы “ліст шчасця”, 37-гадовы мантажнік вакон ПВХ шукаў праўду ў раённай і абласной інспекцыях МПЗ, аднак там толькі развялі рукамі — раз не працаваў, значыць плаці. Не хочуць чуць у падатковых і пра сплату спажыўцамі тавараў і паслуг падатку на дабаўляную вартасць (ПДВ), які кожны з нас сплочвае ў незалежнасці ад занятасці.
"На працягу ўсяго 2015 году я заплаціў зямельны падатак, дзяржпошліну за замену пашпарта, за натарыяльнае перафармленне жылога дома, за пасведчанне кіроўцы, штомесяц выплачваў ПДВ за карыстанне мабільнай сувяззю, такім чынам, я ўдзельнічаў у фінансаванні дзяржвыдаткаў. Менавіта гэтую пазіцыю я маю намер адстойваць у судзе", — падзяліўся з “Гомельскай Вясной” другі “дармаед”.
Прававы інспектар прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка, якога ўлада трапна назвала адвакатам “дармаедаў”, дапамог Віктару Рубцову скласці скаргу ў суд. Ён адзначыў, што негледзячы на тое, што суд адмовіўся разглядаць першую “дармаедскую” справу па сутнасці, грамадзяне будуць патрабаваць абароны сваіх правоў у судовым парадку.
"З кожнага патрачанага ў краіне рубля, у бюджэт паступае 20 капеек падатку ў выглядзе ПДВ, а гэта значыць, няхай і ўскосна, кожны з нас удзельнічае ў фінансаванні дзяржбюджэту. Нас не цікавіць пазіцыя падаткавікоў на конт таго, што грамадзяне не плацяць ПВД, бо гэтая пазіцыя не ўтрымлівае ніякой крытыкі", — заявіў прафсаюзны юрыст.
Леанід Судаленка дабавіў, калі ўлада вызваліла ад падатку першага “дармаеда” і тым больш працаўладкавала яго, няхай зараз займаецца такім чынам з кожным чалавекам, якога назвала “дармаедам”. Калі суд адмовіцца разглядаць скаргу па сутнасці, тады акрамя прымусовай працы можна будзе заяўляць яшчэ і аб парушэнні права на судовую абарону сваіх правоў.
Гомельская вясна