Допуск на Алімпіяду ў абмен на вызваленне. Латушка прапанаваў варыянты вызвалення палітвязняў
Ад рэпрэсій у Беларусі пацярпелі каля 136 тысяч чалавек. Ціск на рэжым Лукашэнкі працуе недастаткова эфектыўна, аднак адмова ад санкцый была б няслушнай стратэгіяй, выгаднай у тым ліку для Расіі. Аднак некаторыя саступкі можна было б прасоўваць дзеля вызвалення хаця б часткі палітвязняў. Пра гэта заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка на слуханнях Каардынацыйнай Рады па палітвязнях.
— Паводле звестак Цэнтра права і дэмакратыі (Justice Hub) з траўня 2020 да траўня 2023
года ахвярамі злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці сталі не менш
за 136 тысяч чалавек, — цытуе
Латушку «Люстэрка». — Ці можам мы сказаць, што ціск сёння
дастаткова магутны, каб вызваліць усіх палітвязняў, спыніць рэпрэсіі, гвалт у
Беларусі? Не, не можам. Ці можам мы сказаць, што ціск дастаткова
магутны, каб спыніць саўдзел Лукашэнкі ў вайне? Зноў жа, не можам. У такім
выпадку, ці можам мы выбраць шлях адмовы ад ціску ці адмены санкцый цяпер? Можа
быць. Але тады, хутчэй за ўсё, нам усім трэба будзе разыходзіцца, таму што
інструментаў для барацьбы з Лукашэнкам у нас больш ніякіх не застанецца.
Палітык лічыць няправільным супрацьпастаўленне стратэгій ціску і перамоваў. На яго думку, для вызвалення палітвязняў неабходна ўзмацняць ціск на Мінск. Пры гэтым, удакладняе Павел Латушка, рашэнне шмат у чым знаходзіцца не ў руках дэмсіл і беларусаў у цэлым, а ў руках партнёраў, гэта значыць краін Захаду, якія з'яўляюцца ініцыятарамі санкцый.
— Калі мы здымем санкцыі, мы адкрыем фінансава-эканамічную плынь падтрымкі Расіі, якая вядзе вайну супраць Украіны, — заявіў палітык. — <...> У нас застаецца два інструменты, якімі мы можам уздзейнічаць на гэты рэжым, — гэта санкцыі і прававая адказнасць.
Між тым, паводле яго слоў, ёсьць і іншыя варыянты дзеянняў, якія можна было б спрабаваць у спробах дамагчыся вызваленьня часткі палітвязняў. У прыватнасці, гэта «перамовы, магчымае вывучэнне пазіцыі на прадмет прысутнасці дэлегацыі рэжымных спартсменаў на Алімпійскіх гульнях у Парыжы» ў 2024 годзе.
— Мы можам паставіць гэтую ўмову для таго, каб дапусціць гэтую рэжымную дэлегацыю пры выкананні іншых прынцыпаў Міжнароднага алімпійскага камітэта, пры ўмове, калі Лукашэнка пойдзе на вызваленне палітычных зняволеных — прынамсі часткі, — прапанаваў Павел Латушка.
Пры гэтым палітык прапанаваў шукаць медыятараў для
перамоваў у пытанні палітвязняў, не звязаных з ЗША і ЕС,
напрыклад, прыцягваць трэція краіны, «якія паціскаюць рукі Лукашэнку, гатовыя
будуць з ім пагаварыць».