Дэпутаты Еўрапарламента прапануюць адключыць Расію ад міжбанкаўскай сістэмы плацяжоў SWIFT
Пра гэта паведамляе «Еўрарадыё».
Дэпутаты Еўрапарламента прапануюць адключыць Расію ад міжбанкаўскай сістэмы плацяжоў SWIFT, а таксама адмовіцца ад расійскіх нафты і газу, калі яна працягне правакацыі ды агрэсію супраць Украіны. Праект адпаведнай рэзалюцыі з'явіўся на сайце Еўрапарламента.
Таксама аўтары праекта прапаноўваюць замарозіць еўрапейскія актывы алігархаў, блізкіх да Крамля, і ануляваць іх візы.
Еўрадэпутаты заклікаюць Расію спыніць неапраўданае нарошчванне войск, якое пагражае суседзям. Пры гэтым яны выказваюць шкадаванне, што адносіны з РФ пагоршыліся, але віну за гэта ўскладаюць на Крэмль.
Рэзалюцыі Еўрапарламента маюць рэкамендацыйны характар, улады ЕС не абавязаныя іх выконваць.
Дарэчы, у Крамлі заявілі, што пагрозу адключэння Расіі ад SWIFT лічаць рэальнай, піша РБК. Кіраўнік расійскага МЗС Сяргей Лаўроў падкрэсліў, што Расія мае базу для стварэння аналага сістэмы.