Дайце птушкам спакойна вывесці птушанят! Знакамітасці супраць палявання
Алексіевіч, Кірчук, Гуркоў — знакамітасці супраць знішчэння птушак вясной! Птушкі не могуць самі папрасіць аб дапамозе, але мы з вамі можам дапамагчы. Хаця б тым, што падпішам петыцыю за ўвядзенне мараторыя на вясновае паляванне.
У канцы красавіка грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) запусціла петыцыю з заклікам увесці мараторый на вясновае паляванне на вадаплаўных птушак. Ініцыятыву падтрымалі пісьменнікі Уладзімір Арлоў і Святлана Алексіевіч, музыкі Іван Кірчук і Андрусь Такінданг, спартовец і спявак Віталь Гуркоў, а таксама іншыя вядомыя людзі Беларусі.
Збор подпісаў супраць вясновага палявання на вадаплаўных птушак будзе доўжыцца да канца траўня. Пасля гэтага петыцыя з подпісамі будзе адпраўлена ў Адміністрацыю прэзідэнта.
Тым часам штодня ў сацсетках АПБ публікуе постары з каментарамі выбітных беларускіх дзеячаў, якія падтрымалі петыцыю.
Святлана Алексіевіч: «Калі я жыву за горадам, я бачу птушак. У мяне адразу іншая карціна свету — яна радасная, птушкі прылятаюць з лесу, які побач, яны давяраюць людзям. Таму я не люблю чалавека са стрэльбай. Прызнаю толькі адно паляванне — з фотаапаратам».
Іван Кірчук: «Кажуць старыя людзі, што птушкі — нашы Продкі…»
Кожны дзень усё новыя прадстаўнікі культуры, спорту і іншых сфер далучаюцца да кампаніі па зборы подпісаў і тлумачаць, чаму для іх гэта важна.
Пра што петыцыя?
21 сакавіка 2018 года ўхваленыя новыя правілы палявання ў Беларусі. Падчас паляўнічых тураў цяпер дазволена страляць гусей абодвух палоў і качароў (самцоў качак) на працягу двух месяцаў. Вясновае паляванне паводле новых правілаў сёлета завяршылася 13 траўня.
Цяпер у сезон палявання многія птушкі вымушаны не толькі наседжваць яйкі, але і вадзіць птушанят пад гук кананады (напрыклад, у шэрых гусей птушаняты часам вылупляюцца ўжо ў канцы красавіка). Дарэчы, цяперашнія правілы палявання дазваляюць забіваць і птушанят.
З дапамогай электронных вабікаў і паўаўтаматычных стрэльбаў (якія амаль паўсюль у Еўропе, акрамя Беларусі, забароненыя) некаторыя паляўнічыя забіваюць птушак сотнямі.
У петыцыі АПБ патрабуе, каб на вясновае паляванне на вадаплаўных птушак увялі мараторый, а выкарыстанне электронных вабікаў і паўаўтаматычнай зброі цалкам забаранілі.
Як падтрымаць петыцыю?
Свой голас у падтрымку птушак можна пакінуць тут.
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:
У нас ёсць толькі месяц, каб сабраць галасы супраць веснавога палявання. У 2013 годзе 20 тысяч подпісаў дапамаглі скараціць тэрміны палявання ў два разы, а цяпер іх зноў падоўжылі. Птушкі — не толькі паляўнічы рэсурс, яны частка дзікай прыроды. Цяпер качкі ў Беларусі знаходзяцца па-за паляўнічым прэсам усяго 6 месяцаў: з сярэдзіны снежня да сярэдзіны сакавіка і з сярэдзіны траўня да сярэдзіны жніўня. Дайце птушкам спакойна вывесці птушанят!
Карына Салавей, кіраўнік аддзела развіцця АПБ:
Уявіце сотні адзінокіх гусей, партнёраў якіх забілі, кінутыя кладкі, з якіх ужо ніколі не з'явяцца птушаняты, таму што птушкі, патурбаваныя паляўнічымі, пакінулі гняздо. Птушкі не могуць самі папрасіць аб дапамозе, але мы з вамі можам дапамагчы: чым больш грамадзян нашай краіны падпіша петыцыю за ўвядзенне мараторыя на вясновае паляванне, тым гучней прагучыць голас дзікай прыроды, тым больш шанцаў быць пачутымі прадстаўнікамі ўлады.
Ці застануцца правілы палявання нязменнымі ў наступным годзе або грамадскасці ўдасца пераканаць Адміністрацыю прэзідэнта змякчыць іх? Гэта залежыць ад усіх нас.
Раскажыце пра петыцыю сваім сябрам і знаёмым, выкарыстоўвайце хэштэгі #живите_птицы і #жывіце_птушкі і дзяліцеся пастамі АПБ ў фэйсбуку ды УКантакце.
Адказ Адміністрацыі прэзідэнта мусіць паступіць на працягу месяца пасля атрымання звароту. Ён будзе апублікаваны на сайце ptushki.org.