Дачка галоўнага рэдактара Tut.by Марыны Золатавай: «Я вельмі шчаслівая быць дачкой такога крутога чалавека!»

6 лістапада — дзень народзінаў галоўнай рэдактаркі самага папулярнага беларускага інтэрнэт-парталу Марыны Золатавай. Яго Марына сустрэне за кратамі, у СІЗА № 1, дзе яна ўжо паўгода. «Свабода» пагаварыла з 18-гадовай дачкой Марыны — Надзеяй Кішкурнай, якая сёлета стала студэнткай Акадэміі мастацтваў.

05e00000_0a00_0242_feca_08d9a073b107_w650_r0_s.jpg

— Надзея, вашу маму добра ведаюць і паважаюць усе калегі-журналісты. Яна надзвычай адказны, патрабавальны кіраўнік, пастаянна на сувязі з рэдакцыяй — літаральна 24 на 7. А якая мама дома, з сям’ёй? Таксама строгая, патрабавальная?

— Мама заўсёды на тэлефоне, заўсёды думкамі на працы. Мы гэта разумелі з маленства — такая ў яе праца. Але я памятаю маму пяшчотную, добрую, ласкавую, яна пастаянна гатавала нам смачную ежу, дазваляла і паленавацца. Маці заўсёды нас шкадавала, казала, што мы з братам яшчэ маленькія. Бабуля спрачалася: «Марына, яны ўжо не маленькія!»

Матуля з такой пяшчотай ставілася і да мяне, і да брата, і да бацькі! «Хтосьці кажа, што сапраўднага кахання не існуе. Хто гэтыя людзі, якія так кажуць?» — жартавала маці. У мяне ёсць цудоўны прыклад такога кахання перад вачыма.

Гэта не проста маці, якая падыдзе, абдыме, але гэта і прыклад — як трэба ставіцца да працы.

Калі я пачала чытаць пасля затрымання артыкулы, пасты, якія пісалі яе калегі, я пачала ўсведамляць, якая яна неверагодная! Які яна класны прафесіянал! Я вельмі шчаслівая быць дачкой такога крутога чалавека! Але я ніколі не хвалілася перад сябрамі, аднакласнікамі, што мая маці — галоўная рэдактарка самага папулярнага парталу. Цяпер я вельмі ганаруся сваёй матуляй.

Калі я нечага не разумела, што адбывалася ў свеце, мне не трэба было глядзець «Еўраньюз» ці чытаць нейкія каналы. Мне можна было звярнуцца наўпрост да маці і да бацькі. І яны дасціпна мне ўсё растлумачаць.

«Нібыта рабіла ўсё сама, але з яе дапамогай, пад яе аховай, абаронай»

— Выпускныя іспыты, ЦТ, паступленне прыйшліся на вельмі драматычны час для ўсёй вашай сям’і — 18 траўня маці затрымалі. Як справіліся, як перажылі гэтыя травеньскія падзеі, ці цяжка было?

— Я насамрэч дрэнна памятаю. Зараз, калі пачынаеш усё гэта аналізаваць, узнікае думка: а сапраўды — як?

Я да апошняга не верыла. Мне чамусьці здавалася, што ўсё абыдзецца. Калі перад выбарамі затрымалі Віктара Бабарыку, мне таксама да апошняга не верылася, што ўлады на гэта здатныя. Мне заўсёды здавалася, што людзі так не робяць. Мне заўсёды здавалася, што я жыву ў свеце, дзе жывуць людзі, а не нейкія звяры (плача).

Мае бацькі (і асабліва маці) заўсёды штурхалі мяне: трэба паступіць у гімназію, потым у Ліцэй БДУ. Маці за гэтым сачыла, натхняла, ну і кантралявала, канечне.

А тут яе не аказалася побач, яна не магла фізічна быць са мною, абняць, падтрымаць. Але яна рабіла гэта праз лісты, словы, і ўсё адно я адчувала яе прысутнасць побач. Нібыта рабіла ўсё сама, але з яе дапамогай, пад яе аховай, абаронай. І з'явілася такое адчуванне самастойнасці — я магу і без кантролю, без падштурхоўвання ўсё зрабіць сама. Я зразумела, што не трэба чакаць дэдлайну, трэба планаваць час, рабіць штосьці загадзя...

Калі ўзгадваць першыя месяцы без мамы, то адчувалася вялікая падтрымка людзей, якія былі вакол. Я не ведаю, што адчувалі бацька, брат. Але тата мяне вельмі моцна падтрымліваў. Узгадваю, калі я рыхтавалася да іспытаў, а тата прыходзіў да мяне ў пакой з маленькім кубачкам капучына. У яго сапраўды вельмі цудоўная кава атрымліваецца. Ён вельмі доўга і скрупулёзна выбіраў кава-машыну, знайшоў, і я разумею, чаму маці так падабаецца кава, якую гатуе тата.

З ліста Марыны Золатавай:

«Самы лепшы эспрэса не ў "Мануфактуры", не ў "Дрэве", не ў "Параграфе". Яго гатуе мой муж дома ў нашай кава-машыне. Тут таксама ўсё ёсць — і кава, і цукеркі, і вітаміны. Але ўсе гэтыя рэчы па-сапраўднаму смачныя толькі дома, на свабодзе».

— У доме штосьці змянілася? Як спраўляецеся з побытам, з жыццёвымі праблемамі? Хто ўзяў на сябе маміны абавязкі?

— Мне падаецца, што мы з братам не вельмі адчулі, што ў нас стала больш абавязкаў, бо бацька ўсё ўзяў на сябе. Летам я гатавала. Я магу падсмажыць мяса, курыцу — я мясаед (у бацьку).

Мне часам бывае сорамна: у мяне дрэнны настрой, я з татам спрачаюся. Але ён усё ўзяў на сябе — яму цяжка... Цяпер, калі я паступіла ў Акадэмію мастацтваў, даводзіцца шмат займацца. Прыходжу пасля вучобы ўвечары — а ўжо ўсё гатова! Усе хатнія справы, гаспадарку, клопат пра нас бацька ўзяў на сябе.

«Марыла стаць мушкецёрам, акторкай, настаўніцай. Цяпер вучуся на рэжысёра»

— Надзея, за гэты час, ужо ў адсутнасць матулі, вы паспяхова здалі выпускныя іспыты ў Ліцэі БДУ, ЦТ і паступілі ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, дзе быў проста шалёны конкурс. Раскажыце, дзе вы цяпер вучыцеся.

— Я паступіла ў Акадэмію мастацтваў на рэжысуру кіно і тэлебачання. Гэта вельмі цікава. Я апошні год рабіла ўсё, каб туды трапіць, каб паспяхова здаць іспыты. І ўжо разумею, што гэта ўсё было недарма. Гэта тое, чым я хачу займацца.

Мне сапраўды пашанцавала з аднагрупнікамі, з выкладчыкамі, мне вельмі падабаецца атмасфера. Я вельмі шчаслівая, што ў мяне будзе такая адукацыя.

— Але некалі мама выстаўляла пасты ў «Фэйсбуку», дзе вы вельмі прыгожа дэкламавалі вершы. Яна пісала, што дачушка хоча ісці па яе слядах — паступаць на філалягічны факультэт. Чаму перадумалі?

— Ой, у дзяцінстве я наагул хацела быць мушкецёрам, глядзела фільмы пра мушкецёраў. А мама кажа: «Не, Надзя, мушкецёраў цяпер няма». Я пытаюся: «А хто гэтыя людзі? Веніямін Смехаў — проста цудоўны Атос!» Мама адказвае: «Гэта ўсё акторы». Тады я кажу: «Добра, я таксама хачу быць акторкай».

І з сёмай класы я марыла стаць актрысай. А потым неяк расчаравалася і вырашыла, што пайду на філфак, буду настаўніцай: выкладаць рускую мову і літаратуру. Бо школа — гэта такі маленькі тэатр, а выкладчык — гэта таксама актор. Ад паспяховасці спектакля і настаўніка залежыць тое, як яго маленькія гледачы засвояць тэму. А потым я трапіла ў Ліцэй БДУ, і мне там проста раскрылі вочы на гэты цудоўны беларускі свет. І цяпер, калі я стасуюся са сваімі старымі сябрамі, з якімі вучылася да ліцэя ў гімназіі, — яны не разумеюць, да прыкладу, а хто такі Дубоўка!

Мая маці скончыла Ліцэй БДУ ў 1994 годзе, і яна заразіла гэтай ідэяй, натхніла мяне таксама паступаць туды ж. Увесь 9 клас я трэслася: толькі б паступіць! І калі паступіла, была вельмі шчаслівая! Ліцэй — гэта такая другая сям’я, калі ты там знаходзішся, ты не да канца гэта ўсведамляеш. Толькі потым, калі ты выходзіш з ліцэя, разумееш, як было класна!

Але ў ліцэі я зразумела, што нават калі пайду працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, у мяне не атрымаецца расказаць настолькі вялікай колькасці людзей пра гэты цудоўны свет, пра нашу культуру, літаратуру, мову, гісторыю. І вырашыла, што добра будзе пайсці вучыцца на рэжысёра кіно і тэлебачання.

«Мы даслалі маме фота з выпускнога, дзе я нібыта прынцэса Мерыда, а яна нам — прыгожы малюнак»

— Для бацькоў, асабліва для маці, вельмі важная падзея — выпускны дзіцяці. Так атрымалася, што Марына не змагла фізічна быць побач. Хто дапамог выбраць сукенку, фрызуру, макіяж для такой значнай падзеі?

— Што да строю, мы з мамай паспелі яшчэ да яе затрымання выбраць касцюм, бабуля крыху яго падкараціла, мы набылі туфлікі з абцасамі. І мама да выпускнога ўвесь час пыталася не толькі пра іспыты, але ці навучылася я хадзіць на абцасах. Хоць яны былі і не вельмі высокія.

Калега з бацькавай працы дапамагла знайсці візажыста, мне зрабілі вельмі стылёвую фрызуру, такія «барашачкі-кучарашачкі», пра якія я ўвесь час марыла. Бо ў мяне любімы мультфільм пра прынцэс «Храбрае сэрца», яго гераіня — цудоўная прынцэса Мерыда, з лукам і стрэламі, у якой даўгія вогненныя кучаравыя валасы. І на выпускным я сябе адчувала Мерыдай. Да мяне падыходзілі аднакласнікі і жартавалі: «Ну, ты як сапраўдная прынцэса з мульціка». Тату, напэўна, не вельмі спадабаўся мой макіяж, бо ён наагул не любіць макіяж.

Мы даслалі маме фота з выпускнога, дзе я нібыта прынцэса Мерыда, а яна нам — прыгожы малюнак. І наогул яна шле нам шмат цудоўных малюнкаў.

05e00000_0a00_0242_9c06_08d9a087f74b_w650_r0_s.jpg

— У мамы адкрыўся новы талент — маляванне?

— Не, гэты талент у мамы быў і раней. Яшчэ калі яна вучылася ў школе, яе малюнак трапіў на міжнародны конкурс у Мюнхен, і яна яго выйграла. Мама вельмі добра малюе.

— Ваша мама яшчэ і заўзятая спартоўка, марафоны бегае, плавае. Вы таксама прывучаныя да спорту? Чым займаецеся?

— Яны займаюцца спортам разам з бацькам — ім вельмі падабаецца спорт. Мама навучыла тату плаваць, а ён — нас. У іх такі «пункцік» — спорт. Ім вельмі падабаецца на роліках катацца. Яны гуляюць у бадмінтон. Мы з братам, калі былі маленькія, таксама любілі ролікі, ровар, бегалі, трэніраваліся. А потым перасталі. Мы ўжо «старэнькія пОдрасткі». Бацькам у гэтым сэнсе не вельмі пашанцавала з намі. Брат Фёдар вельмі захапляецца скейтам. У мяне ёсць «сцэнічны рух», і ўсё, хопіць — увесь спорт.

— Сумуеце па матулі?

— Вельмі. Калі я думаю пра маму, лепшае, што можа адбыцца — гэта абняць матулю. І я проста ў думках абдымаю яе...

З ліста Марыны Золатавай:

«Ведаеце, я спрабавала скласці спіс месцаў, куды я мару трапіць, калі выйду. Ён атрымаецца вельмі-вельмі дооооўгі... Але я мяркую, што найперш адвяду душу, калі абдымуся з мужам, з дзецьмі! Вось нават фізічна ўсіх гэтых кантактаў вельмі не хапае. І пахаў родных. Хочацца заняцца хатнімі справамі, згатаваць смачны абед, прыбрацца ў кватэры, схадзіць у краму!!! Ну, а потым — можна будзе ехаць. Праўда, незразумела, што раней скончыцца — ковід, альбо нас раней выпусцяць. Але нават гэта непрынцыпова. Таму што я спакойна гляджу наперад. Мне няма чаго баяцца, я не зрабіла нічога, за што было б сорамна. Так што, безумоўна, прарвемся!»