Паручыцеляў праваабаронцаў Граблеўскага і Драздоўскага аштрафавалі на буйныя сумы
5 лістапада суддзя суда Партызанскага раёна горада Мінска Міхаіл Макарэвіч правёў пасяджэнне над чатырма паручыцелямі праваабаронцаў Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага, піша «Вясна».
У выніку рашэннем суда накладзены грашовыя спагнанні: у дачыненні да двух паручыцелей Сяргея Драздоўскага — па 100 базавых велічынь (2
900 беларускіх рублёў), а ў дачыненні да двух паручыцелей Алега Граблеўскага —
200 базавых велічынь (5 800 беларускіх рублёў) і 250 базавых велічынь (7 250
беларускіх рублёў). Гэтае рашэнне можа быць абскарджана цягам 10 дзён.
Вядома, што суддзя спытаў у паручыцелькі Алега Граблеўскага,
чаму яна вырашыла падпісаць паручальніцтва.
«Таму што Алег — харошы чалавек», — адказала яна.
«Вы і цяпер так лічыце?» — спытаў суддзя.
«Так».
Сяргей Драздоўскі — дырэктар Офіса па правах людзей з
інваліднасцю, а Алег Граблеўскі — юрыст Офіса. Абодвух затрымалі трэцяга лютага
2021 года. Алега Граблеўскага змясцілі ў СІЗА-1, а Сяргея Драздоўскага — пад
хатні арышт. Праваабарончая супольнасць прызнала іх палітычнымі зняволенымі.
Пасля амаль паўгадавога зняволення Драздоўскаму і Граблеўскаму змянілі меру ўстрымання — і яны былі вызваленыя 31 ліпеня 2021 года пад асабістае паручальніцтва. Згодна з артыкулам 121 Крымінальна-працэсуальнага Кодэкса РБ, асабістае паручальніцтва заключаецца ў прыняцці на сябе асобамі пісьмовага абавязацельства аб тым, што падазроныя або абвінавачаныя, знаходзячыся на волі, не схаваюцца ад органа крымінальнага пераследу і суда, не будуць перашкаджаць расследаванню справы або разгляду яе судом і не будуць займацца злачыннай дзейнасцю. У публічным доступе інфармацыі аб тым, што Драздоўскі і Граблеўскі знаходзяцца ў вышуку, няма.