Да канца лета ў Курапатах усталююць 60 металічных крыжоў
На новыя крыжы ў Курапатах сабралі больш за 5 тысяч рублёў. Чаму збор грошай заканчваюць на наступным тыдні і дзе будуць усталяваныя крыжы, «Свабодзе» распавёў Алесь Чахольскі, кіраўнік грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Курапаты.
5132 рублі на рэканструкцыю крыжоў у Курапатах сабрана на краўдфандынгавай пляцоўцы Талака. Першапачаткова на праект задумвалі сабраць 10 тысяч рублёў. Але ўжо на наступным тыдні збор грошай можа быць скончаны.
Як патлумачыў Алесь Чахольскі, ён наўмысна спыняе збор грошай. Прычына — у падатковым заканадаўстве. Як даведаўся Чахольскі, яму давядзецца плаціць падатак за ахвяраванні, якія перабольшаць 5 550 рублёў.
Збор сродкаў на новыя крыжы пачалі яшчэ ў сакавіку 2017 года — падчас абароны Курапатаў. Сабраных на сёньня ахвяраваньняў хопіць на 60 мэталічных крыжоў.
Мы зараз прыступаем да тэхнічнага выкананьня гэтага праекту, — кажа Чахольскі. — На працягу месяца-паўтара мы гэта ўсё зробім.
Новыя крыжы паставяць па перымэтры Курапатаў. З боку мінскай кальцавой аўтадарогі ўжо стаіць 12 чатырохмэтровых мэталічных крыжоў. Імі замяняюць старыя драўляныя крыжы.
Як раней распавядаў Алесь Чахольскі, за апошнія дзесяцігоддзі беларусы ахвяравалі тысячы даляраў на крыжы ў Курапатах. Грошы збіралі на акцыях па ўсёй Белаурсі. Але такога публічнага праекту, што зладжаны на платформе Талака, раней не было.
Што да плану ўладаў, каб стварыць у Курапатах мемарыял, Чахольскі ўжо тлумачыў сваю пазіцыю.