Чым правініліся ўніяты?

Агульнавядомы прынцып «падзяляй і ўладар» паспяхова выкарыстоўваецца ва ўсім свеце ўжо шмат стагоддзяў. Беларусь — не выключэнне: працяглы час дзяржава спрабуе сутыкаць ілбамі як прадстаўнікоў розных палітычна-сацыяльных групаў, так і розных хрысціянскіх канфесій.

Фота www.intex-press.by

Фота www.intex-press.by

Упершыню за 24 гады беларускія грэка-каталікі (уніяты) не змогуць зладзіць традыцыйную пілігрымку з Полацка ў Віцебск. Пілігрымка павінна была быць юбілейнай, аднак усё ўперлася ў нядаўнія змены ў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. У выніку за 100-кіламетровы хросны ход ад Уваскрасенскага храма ў Віцебску да Сафійскага сабора ў Полацку, дзе ў 1705 годзе ад рук Пятра І пакутніцкай смерцю загінулі пяцёра манахаў, давялося б заплаціць 3000 рублёў адной толькі міліцыі. А яшчэ патрэбна аплачваць паслугі медыкаў і камунальнікаў.

Такіх грошай вернікі не знайшлі, дый за што плаціць? 24 гады хросны ход паспяхова адбываўся, а на 25-ты шэсцю раптам спатрэбілася ахова міліцыі? Тым не менш, ісці насуперак закону ніхто не рызыкнуў, а праводзіць пілігрымку без аховы арганізатарам не дазволілі. Інтэрнэт-супольнасць зашумела, абвінавачваючы ўлады ў дыскрымінацыі па рэлігійным прынцыпе. Тым больш, што днямі скончыліся святочныя набажэнствы ў Будславе, куды скіроўваліся і пешыя, і роварныя каталіцкія пілігрымкі, і грошай ні з каго не бралі.

Выказваліся розныя версіі — у тым ліку, што да адмены пілігрымкі мае дачыненне РПЦ МП, якой вельмі ўжо муляюць вока грэка-каталікі, а таксама што гэта — адказ улады на прынцыповую пазіцыю грэка-каталікоў па рэстарацыі і зносу крыжоў у Курапатах. На жаль, ніякіх моцных галасоў у абарону грэка-каталікоў ад іншых хрысціянскіх канфесій не прагучала. Таму ў гэтым годзе вернікам давядзецца абысціся без пілігрымкі, а ў наступным святары паспрабуюць унесці паломніцтва ў гадавы план мерапрыемстваў, што праводзяцца пры падтрымцы дзяржавы — тады, як і ў Будславе, плаціць міліцыі, медыкам і камунальнікам не давядзецца.

А вось перашкодзіць паломніцтву кіраўніка Беларусі ў святыя для праваслаўных мясціны на Валааме не можа ніхто. Наадварот, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін арганізуе для яго персанальную авіяпілігрымку. Не зусім зразумела, чаму для перамоваў пра інтэграцыю абраная гэта выспа на Ладажскім возеры, калі першапачаткова працоўная сустрэча мусіла адбыцца ў Санкт-Пецярбургу. Меркавана, у гэты час у Валаамскім мужчынскім манастыры з візітам будзе патрыярх Кірыл, які, магчыма, прыме ўдзел у сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў.

Калі Пуцін спадзяецца, што патрыярх зможа нейкім чынам паўплываць на Лукашэнку, гэтыя спадзевы, найхутчэй, дарэмныя — Аляксандр Лукашэнка ніколі не выяўляў асаблівай прыхільнасці да кіраўніка расійскай праваслаўнай царквы. Акрамя гэтага, правадыр Беларусі загадзя акрэсліў, што не збіраецца прымаць нейкіх важных рашэнняў на Валааме, а едзе туды проста каб пабыць. З турыстычнымі, так бы мовіць, мэтамі.

Новы рэкорд пастаўлены ў Беларусі — па недахопе работнікаў. У рэспубліканскім банку вакансій зарэгістравана ажно больш за 93 тысячы вольных працоўных месца. Яшчэ ў траўні лічба трошкі перакрочыла 80 тысяч. Найбольшы дэфіцыт у лекарах і медсёстрах, кіроўцах, прадаўцах і прыбіральшчыках. Будаўнікоў на рынку працы пакуль хапае, пры тым, што 50 працэнтаў тых, хто выязджае за мяжу на працу, — гэта менавіта будаўнікі. А вось сярод тых, хто шукае працу, — найбольш падсобных рабочых, грузчыкаў, эканамістаў, бухгалтараў ды інжынераў. Падаецца, ужо кожнае дзіця ведае, што эканамістаў і бухгалтараў у нас зашмат, што ім няма дзе працаваць, але айчынныя ўніверсітэты працягваюць аграмадныя наборы на гэтыя спецыяльнасці, а будучыя студэнты і рады падаць заявы, спрабуючы паступіць хоць куды.

Незвычайныя падзеі зараз разгортваюцца ў Свіслачы — на могілках ля тамтэйшага касцёла Следчы камітэт распачаў эксгумацыю меркаванага пахавання Віктара Каліноўскага, старэйшага брата кіраўніка паўстання 1863–1864 гадоў. Усе працы зоймуць некалькі месяцаў, а за іх вядзеннем назіраюць беларускія і літоўскія археолагі. Мэта задуманага — генетычна пацвердзіць факт, што на гары Гедыміна ў Вільні сярод іншых паўстанцаў быў пахаваны і сам Кастусь Каліноўскі. Пакуль яго асоба ідэнтыфікаваная паводле ўскосных прыкметаў, у тым ліку — праз мадэляванне яго выявы па чэрапе і параўнанне з прыжыццёвым фотаздымкам.

Калі б быў вядомы хоць адзін жывы нашчадак Каліноўскага па мужчынскай лініі, генетычную ідэнтыфікацыю было б зрабіць проста. Але паколькі такіх пакуль не знайшлі, нягледзячы на тое, што Каліноўскія мелі вялікую сям’ю, давялося праводзіць эксгумацыю. Пры гэтым няма стоадсоткавай верагоднасці, што ў Свіслачы наогул знойдуць парэшткі Віктара Каліноўскага, бо канкрэтна гэтае месца пахавання збольшага сімвалічнае — вядома толькі, што брат рэвалюцыянера быў пахаваны на могілках ля касцёла. Літоўскі бок пра гэта быў папярэджаны, але ўсе спадзяюцца на плённасць даследаванняў. І на тое, што 2 лістапада на могілках Роса ў Вільні і літоўская, і беларуская дэлегацыі нарэшце змогуць годна перапахаваць парэшткі паўстанцаў, і адгэтуль кожны будзе ведаць, дзе ўшанаваць памяць беларускага героя Кастуся Каліноўскага.