Чарговыя штрафы за збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы
Суды працягваюць разглядаць адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў збору подпісаў у падтрымку беларускай мовы і адкрыццё нацыянальнага ўніверсітэта, які праходзіў у Мінску і некаторых гарадах 21 лютага і ў наступныя дні.
У судзе Савецкага раёна Мінска 29 сакавіка разглядаліся адміністрацыйныя справы Вольгі Маёравай і Аляксандры Патапавай. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па арт. 23.34 КаАП. Правапарушэннем суд палічыў збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы і адкрыццё нацыянальнага ўніверсітэта, які праходзіў у Мінску 21 лютага. Вольга Маёрава атрымала штраф у памеры 35 базавых велічынь, а Патапава штраф у памеры 10 базавых велічынь.
На гэты час вядома, што штрафы за збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы атрымалі Павел Пракаповіч (двойчы за 2 пікеты агулам 100 базавых), Наста Гусева (15 базавых), Ягор Сергіенка (50 базавых), Зміцер Дашкевіч (40 базавых), Дзяніс Мандзік (25 базавых), Ганна Смілевіч (15 базавых). Пратаколы ў дачыненні да яшчэ двух зборшчыкаў подпісаў — Эдуарда Пальчыса і Рамана Ганчарова — суды адправілі на дапрацоўку.
Такім чынам, агульная сума штрафаў па стане на 29 сакавіка складае 290 базавых велічынь, альбо 2 960 еўра.
Нагадаем, збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы распачаўся ў Мінску і некаторых гарадах Беларусі 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы. 27 лютага лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч перадаў у Міністэрства адукацыі больш за 2 тысячы подпісаў.