Чарговае рэха жніўня-2020. Мужчыну асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі»
9 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёна вынесены прысуд 28-гадоваму Яўгену Н. Яго прызналі вінаватым паводле арт.342 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі». Мужчыну вызвалілі ў зале суда, распавядае «Вясна».
Справу разгледзела суддзя Юлія Густыр. Бок
дзяржабвінавачання падтрымаў пракурор Нічыпарук.
Яўгена затрымалі 5 жніўня 2021 года: з таго часу ён
знаходзіўся пад вартай.
Згодна з абвінавачаннем, з 21.15 9 жніўня 2020 года па 02:00
10 жніўня 2020, знаходзячыся на праспекце Машэрава, дзейнічаючы ў групе асоб,
прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. А
менавіта — публічна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў гучныя воплескі рукамі, накіраваныя
на доўгае парушэнне спакою грамадзян, спалучанае з відавочным
непадпарадкаваннем супрацоўнікам. Таксама яму ў віну ставіўся ўдзел у счэпцы і
перашкода руху транспартных сродкаў.
Што расказаў абвінавачаны?
Мужчына прызнаў віну. Ён патлумачыў, што ў 21.15 быў у гандлёвым цэнтры «Галерэя» і планаваў накіравацца да стэлы: там быў арганізаваны сход людзей, якія былі не згодныя з вынікамі выбараў. Паколькі ён таксама быў нязгодны, вырашыў далучыцца: меркавалася, што гэта будзе мірнае мерапрыемства.
Ён распавёў, што каля тсэлы было шмат людзей, транспарт не
хадзіў. Удзельнікаў пратэстаў і супрацоўнікаў міліцыі большала, натоўп
накіроўваўся з праспекта Пераможцаў да вуліцы Машэрава. Яўген адзначыў, што
заўсёды ішоў па тратуарнай частцы, але калі супрацоўнікі АУС перакрылі рух, ён
апынуўся на праезнай частцы разам з натоўпам. Адказваючы на пытанне адваката,
ён удакладніў, што гэта атрымалася спантанна. Людзі скандавалі лозунгі, а потым
невядомыя пачалі выносіць смеццевыя бакі на праезную частку.
Мужчына ўзгадаў, што калі людзі выйшлі на праезную частку,
то сталі браць адно аднаго за локці і станавіцца ў счэпку — стаў і ён. Каля
0.15 ён вырашыў сыходзіць. Калі яго затрымалі, то адвялі ў будынак ГУБАЗіКа, а
потым — у ЦІП на Акрэсціна. Там ён знаходзіўся з 10 да 14 жніўня. Да
адміністрацыйнай адказнасці ў той раз яго не прыцягвалі.
Што распавялі сведкі?
Сведкамі па справе выступілі бацькі абвінавачанага. Яго бацька распавёў, што не ведаў пра ўдзел сына ў масавых мерапрыемствах — ведае толькі, што 10 жніўня яго затрымаў АМАП для высвятлення асобы. Ён распавёў, што сын ніколі не цікавіўся палітыкай, яго інтарэсамі былі камп’ютары і спорт.
Маці Яўгена распавяла, што не ведае, чаму сына затрымалі,
калі ён вяртаўся дадому са стэлы. Сын не гаварыў ёй, што будзе дзесьці ўдзельнічаць,
а сказаў, што пойдзе гуляць па горадзе. Паколькі ў краіне раней такога не
адбывалася, выказаць здагадку наконт таго, што адбудзецца, ніхто не мог.
Жанчына ахарактарызавала яго як добрага і спагадлівага сына, які заўсёды альбо
працаваў, альбо гуляў у футбол.
Што ў матэрыялах справы?
Яўген пазнаў сябе на выяве сярод групы асоб перад смеццевымі кантэйнерамі. Таксама да матэрыялаў справы далучаныя звесткі пра яго перамяшчэнні 9 і 10 жніўня, згодна з білінгам тэлефона: ён быў адключаны 10 жніўня ў раёне плошчы Свабоды, 17.
Што гаварылі падчас спрэчак?
Пракурор быў упэўнены, што дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя правільна, і папрасіў прызначыць пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі». Абаронца пагадзіўся, што віна даказаная, і папрасіў улічыць чыстасардэчнае раскаянне, пастаянную працу і станоўчую характарыстыку. Суддзя пагадзілася з тэрмінам, які запрасіў пракурор.
Падчас апошняга слова мужчына распавёў пра дні ў ЦІПе і СІЗА
ў жніўні 2020 года.
«У момант затрымання да мяне была прымененая грубая фізічная
сіла. Былі пагрозы жыццю. На Акрэсціна ў мяне не было спальных рэчаў, прадметаў
асабістай гігіены, у мяне не было прагулак. Калі я знаходзіўся ў СІЗА, мяне
паставілі на ўлік як схільнага да экстрэмізму. Я не лічу, што мае дзеянні 9
жніўня апраўдваюць меры, якія былі прымененыя да мяне падчас майго ўтрымання
пад вартай. З моманта 9 жніўня я не бачыў справядлівага і гуманнага стаўлення да
сябе, тым не менш сёння ў будынку суда я разлічваю на справядлівасць. Таксама
хачу падзякаваць за падтрымку сваім бацькам і сказаць, што я іх вельмі люблю».