Мінскага маркетолага арыштавалі на 30 сутак за БЧБ-налепкі ў баршопе «BeerCap»
У судзе Цэнтральнага раёна разглядзелі справу па артыкулах 24.23 і 24.3 КаАП супраць 48-гадовага Руслана Мялешкі. Яго затрымалі яшчэ ў пятніцу, 5 лістапада, і да суда ўтрымлівалі на Акрэсціна, піша «Вясна».
Згодна з пратаколам, Руслан Мялешка, будучы індывідуальным
прадпрымальнікам, «прыняў у неўстаноўлены час удзел у пікетаванні, а менавіта
размясціў шматлікія налепкі ў «BeerCap Barshop» па вуліцы Герцэна, 10». Акрамя
гэтага, 5 лістапада ў 21:25 у Цэнтральным РУУС «аказаў непадпарадкаванне
супрацоўніку Аляксандровічу: адмовіўся прайсці ў РУУС па факце разбору ў
падазрэнні ўдзелу ў пікеце, упіраўся нагамі, хапаўся за форменнае
абмундзіраванне».
Віну на судзе мужчына не прызнаў.
Мялешка на судзе
падкрэсліў, што не з'яўляецца дырэктарам баршопа, а з'яўляецца індывідуальным
прадпрымальнікам, які аказвае маркетынгавыя паслугі.
Ён распавёў, што днём 5 лістапада яму патэлефанавалі і
сказалі, што трэба праверыць у краме камеры відэаназірання для падлучэння іх да
нейкай сістэмы. Калі ён адкрыў дзверы, то сігналізацыя ўжо была знятая. У
баршопе міліцыянты ў яго запытваліся, якое піва лепш.
«Пару супрацоўнікаў прайшліся, усе паглядзелі, паглядзелі
камеры. Мы разышліся», — распавядаў Мялешка.
Аднак увечары супрацоўнікі прыехалі да яго дадому і забралі
ў РУУС для гутаркі:
«Яшчэ пакурылі там каля РУУС».
Па словах Мялешкі, у Цэнтральным РУУС спыталі, адкуль маглі
з'явіцца налепкі. Адказаў, што бывае там раз на тыдзень і павесіць налепкі мог,
хто заўгодна. Таксама мужчына заявіў на судзе, што 5 лістапада ў баршопе
налепак не бачыў. Але праверка інтэр'еру на наяўнасць або адсутнасць налепак у
яго абавязкі не ўваходзіць.
На судзе дапыталі сведку
Аляксандровіча, які зрабіў фатаграфію з БЧБ-налепкамі ў баршопе 5 лістапада. Ён
заявіў, што налепкі ў баршопе размешчаныя там, дзе «наведвальнікі не змаглі б
іх размясціць, гэта значыць у месцах размяшчэння персаналу». Паводле яго
словаў, супрацоўнікі пацвердзілі, што ён з'яўляецца асноўным кіраўніком
установы і «Мялешка сам пацвердзіў, што размясціў налепкі ў сувязі з яго
грамадзянскай пазіцыяй».
«Мне ўжо 50 гадоў. Я ўжо дарослы чалавек. Я не ўдзельнічаў у
акцыях нават. Навошта мне нейкімі налепкамі псаваць сабе жыццё? Можа гэта
памылка або падстава нейкая. Не ведаю як гэта назваць», — сказаў на судзе
Мялешка.
У выніку, суддзя Дзмітрый Карсюк арыштаваў мужчыну на 30 сутак па двух артыкулах КаАП.