Чаму вучаць Курапаты?
Курапаты — гэта боль народа. Усе, хто там ляжаць, так і не дачакаліся ні справядлівага выраку, ні дапамогі ад тых, хто быў побач і добра ведаў, што ахвяры ні ў чым не вінаватыя. Курапаты — гэта тое месца, куды сёння павінны хадзіць не толькі нашчадкі загінулых, але і нашчадкі тых, хто выконваў загад «Забіць!».
Пішу гэтыя радкі напярэдадні Радаўніцы, каб заклікаць майстроў мастацтва да ўдзелу ў другім этапе Міжнароднага адкрытага грамадскага творчага конкурсу «Курапаты — народны мемарыял» пад дэвізам «Праз Курапаты — да пакаяння». Ягоных арганізатараў — грамадскую ініцыятыву «Эксперты ў абарону Курапатаў» і суполку «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў падтрымалі больш за 10 структураў грамадзянскай супольнасці краіны. Гаворка пойдзе пра высілкі грамадства па ўшанаванню памяці бязвінна забітых у Курапатах продкаў — ахвяраў чырвонага тэрору.
Што прынёс першы этап конкурсу?
У першым этапе конкурсу, што доўжыўся з 10 сакавіка 2016 па 22 лютага 2017, узялі ўдзел 38 аўтараў з Беларусі і Польшчы, якія даслалі 44 працы ў скульптуры, інсталяцыі, графіцы, жывапісе, архітэктурна-ландшафтным праектаванні і літаратуры. Большасць гэтых працаў з 22 па 28 лютага 2017 года экспанаваліся на II дакументальна-мастацкай выставе «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні» ў сталічным Палацы мастацтва, дзе праз два месяцы адбылося ўзнагароджанне ўдзельнікаў і лаўрэатаў першага этапу конкурсу.
Узгадаем некалькі яго канцэптуальных і найбольш кранальных працаў — архітэктурна-ландшафтны праект майстэрні «Danseras» (Лодзь, Польшча) і прапанову выбітнага беларускага творцы Алеся Разанава.
Пры азнаямленні з сітуацыяй у Курапатах маладыя польскія архітэктары Юлія Сабалеўская і Рафал Ёзвяк былі ўражаны вялікай колькасцю пахаванняў і бясконцым гулам аўтатранспарту, што рухаецца па МКАД і Заслаўскай шашы, якія з двух бакоў атачаюць лясное ўрочышча. Вось чаму аўтары лічаць неабходным найперш узвесці акустычныя экраны паміж Курапатамі і аўтамагістралямі.
Прапанаваны дойлідамі архітэктурны ансамбль «Цэнтру нацыянальнай памяці» павінен задаволіць інфармацыйныя і духоўныя патрэбы людзей розных канфесій і веравызнанняў — наведнікаў гэтага месца масавай згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій эпохі сталінізму. Вось чаму ансамбль з бетону, які месціцца ў ахоўнай зоне каштоўнасці, складаецца з дзвюх частак — наземнай (экуменічная капліца — 222 м2, h=12м) і падземнай (інфармацыйна-музейны цэнтар — 620 м2).
Панэлі бетоннага фасаду будынку мяркуецца ўпрыгожыць беларускім нацыянальным арнаментам. Прычым ва франтальнай частцы будынку мяркуецца ўжыць мабільныя панэлі, якія дазваляюць «разгарнуць» капліцу на вуліцу. Такі варыянт аўтары лічаць карысным, калі колькасць жадаючых паўдзельнічаць у набажэнстве пераўзыходзіць мажлівасці святыні.
Музейную частку ансамбля аўтары заглыбілі ў падзем’е на 2,5 метры (сярэднюю глыбіню пахаванняў). На думку архітэктараў, такі падыход дазваляе наведнікам «зблізіцца« з расстралянымі і адчуць змрочнасць трагедыі. І толькі адтуліна ў столі як бы злучае свет памерлых з светам жывых.
Верхняя частка будынку памерам 26х18 метраў прыстасавана для агляду навакольнага ландшафту.
Спадары Юлія і Рафал прапанавалі маршрут агляду Курапатаў. Ён пачынаецца ад паркоўкі (на паўночны захад ад лесу каля «Бульбаш-холу», які неабходна разабраць і перанесці ў іншае месца), ідзе праз Галгофу да «Цэнтру нацыянальнай памяці», а затым праз тунэль пад МКАД — у паўднёва-заходнюю частку Народнага мемарыялу.
На думку лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы, паэта Алеся Разанава, над Народным мемарыялам у Курапатах мусіць гучаць стукат чалавечага сэрца.
Спачатку вядомы творца даслаў на творчае спаборніцтва сваё трохрадоўе:
Словы аціхлі:у нематустукае сэрца
Сябры аргкамітэту і журы конкурсу лічаць, што гэты лапідарны і глыбокі па сэнсу твор заслугоўвае таго, каб быць выбітым на ўваходнай браме ў Народны мемарыял. На думку Алеся Разанава, лагічным працягам яго трохрадкоўя ёсць стукат чалавечага сэрца, які мусіць гучаць над Курапатамі.
Паэт мяркуе, што трэба запісаць гукі, якія цягам свайго кароткага жыцця чулі ахвяры сталінізму, расстраляныя ў Курапатах. А паколькі гэтыя людзі з’яўляліся аднагодкамі XX стагоддзя, яны жылі ў віхуры трагічных падзей свайго часу. Гаворка ідзе пра Першую сусветную вайну, Кастрычніцкі пераварот, войны Грамадзянскую і савецка-польскую, індустрыялізацыю, калектывізацыю, культурную рэвалюцыю і бясконцыя рэпрэсіі супраць іншадумцаў і так званых «сацыяльна варожых» для пралетарыяту катэгорый насельніцтва.
Таму сярод гукаў, што чулі бязвінныя ахвяры, мусяць быць не толькі любасныя поклічы бацькоў, мілыя сэрцу галасы каханай і дзяцей, спевы птушак, посвіст ветру, шум лесу, скрып возу, конскае іржанне, рыканне каровы, шоргат снегу, гарадскі гул, гудок паравозу і звон трамвая, але і лозунгі, песьні, папулярная музыка 1920-1930-х гадоў, галашэнні сваякоў падчас арыштаў, пагрозы следчых, стогны сукамернікаў, катэгарычныя словы бязлітасных прысудаў, брэх аўчарак, лясканне турэмных засавак, жорсткія загады энкавэдзістаў, грукат «чорнага варанка» і бразганне затвору.
Напрыканцы ў немаце гучыць толькі адно чалавечае сэрца — ягоны стукат становіцца ўсё часьцей, мацней і абрываецца ў цішыню…
На думку Алеся Разанава, прапанаваны аўдыёшэраг мусяць зрабіць адпаведныя прафесіналы. «А для запісу гукаў чалавечага сэрца трэба вылучыць годную кандыдатуру найбольш знакавага і вядомага ў свеце беларуса», — падкрэсліў паэт.
Што трэба зрабіць на другім этапе конкурсу?
Журы пад старшынствам выбітнага беларускага мастака і грамадскага дзеяча Алеся Мары (Аляксея Марачкіна) зазначыла, што большасць удзельнікаў конкурсу прадэманстравала высокія мастацкія якасці і сур’ёзнае пранікненне ў тэму. Разам з тым журы мяркуе, што немэтазгодна завяршаць творчае спаборніцтва, калі расце цікавасць беларускага і міжнароднага грамадства да Курапатаў.
Журы лічыць, што працяг конкурсу дазволіць яго ўдзельнікам удасканаліць зробленае і далучыць новых творцаў. Таму журы абвясціла другі этап творчага спаборніцтва з 19 красавіка 2017-га па 1 лістапада 2018-га. Пасля завяршэння конкурсу і абнародавання рашэння журы ўсе працы будуць апублікаваныя для грамадскага абмеркавання. Працы-лаўрэаты стануць прапановамі па мемарыялізацыі Курапатаў, астатнія захаваюцца ў фондах будучага Музею гісторыі Курапатаў.
Аргкамітэт конкурсу падрыхтаваў удзельнікам яго другога этапу шэраг прапановаў. Сярод іх — распрацаваць гукавое суправаджэнне і светлавое афармленне Народнага мемарыялу, вобразныя рашэнні для Галгофы, уваходнай брамы, былога плоту, што ў 1937-1941 гады выгароджваў расстрэльны палігон, тунэляў пад МКАД і памятных месцаў, дзе ў 1988-м з дапамогай мінскіх школьнікаў беларускія археолагі адкрылі таямніцу Курапатаў, а праз 10 гадоў па квітках аб канфіскацыі каштоўнасцяў у вязняў Гродзенскага астрога — ідэнтыфікалі парэшткі Моўшы Крамера, Мардыхая Шулькеса і Штама, забітых летам-восенню 1940-га.
Запрашаем беларускіх і замежных творцаў да ўдзелу ў конкурсе, з умовамі якога можна пазнаёміцца на сайце vytoki.net
Курапаты і грамадскае пакаянне
Сёння добра вядома, што трагедыя Курапатаў стала мажлівай у сітуацыі здранцвення грамадства ад чырвонага тэрору, які абрынула на людзей таталітарная дзяржава дыктатуры пралетарыяту. На жаль, і па сёння грамадства не апрытомнела ад перажытага страху і забойства лепшых сыноў і дачок Бацькаўшчыны. Разам з тым, Курапаты натхняюць да сапраўднай, а не сфальсіфікаванай гісторыі Бацькаўшчыны, да свабоды ад гвалту, які прыгнятае, знявечвае і не дазваляе людзьмі звацца, да імкнення быць вольнымі гаспадарамі на зямлі продкаў, каб перадаць нашчадкам квітнеючую краіну, да будаўніцтва дзяржавы, якая служыць чалавеку і бароніць яго ў цяжкую хвіліну, да цяжкай і штодзённай працы над сабою, каб знайсці вытокі сваіх праблемаў не ў іншых, а ў сабе.
У сувязі з гэтымі разважаннямі ўзгадаў сведчанні грамадскай дзяячкі Валянціны Свяцкай, якія, спадзяюся, будуць цікавымі для паважаных чытачоў:
«Аднойчы стала выпадковай сведкай размовы двух кіроўцаў аўтобусаў. Было гэта, калі Мінск «пераходзіў» з венгерскіх «Ікарусаў» на айчыныя «МАЗы». Вадзілы пасля змены ехалі дахаты, сядзелі за маёй спіной і вельмі актыўна абмяркоўвалі недахопы «Ікарусаў» і перавагі «МАЗаў». Мужчыны былі крыху нападпітку і старэйшы з іх раіў маладзейшаму добра адпачыць, бо назаўтра — у рэйс. Неяк кіроўцы перайшлі да тэмы службы ў войску, а потым пачалі гаманіць пра стаўленне да бацькоў. І тут старэйшы (я нават азірнулася, каб глянуць) пачаў:
— Ты ведаеш, я ж зусім маладым, адразу пасля «вучэбкі», у 68-м трапіў у Чэхаславаччыну… Пагрузілі нас разам з танкамі на платформы і туды… Ага… Ніхто нас не запытваў, жадаем мы ці не. Загад, і ўсё, паспрабуй не падпарадкавацца! Прыехалі туды, а там жах што робіцца… Бацькі-камандзіры загад аддаюць — па жылых дамах «Агонь!». Ну, мы і жахнулі. Памятаю толькі, як праз вокны дзіцячыя ложачкі і каляскі сыпаліся…
Крыху памаўчаў, быццам і пацвяразеў. А потым дрыжачым ад насунуўшайся слязы голасам працягнуў:
— Да гэтага часу перад вачыма гэныя ложачкі і каляскі…Увесь час бачу адзін і той жа сон — ложачкі і каляскі з вокан…
Адкашляўся троху ад слез і зусім панік.
— Ты ведаеш, бацька мой — звычайны селянін, калі даведаўся пра мой удзел у чэхаславацкіх падзеях, перадаў праз братоў і сясцёр, што я — забойца і каб нагі маёй ў хаце бацькоўскай больш не было, а калі бацька памрэ, дык каб і на могілкі мяне не пускалі…
Пасля гэтых слоў было добра чуваць усхліпы старэйшага кіроўцы. Маладзейшы спрабаваў супакоіць яго, але неяк не вельмі ўпэўнена.
А старэйшы працягваў:
— Я ж паспрабаваў бацьку патлумачыць, што час быў такі і што мы — маладыя ды зялёныя, маглі тады зрабіць? А ён «Не! Ты — забойца! Мне сорамна людзям у вочы глядзець!» Памёр бацька. Прыходжу кожны раз на могілкі, прашу ў яго прабачэння… Запалю знічку, а яна, як быццам бы на яе нехта дзьме, заўжды тушыцца… Нават, калі зусім ветру няма, усё роўна — гасіцца… Не дараваў мне бацька, аж да гэтага часу не дараваў…»
Свае ўзгадкі спадарыня Валянціна завяршыла такімі словамі: «Курапаты — гэта боль народа. Усе, хто там ляжаць, так і не дачакаліся ні справядлівага выраку, ні дапамогі ад тых, хто быў побач і добра ведаў, што ахвяры ні ў чым не вінаватыя. Курапаты — гэта тое месца, куды сёння павінны хадзіць не толькі нашчадкі загінулых, каб ушанаваць памяць продкаў, але і нашчадкі тых, хто выконваў загад «Забіць!». Прычым, усім нам трэба добра падумаць і папрацаваць, у першую чаргу над сабою, каб Курапаты больш ніколі і нідзе не паўтарыліся …»