Чаму Новы год мы зноў будзем сустракаць без снегу? Адказвае эксперт

У навагоднюю ноч беларусы зноў будуць без белага рыпучага снегу пад нагамі і лёгкага марозіка. У дадатак сіноптыкі яшчэ і прагназуюць малапрыемныя мокры снег і дождж, а месцамі і парывісты вецер.

_belarus_minsk_horad_veczar_szpacyr_pracjah_2_2024_fota_novy_czas__3__1.webp

І гэта ўжо далёка не першы раз, калі мы сустракаем Новы год з голым асфальтам або брудам пад нагамі. Да прыкладу, у 2019-м 31 снежня ў Мінску ішоў дождж і была плюсавая тэмпература. «Плюс» быў і праз год, а ў 2021-м хоць напярэдадні і раніцай градуснік яшчэ паказваў «мінус» і з неба падалі сняжынкі, да вечара пацяплела. У 2022-м па краіне было ад +1ºс да +10ºС і дождж, апошні год нас таксама «радавалі» мокры снег або імжа.

Так цяпер будзе заўсёды? З такім пытаннем «Люстэрка» звярнулася да кліматолага.

— З Новым годам заўсёды так апошнім часам не таму, што нам дзесьці глабальна не шанцуе, — кажа суразмоўца. — Новы год — такі момант, які запамінаецца. Напрыклад, калі б для нас 15 студзеня было нейкім значным днём, мы б рыхтавалі сябе да гэтай даты і заўважалі б, выпаў снег ці не.

Вы ж, напэўна, памятаеце, што і раней, калі зіма была больш выразная, снег на Новы год то быў, то не. Гэта значыць, такія ваганні больш-менш рэгулярныя і натуральныя. А цяпер ярка выяўленай кліматычнай зімы няма. Кліматычная сістэма змяняецца на глабальным узроўні, асабліва актыўна апошнія 10-20 гадоў. І дзейнасць чалавека (у асноўным — выкіды парніковых газаў, перш за ўсё — ад выкапнёвага паліва, на якім працуе фактычна ўся эканоміка) гуляе ў гэтым галоўную ролю.

Што з гэтым рабіць — іншае пытанне. Вернемся да таго, што гэта значыць для нас. Вось гэтыя парніковыя газы затрымліваюць цяпло, якое адлюстроўваецца ад зямной паверхні, і яна награваецца і сонечнымі прамянямі, і за кошт адлюстраванага цяпла. З-за гэтага ўзрастае тэмпература. Натуральна, гэта адбываецца нераўнамерна. Не бывае так, каб раз-і ўсюды роўненька на адзін-два градусы пацяплела. Наш еўрапейскі кантынент — адзін з геаграфічных рэгіёнаў, дзе павышэнне тэмпературы адбываецца найбольш хутка.

Што гэта значыць для Беларусі? Тэмпература паветра ў нас сапраўды расце. Лета 2024 года стала другім самым гарачым за ўсю гісторыю назіранняў. Рэкорд жа быў зафіксаваны ў 2010-м. Пры гэтым назіранні на тэрыторыі нашай краіны вядуцца з канца XIX стагоддзя.

— А што з зімой?

— Зіма не выключэнне. Гэта тое, з чаго мы з вамі пачалі — ярка выяўленыя каляндарная зіма і чатыры сезоны ў цэлым у нас ужо здараюцца рэдка, асабліва на поўдні краіны. Гэта значыць, мы зрушваемся да такога больш сярэднееўрапейскага клімату.

Калі на пару тыдняў надыходзіць суровая зіма, усе дружна пачынаюць казаць: «А дзе ж ваша глабальнае пацяпленне? Вось, паглядзіце, як холадна!» Насамрэч гэта таксама ўпісваецца ў агульную карціну, таму што адно з наступстваў для Беларусі — узрастанне так званай экстрэмальнасці клімату. Дапусцім, калі мы кажам, што тэмпература летам павышаецца (апошні год — амаль на 1,5 градуса ў параўнанні з сярэдняй нормай), гэта не значыць, што яна роўненька на столькі вырасла. Гэта значыць, што, як мы і назіраем, ёсць нейкія перыяды вельмі халодныя і дажджлівыя, потым — больш гарачыя і засушлівыя.

Тое ж самае адбываецца зімой: доўгая восень, увесь снежань — больш восеньскі, потым дзесьці да лютага бываюць рэзкія перапады і перыяд холаду. З выпадзеннем ападкаў падобная гісторыя. Іх колькасць, па прагнозах, па краіне застанецца больш-менш такой жа, але ўзрасце экстрэмальнасць. Умоўна кажучы, будзе то густа, то пуста. Гэта тое, што мы цяпер ужо паціху пачынаем назіраць, і такі клімат нас чакае ў найбліжэйшай будучыні.


Глядзіце таксама

— Але снег жа выпадае і ў лістападзе, і ў снежні, і ў студзені. Чаму заўсёды менавіта з 30 снежня па якое-небудзь 1 студзеня яго няма? Можа быць, калі чалавек так уплывае на ўмовы працэсы, мы занадта актыўныя перад Новым Годам, занадта шмат бегаем, рыхтуемся?

— Тады ўсё было б вельмі проста — усе спынілі б бегаць, і ўсё б наладзілася (смяецца). Вядома, гэта не так. Тут значна больш доўгачасовы працэс. Дарэчы, той жа парніковы газ застаецца ў атмасферы да 200 гадоў. Гэта значыць, нават калі мы нейкім цудам заўтра перастанем яго выпрацоўваць (на жаль, узровень выкідаў дагэтуль павышаецца, нягледзячы на ўсе міжнародныя намаганні), працэс ужо запушчаны, і рэзка нічога не прыйдзе ў норму. Мы цяпер знаходзімся ў самым-самым пачатку гэтай эры змены клімату.

Чаму 30-31 снежня няма снегу? Не ведаю. Але з дзяцінства таксама памятаю, што ў Новы год заўсёды нейкая невязуха, а 1 або 2 студзеня ён выпадзе (смяецца). Можа быць, гэта звязана з нейкімі больш тонкімі атмасфернымі наладамі, але я думаю, што гэта адбываецца менавіта таму, што мы проста звяртаем асаблівую ўвагу на гэты час. Так што ў мяне такі чыста псіхалагічны адказ на ваша пытанне.

І далей будзе прыкладна тое ж самае. Напэўна, адзінае, што можна параіць як меру адаптацыі, — радавацца святам самім па сабе. Ну і жыць без снегу і жыць без Новага года — гэта дзве розныя рэчы.

— Можа нам хутка давядзецца за снегам ездзіць у іншыя краіны, як цяпер у халодную пару года — за сонцам і морам?

— У нейкай перспектыве — так. Паступова змяняецца геаграфія наогул усяго — і сельскай гаспадаркі, і турызму.

Гэта летні прыклад, але, калі раней многія ехалі на моры на поўдзень Іспаніі, Францыі, то зараз там становіцца ўжо вельмі горача. Міграцыя турыстычная за снегам таксама можа быць. Мы зараз назіраем, што ў гарах Еўропы паступова снежнае покрыва памяншаецца. Апошнія гады людзі, якія рэгулярна ездзяць на гарналыжныя курорты, адзначаюць, што снегу становіцца менш і злавіць яго складаней. Так што такая праблема ў нас, верагодна, таксама паўстане. На некаторых гарналыжных курортах часам яе спрабуюць вырашыць з дапамогай штучнага снегу, але гэта абсалютна неэкалагічна.


Глядзіце таксама

— Бывае запозненая зіма — калі снег багата раптам выпадае дзе-небудзь у канцы сакавіка ці нават у красавіку. Чаму так адбываецца?

— Гэта тое ж самае нарастанне экстрэмальнасці і, скажам, такі разбалансіроўкі кліматычнай сістэмы. Холад прыносяць паветраныя масы, якія ў нашым паўшар'і, як правіла, прыходзяць з паўночных рэгіёнаў, з Арктыкі.

Перамяшчэнне паветраных мас залежыць ад нагрэву паверхняў. Кажучы простымі словамі, калі энергіі ў сістэме становіцца больш, то механізмы, якія пэўным чынам існавалі гадамі, могуць памяняцца. І атрымліваецца, калі дзесьці (умоўна) у красавіку ўзнікае вобласць ніжэйшага ціску, туды можа прыйсці халодная паветраная маса, якая прынясе за сабой замаразкі. На жаль, такія з'явы цяпер назіраюцца шмат дзе. Нават у краінах, якія размешчаныя на поўдзень ад Беларусі, — у Малдове. І тут ужо важнае пытанне адаптацыі да гэтых змяненняў, таму што ў першую чаргу пакутуе сельская гаспадарка, а гэта пытанне харчовай бяспекі і не толькі.

Вяртаючыся да тэмы, з якой мы пачалі размову, снегу ў нас будзе сапраўды менш і менш. І трэба прывыкаць да новых рэалій. Але ў той жа час Новы год, любы новы перыяд — гэта падстава задумацца, што мы можам рабіць па-іншаму, каб змены клімату мелі для нас і для эканомікі мінімальныя наступствы. А гэта, як ужо было сказана, адаптацыя і перабудова і свайго жыцця, і асабліва вытворчасцяў, бізнесу на больш экалагічныя рэйкі.

Вельмі часта людзі, асабліва далёкія ад экалагічнай тэматыкі, лічаць, што гэта іх не тычыцца. Гэта не так, змяненне клімату тычыцца і ўплывае літаральна на ўсіх: на ўзроўні сям'і, камфорту, гарадскога асяроддзя пражывання. Так што можам пажадаць сабе, каб у наступным годзе мы ўсе былі больш інфармаванымі, больш прасунутымі і інавацыйнымі ў гэтых пытаннях.