Беларусь, якая чакае. Прыцемкі сталічнага прадзімку (ФОТА)

Вось што не кажыце, а нашыя чытачі даволі ўважлівыя і пільныя! Адзін з іх трапна звярнуў увагу, што ўсе нашыя вандроўкі адбываюцца ўдзень, ну і часам трохі прыхопліваюць ранак. А вось час, калі сонца ідзе на адпачынак, пакуль не трапляў у аб’ектыў нашага фатографа. Згодныя! Нашая недапрацоўка, і сёння мы выпраўляемся на шпацыр па вечароваму снежаньскаму Мінску, каб паглядзець як горад рыхтуецца да зімы, Калядаў і Новага году. Апранаемся ды хадзем!

З надвор’ем давялося дамаўляцца, бо пачатак снежня быў надзвычайна капрызны — былі і халодныя дажджы, і нешта падобнае на снег, які часам за метр да зямлі пераходзіў зноў у дождж. Але прагнозы злітасцівіліся, і нам шанцуе застаць сталічны прадзімак. Гэта калі вуліцы ўжо сухія ў чаканні белай коўдры, якая застанецца больш, чым на дзень, паветра марознае, а гарадскі вецер упарта імкнецца пералічыць колькасць адзінак вопраткі на мінаках. 

Адразу скажам, што месцы, па якіх мы даволі рандомна валацужнічалі, вядомыя ўсім жыхарам сталіцы і нават тым, хто хоць раз наведваў Мінск. Таму мы не будзем у тысячамільённы раз распавядаць аб іх, а проста пакажам, як яны выглядаюць гэтым снежаньскім вечарам. Ну і захаваем гэта ўсё для гісторыі, канешне ж! Так што крочым за нашым фатографам і глядзім на Мінск узору канца 2024 года.

Будзем шчырымі, перад гэтым шпацырам мы былі не вельмі ўпэўненыя, што яго трэба рабіць, калі яшчэ няма снегу, усё падаецца шэрым і звычайным. Акрамя нашага фатографа, які цвёрда і ўпэўнена сказаў «Хадзем сёння! За адзін вечар не зладзім — пойдзем яшчэ». І ён такі меў рацыю! Увечары нават знаёмыя мясціны выглядаюць зусім інакш. Так што смела можам параіць вам не адкладваць шпацыры на выхадны дзень, а выйсці на гадзінку-другую ўвечары — не пашкадуеце! Фатограф кажа, што гэта працуе ў любым горадзе.

Свіслач таксама пакутуе ад зімовай бессані і ўзрушана пляскае вадой па берагавому каменні. Будзем спадзявацца, што гэтай зімой ёй атрымаецца адпачыць колькі часу, але ж гэта таксама не дакладна, таму што ўсюдыісныя качкі і аматары пакарміць іх батонамі рашуча супраць. На фота іх не бачна, але ж запэўніваем вас, што яны ёсць — трэба толькі падысці бліжэй да берагу. Справядліва будзе заўважыць, што не толькі качкам ёсць дзе падсілкавацца ля Свіслачы, бо побач знакамітая Зыбіцкая.

Ну, а мы пераходзім да месцаў, якім сёння па канцэнтрацыі солі можа пазайздросціць вядомае Мёртвае мора. Менавіта тут, нават у моцныя снегапады, снег не затрымліваецца больш, чым на пару гадзін, выключаючы хіба што дваровыя тэрыторыі. Так, цэнтр гораду павінен заўсёды быць крыштальна чысцюткім і прыбраным, бо жыццё на праспекце і побач ніколі не замірае. 

Зыбіцкая, канешне, супраць, але ж Камсамольская працягвае патроху падціскаць яе ў спрэчцы за самае тусовачнае месца. І нельга казаць, што вельмі дзесьці адстае. З розных бакоў сюды павольна імкнуцца сціплыя ручайкі з парачак, сем’яў ды самотнікаў, і вось ужо месцамі ствараюцца натоўпы ў пошуках найбольш прывабных месцаў для святочных сэлфі. Мабільныя сеткі загружаны напоўніцу, сотні мегабайтаў фота і відэа ляцяць у ненажэрныя інстаграмы ды фэйсбукі, і ўсе выглядаюць задаволенымі. 

На градусніку дзесьці каля -4, але адчуванні на ўсе -12! Нават наш фатограф ужо не такі бадзёры, таму запраўляемся гарбатай у адным з невялічкіх кафэ і рыхтуемся да апошняга фотамарш-кідка. Зноўку знаёмыя ўсім мінчукам краявіды, абавязковыя ўспаміны і лёгкае адчуванне настальгіі па «тым самым часам, калі дрэвы былі вялікімі, а вада — мокрай». Да вы самі зараз усё зразумееце!

Вось і падышоў да фіналу наш чарговы шпацыр. Сонца на вуліцах у гэтыя часы досыць мала, і тое, што завецца «дзень», вельмі непрацяглае. Людзі працуюць «ад цямнаццаці да цямнаццаці» і збольшага бачаць горад менавіта такім, якім убачылі сёння і мы з вамі. Шукаць нешта прыгожае нават у цёмны час мы ўжо навучыліся, і непазбежна разам абавязкова дачакаемся вясны, доўгага светлага дню, новых удалых прыгод і вандровак! Пішыце нам, мы вельмі чакаем вашых водгукаў!

Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.