Фотафакт. Упершыню з красавіка Мінск дакладна ўбачыў снег!

Хтосьці можа назваць гэта «першым снегам», але ж будзем дакладнымі занудамі – першы снег 2024 году быў у студзені. Тое, што выпала ў сталіцы некалькі дзён таму, снегам лічыць можна з нацяжкай, самыя ўпартыя сняжынкі трымаліся 1-2 хвіліны. А сёння а восьмай раніцы Мінск убачыў сапраўдны першы снег новага сезона. 

imgl1766.jpg

Цэнтральныя вуліцы ды праспекты сталіцы зранку зацята чысцяць засумаваўшыя па працы снегапрыбіральнікі, а ўзводы дворнікаў, што панура сціскаюць рыдлёўкі, нетаропка прабіраюцца па дварах. Да абеду гэты снег дакладна пратрымаецца, пасля чаго згіне пад напорам плюсавай тэмпературы, тэхнікі і ботаў грамадзян.  Але ж будзем глядзець на гэта аптымістычна – восень, відавочна, амаль скончылася, зіма падступае, выведвальны снег ужо дэсантаваўся, таму да вясны застаецца ўсё меней і меней часу! 

Мы здзейснілі невялічкі шпацыр па Мінску і прапануем вам паглядзець самім на сённяшні горад, не адцягваючы ўвагу на словы.