Чаму не ўводзяць каранцін? Ці дастаткова захадаў Мінздароўя для барацьбы з каронавірусам?
На гэтыя і іншыя пытанні ў Нацыянальным прэс-цэнтры пад час інтэрнэт-трансляцыі «Тваё пытанне Мінздароўя і Мінадукацыі аб сітуацыі з COVID-19» адказалі міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, намеснік галоўнага ўрача мінскай інфекцыйнай бальніцы Алег Скрыпко і начальнік галоўнага ўпраўлення вышэйшай адукацыі Мінадукацыі Сяргей Каспяровіч.
Безумоўна, галоўнае пытанне: чаму ў Беларусі няма каранціну?
Паводле розных звестак, ад 81 да 85 працэнтаў людзей пераносяць COVID-19 як лёгкую прастуду, ад 10 да 14 працэнтаў — маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе і 5-6 працэнтаў — у інтэнсіўнай тэрапіі.
Па словах Уладзіміра Караніка, гэта самая цяжкая
група пацыентаў, як правіла, больш старэйшыя людзі з хранічнымі захворваннямі,
асабліва з захворваннямі сэрца і лёгкіх.
Міністр нагадаў, што каронавірусы вядомыя з 1965 года і цыркулююць дастаткова даўно. Дарэчы, гэта тое, што мы звыкла называем ВРВІ (вострая рэспіраторная вірусная інфекцыя). Многія з іх выклікаюць лёгкую прастуду, але некаторыя як, напрыклад, вірус SARS, здольны выклікаць атыпічную пнеўманію.
Пры каронавірусах SARS і MERS крыніцай заражэння з’яўляецца хворы чалавек. Адрозенне COVID-19 у тым, што заражэнне адбываецца яшчэ да праяваў сімптомаў.
Дык чаму ж у Беларусі не ўводзіцца каранцін?
Па словах Уладзіміра Караніка, кожная краіна абірае сваю стратэгію згодна з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.
«Каб не прыняць памылковых рашэнняў, мы вельмі
ўважліва вывучалі рэкамендацыі САЗ. Мы стараемся працаваць з навукова абгрунтаваным
падыходам. Асноўная задача — не дапусціць перагрузку сістэм аховы здароўя, каб
колькасць пацыентаў не перавысіла магчымасці аказання дапамогі (...) Мы
здзяйсняем кропкавы кантроль па перыметры нашай краіны. (...) Усім, хто
прыязджае, мераюць тэмпературу.
У нацыянальным аэрапорце было выяўлена больш за 250 чалавек з віруснай інфекцыяй, у большасці з іх былі грып ці рынавірусная інфекцыя.
Другая мера — пры з'яўленні каронавіруснай інфекцыі, адбываецца ацэнка кантактаў першага ўзроўню. Гэта тыя людзі, якія шчыльней за ўсіх мелі зносіны з інфікаваным чалавекам: працавалі з ім у адным кабінеце, ездзілі ў адной машыне, ляцелі ў самалёце ў радыусе двух метраў.
У тых, хто камунікаваў кароткатэрмінова, верагоднасць захварэць мінімальная, але іх бяруць на ўлік. Гэта дазваляе стрымліваць распаўсюджванне віруса, каб не дапусціць некантраляванай ланцуговай рэакцыі. На сённяшні момант, мы лічым, нам гэта ўдаецца.
Цяпер пад медкантролем знаходзяцца 1200 кантактаў першага ўзроўню.
Для чаго гэта робіцца? Пры шчыльным кантакце верагоднасць захварэць істотная. Каэфіцыент перадачы — 1 да 2,2-2,5. У 41 чалавека быў выяўлены станоўчы тэст падчас назірання. Пры такіх паказчыках гэта значыць, што на працягу 18-19 дзён гэта дало б больш за 1000 новых выпадкаў захворванняў, калі б мы іх не выявілі.
Калі няма санслужбы, не
праводзяцца эпіддаследванні, колькасць пацыентаў такая, што яго правесці
немагчыма, прымаюцца меры разлучэння ў выглядзе каранцінных мерапрыемстваў. Але,
каб у доўгатэрміновай перспектыве яны прывялі да зніжэння ўзроўню захворвання,
такія меры павінны доўжыцца цягам 12-13 тыдняў. Мы разумеем, што ні адна краіна
ў свеце не зможа вытрымаць такі параліч.
Адзінае, чаго мы баімся, вывучаючы вопыт Італіі, каб крыніцай распаўсюду інфекцыі не стаў медперсанал. Там вельмі хутка пайшло распаўсюджванне віруса ў бальніцах, дзе знаходзіліся людзі са спадарожнымі паталогіямі і праблемамі са здароўем. Каронавірусная інфекцыя, натуральна, пагоршыла іх стан і абумовіла такія высокія паказчыкі смяротнасці. Першапачаткова мы прынялі рашэнне аб падзеле патокаў пацыентаў і перапрафіляванні бальніц, каб пазбегнуць перасячэння пацыентаў пасля хірургічных умяшанняў, з інфарктамі, інсультамі».
Цалкам адказы міністра можна пачытаць і паглядзець па спасылцы.