Чаму беларусы не хочуць нараджаць дзяцей і што ім перашкаджае?
Апошнія даступныя даныя па нараджальнасці ў Беларусі паказваюць значнае падзенне. Сацыёлагі між тым высветлілі, што беларусы хочуць мець дзяцей, але што ім перашкаджае?
Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук у красавіку 2023 года правёў даследаванне грамадскай думкі на тэму бацькоўства ў структуры каштоўнасцяў насельніцтва, піша thinktanks.by.
У апытанні ўдзельнічала 1847 рэспандэнтаў з усіх абласных цэнтраў і горада Мінска, асобных раённых гарадоў і вёсак. Пра вынікі інстытут распавёў у аналітычным артыкуле на сваім сайце.
З апытаных 77% рэспандэнтаў маюць дзяцей (40,4% з іх — непаўналетніх). Сярод іх практычна палова з'яўляецца бацькамі дваіх дзяцей, крыху больш за траціну (35,3 %) выхоўваюць адно дзіця, бацькамі траіх дзяцей з'яўляюцца 12,7 %, а чацвярых і больш — толькі 2,6 %.
Апытанне паказала, што матэрыяльныя фактары з'яўляюцца вызначальнымі ў рашэнні не заводзіць дзяцей.
Асноўнымі прычынамі, якія перашкаджаюць з'яўленню жаданага колькасці дзяцей, рэспандэнты назвалі:
- страх, што дзіця не ўдасца забяспечыць усім неабходным (52,4 %);
- адсутнасць жылля або магчымасці яго набыцця (46, 2%);
- фінансавыя цяжкасці (46,1 %);
- жаданне пажыць для сябе (37,0 %);
- адсутнасць упэўненасці ў заўтрашнім дні (28,3 %);
- стан здароўя (27,7 %).
Сярод фактараў, якія ўплываюць на планаванне сям'і і колькасць дзяцей, беларусы назвалі: жыццёвыя абставіны, жыллёвыя ўмовы, наяўнасць працы і кар'ерных перспектыў, надзейнага партнёра, падтрымка сваякоў.
На пытанне «Колькі дзяцей вы хацелі б мець, калі б дазвалялі матэрыяльныя і іншыя ўмовы?» беларусы адказалі так:
- 45,8% — дваіх дзяцей,
- 23,5% — траіх,
- 10,9% — аднаго,
- 6,5% — ад чатырох і больш.
З улікам рэальных жыццёвых абставін, практычна палова апытаных лічыць для сябе аптымальным мець дваіх дзяцей – 44,6 %, адно дзіця — 22,4 %, на траіх дзяцей гатовыя — 10,7 %, на чацвярых і больш — 2,2 %.
Пры гэтым жаданне мець хоць бы дваіх дзяцей застаецца стабільным незалежна ад абставін (45,5 %).
Затое змяненне ўмоў у лепшы бок становіцца істотным стымулам для з'яўлення трэцяга дзіцяці — колькасць рэспандэнтаў, гатовых стаць шматдзетнымі бацькамі, павялічваецца практычна ўдвая і складае 19,9 %.
Таксама павялічваецца і колькасць тых, хто гатовы на чацвярых і больш дзяцей — 5,6 %.
А вось тыя, хто не быў гатовы наогул заводзіць дзяцей пры паляпшэнні жыццёвых абставінаў, усё роўна неахвотна мяняюць сваё меркаванне.
Хто хоча больш дзяцей, а хто — менш?
Вынікі даследавання паказалі, што апытаныя схільныя да ўзнаўлення мадэлі сям'і, у якой выраслі. Калі ўстаноўка на двух дзяцей з'яўляецца дамінуючай сярод усіх рэспандэнтаў, то крайнія пазіцыі (адно дзіця – шматдзетнасць) істотна залежаць ад той сям'і, у якой выхоўваліся самі рэспандэнты. Сярод тых, якія былі адзіны дзіцем у сем'ях, больш часцей сустракаецца ўстаноўка на адно дзіцяці, шматдзетных сем'яў – на траіх і больш дзяцей.
Таксама колькасць жаданых дзяцей залежыць ад сацыяльна-дэмаграфічных характарыстык апытаных.
Напрыклад, толькі адно дзіця хацелі б мець 15,1% мужчын і толькі 8,1% жанчын. Сярод галоўных жыццёвых каштоўнасцяў дзяцей паказалі 35,8% моладзі, тады як сярод больш старэйшых узроставых груп такі паказчык удвая вышэйшы (73,5% – для грамадзян працаздольнага ўзросту і 74,3% – для пенсіянераў).
Навошта патрэбныя дзеці?
Палова апытаных лічыць, што нараджэнне дзіцяці умацоўвае сям'ю (51,5 %), крыніцай станоўчых эмоцый дзяцей лічаць 41,4 %, у якасці памочнікаў у розных справах і апоры ў старасці іх разглядаюць 37,3 %, называюць бацькоўства важным аспектам для самарэалізацыі мужчын і жанчын 33,5 %.
Пераклад НЧ