Чамадан — чорны хлеб — зорка Давіда

У дзень памяці ахвяраў Халакосту  ў Гродна прайшла анімаваная экскурсія па слядах яўрэяў-вязняў мясцовага гета ў часы ІІ Сусветнай.

50687341_826076344396374_2104234409661038592_n_logo.jpg

Цягам вайны ў Гродна дзейнічала адразу два гета. Адно ў самым цэнтры, іншае — на ўсходняй мяжы. Па тэрыторыі колішняга «Гета №1» у старым горадзе прайшла анімаваная экскурсія памяці: акторы, пераапранутыя ў касцюмы 1930-40-х з жоўтымі зоркамі Давіда распавядалі прысутным свае гісторыі. Замест мікрафона быў чорны хлеб: перадаючы слова адно аднаму прамоўцы дзяліліся кавалкамі бохана.

Першы пункт — гэта сімвалічны ўваход у гета з вуліцы Замкавай. Зараз тут месціцца памятная шыльда, ля якой стаяць знічкі і кветкі. Далей — будынак юдэнрату, на двары якога падчас раскопак у паваенны час знайшлі нямала чалавечых парэшткаў. Фінальны пункт — так званая Яўрэйская лесвіца — каменныя сходы ў даліне рачулкі Гараднічанкі, зробленыя рукамі яўрэяў-вязняў гета за часамі вайны.

50639494_284647745547607_464187807515017216_n_logo.jpg

— Падобная анімаваная экскурсія ў Гродна праходзіць упершыню, але цалкам можа пераўтварыцца ў добрую традыцыю, — лічыць арганізатар мерапрыемства журналіст і краязнаўца Руслан Кулевіч. Прынамсі, запыт на расповед пра гісторыю горада ў такой форме ёсць: нават у марозны дзень экскурсію наведала каля 70 чалавек.