Чалавек-мем «суровы беларус» ідзе ў прэзідэнты Беларусі
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі аб'яўлены на лета 2020 га, але Віталь Зялкоўскі родам з Маладзечна, таксама вядомы як «суровы беларус», ужо выказаў жаданне стаць на чале дзяржавы. Пра гэта ён паведаміў у сваім профілі сацсеткі «Вконтакте».
«Я прыняў рашэнне аб вылучэнні сваёй кандыдатуры на выбарах прэзідэнта РБ. Маёй мэтай з'яўляецца жаданне прымяніць веды, атрыманыя ў ЕС, для паляпшэння жыцця ў РБ. Маімі задачамі будуць мадэрнізацыя эканомікі, рэформы ў палітычнай сістэме і паляпшэнне працоўнага і сацыяльнага заканадаўства. Больш падрабязная інфармацыя будзе з'яўляцца на маёй старонцы», — заявіў Віталь, звяртаючыся да патэнцыйных выбаршчыкаў.
Да допісу Зялкоўскі прымацаваў калаж, у якім склеіў фота прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і сваё ўласнае:
Але, калі прачытаць каментары, можна ўбачыць, што аўдыторыя на такое параўнанне з Зяленскім не адгукнулася. Больш за тое, карыстальнікі сталі раіць Зялкоўскаму наняць фатографа і папрацаваць над якасцю сэлфі, а Віталь узяўся чысціць старонку ад непажаданых водгукаў. «Гэта значыць каментары патэнцыйнага выбаршчыка трэба выдаляць? Вось у цябе першае адрозненне ад Зяленскага», — абурыўся юзэр Дзмітрый Сыцько.
Што значыць «чалавек-мем»
Віталь Зялкоўскі набыў вялікую папулярнасць каля шасці гадоў таму, у сакавіку 2013-га, і стаў сусветным інтэрнэт-мемам. Прычынай паслужылі шматлікія «безэмацыйныя» сэлфі на фоне славутасцяў, якія Зялкоўскі рабіў падчас падарожжаў. У нейкі момант яго фатаграфіі пачалі шырока тыражавацца ў замежных навінах: у выніку пра Беларусь напісалі больш за 150 СМІ, у тым ліку выданні BuzzFeed, The Sun, Gawker, Uproxx і гэтак далей.
Зялкоўскі таксама марыў стаць дэпутатам. У 2014 годзе ён уступіў у шэрагі Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі і вылучаўся ад яе ў дэпутаты Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, але з гэтага нічога не выйшла.
Паводле kyky.org