Чаго чакаць ад парламенцкіх выбараў-2019?

Парламенцкія выбары-2019 у васьмі пытаннях і адказах праваабаронцаў.

yarmoshyna_novy_chas_logo.jpg

З пачаткам жніўня ў Беларусі распачалася гарачая пара: набліжаюцца выбары. Прэзідэнт Беларусі прызначыў правядзенне парламенцкіх выбараў на 17 лістапада. Як заўсёды, амаль за тры месяцы распачалася выбарчая кампанія. У гэтым годзе афіцыйная выбарчая кампанія стартавала 6 жніўня з паседжання Цэнтральнай выбарчай камісіі. На ёй былі прынятыя 19 дакументаў, датычных падрыхтоўкі і правядзення выбараў дэпутатаў парламента, сярод якіх, напрыклад, Каляндар парламенцкіх выбараў у 2019 годзе.
Паралельна распачалася незалежная грамадская кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якая ладзіцца з 2008 года сумесна праваабарончым цэнтрам «Вясна» і Беларускім Хельсінкскім Камітэтам. Праваабаронцы падчас яе ацэньваюць выбарчы працэс з пункту гледжання беларускага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў.

Пра пачатак кампаніі праваабаронцы абвясцілі на прэс-канферэнцыі 8 жніўня, якая адбылася ў сталічным прэс-клубе. Каардынатары кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алег Гулак (РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”) і Уладзімір Лабковіч (ПЦ “Вясна”) далі ацэнку грамадска-палітычнаму фону на момант абвяшчэння кампаніі па парламенцкіх выбарах, адзначылі некаторыя асаблівасці іх кампаніі і маніторынгу выбарчага працэсу.

“Новы Час” выкладвае асноўныя моманты бягучай выбарчай кампаніі, на якія звярнулі ўвагу праваабаронцы.

Як праваабаронцы ацэньваюць агульную сітуацыю на пачатак выбарчай кампаніі?

Эксперты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначаюць, што будучая выбарчая кампанія мала чым адрозніваецца ад папярэдніх. Каардынатар кампаніі Уладзімір Лабковіч падкрэслівае, што выбары ў Беларусі застаюцца адміністрацыйнай працэдурай фарміравання пэўных органаў улады, а не электаральнай падзеяй ці палітычным спаборніцтвам.


pravaabaroncy_novy_chas_65_logo.jpg

Праваабаронцы, акрамя самой выбарчай кампаніі, таксама ацэньваюць агульную сітуацыю з правамі чалавека і дэмакратычнымі працэсамі, таму што яна менавіта і задае далейшы настрой і тон усёй выбарчай кампаніі. І тут, як адзначае старшыня БХК Алег Гулак, істотных зменаў у бок паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека за апошнія часы не назіраецца. У Беларусі па-ранейшаму захоўваюцца галоўныя сістэмныя праблемы з правамі чалавека. Гэта, найперш за ўсё, грамадска-палітычныя правы, якія маюць асобае гучанне падчас выбараў: свабода выказвання думкі, свабода мірных сходаў, свабода асацыяцый.

Ці законна ў такі тэрмін прызначылі выбары?

Парламенцкія выбары прэзідэнт Беларусі прызначыў адпаведным указам на 17 лістапада, што фактычна скарачае тэрмін паўнамоцтва парламента амаль на год (2 сесіі). Праваабаронцы лічаць, што гэта груба супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У заканадаўстве прадугледжаныя канкрэтныя тэрміны паўнамоцтваў парламента, таму па закону абедзве кампаніі можно было праводзіць у 2020 годзе.


Народ Рэспублікі Беларусь, як асноўны заканадаўца, даў паўнамоцтвы дэпутатам Парламента на чатыры гады. Гэта прапісана ў 93 артыкуле Канстытуцыі.


Для таго, каб правесці выбары за год да сканчэння тэрміну паўнамоцтваў Парламента, павінны быць прадугледжаныя абавязковыя абставіны, якія пазначаныя ў артыкуле 94 Канстытуцыі. І такія падставы маюць вычарпальнасць, не таму што прэзідэнту захацелася, а таму што ў краіне здарыліся пэўныя моманты”, — адзначыў Уладзімір Лабковіч.


Нормы Асноўнага закона Беларусі нельга трактаваць у бок скарачэння паўнамоцтваў парламента, дадае Алег Гулак.

Ці ёсць станоўчыя змянененні выбарчага заканадаўства?

Кожная кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” сканчваецца прыняццем пэўных рэкамендацый, якія праваабаронцы накіроўваюць у дзяржаўныя ўстановы і іншыя арганізацыя, у тым ліку, Цэнтральную выбарчую камісію.


Як адзначае Уладзімір Лабковіч, аналітыкі кампаніі ўжо паспелі заўважыць некаторыя змяненні выбарчага заканадаўства ЦВК. І яны станоўчыя.


Эксперты кампаніі адзначылі тое, што згодна з новым заканадаўствам падчас фарміравання выбарчых камісій перастануць улічвацца палітычныя якасці вылучэнцаў. Цяпер іх будуць ацэньваць толькі па "дзелавых і асабістых якасцях".


Акрамя гэтага, праваабаронцы таксама станоўча адзначаюць палажэнні Пастановы ЦВК №29, якія прадугледжваюць стварэнне дадатковых умоў для ўдзелу ў выбарах грамадзян з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі пры правядзенні выбараў.

pravaabaroncy_novy_chas_85_logo.jpg


Таксама стала вядома, што ЦВК здымае забарону на фотаздымку на ўчастку для назіральнікаў. Як адзначае Уладзімір Лабковіч, гэта быў адзін з асноўных канфліктаў назіральнікаў з сябрамі выбарчых камісій, які складваўся падчас папярэдніх выбараў. Раней большасць назіральнікаў выдалялі з выбарчых участкаў менавіта з-за таго, што яны пачыналі самавольна фатаграфаваць ці весці відэаздымку нейкіх парушэнняў ці падзеяў.


Мы спадзяемся, што выбарчыя камісіі дазволяць назіральнікам рэалізоўваць гэтае права. Спадзяемся і на тое, што мы зможам пазбегнуць канфліктных сітуацый, калі назіральнікі будуць выдаляцца з выбарчых участкаў”, — дадае праваабаронца “Вясны”.


Але, па словах экспертаў, гэтыя ўсе змены не набліжаюць Беларусь да свабодных і дэмакратычных выбараў. Іх нельга назваць зменамі першага парадку, на якіх настойвала кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” і міжнародныя назіральнікі ад АБСЕ.

Што гэта за патрабаванні першага парадку?

Праваабаронцы дагэтуль настойваць на зменах у выбарчае заканадаўства, якія лічаць неадкладнымі і прынцыповымі:


  • гарантаваная прысутнасць прадстаўнікоў палітычных партый у складзе выбарчых камісій.
  • Максімальнае скасаванне і ўрэгуляванне датэрміновага галасавання. Павінны быць вызначаныя канкрэтныя крытэрыі, хто з грамадзян мае права галасаваць датэрмінова. Цяпер, па сутнасці, мы маем асноўнае шасцідзённае галасаванне.
  • Празрысты падлік галасоў.
  • Магчымасць судовага абскарджвання ўсіх этапаў і працэдураў выбарчай кампаніі.



Які лёс чакае працэдуру падліку галасоў на гэтых выбарах?

Эксперты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” ўвесь час дамагаюцца празрыстасці і адкрытасці гэтай працэдуры. Практыка з падлікам галасоў у Беларусі склалася такім чынам, што не дазваляе нават самім камісіям агучваць лічбы бюлютэняў, якія аказваюцца ў скрынях для галасавання. І гэтыя вынікі не могуць падцвердзіць ці абвергнуць незалежныя назіральнікі.


Якім чынам падлічыць бюлютэні, вырашаюць, па сутнасці, самі сябры камісіі. Цэнтрвыбаркам у гэтым годзе заявіў, што ўрэгуляваць гэтае пытанне ён не плануе, спаслаўшыся на адсутнасць кампетэнцыі на гэта.

З такой пазіцыяй праваабаронцы не пагаджаюцца. Як адзначае Алег Гулак, абскардзіць гэта ў іх няма магчымасцяў, таму пакуль назіральнікі выказваюць шкадаванне, што ЦВК агучыў такую пазіцыю. Яшчэ ёсць час яе змяніць і зрабіць працэдуру падліку галасоў такой, якая б выклікала давер у грамадства.

Дарэчы, на пасяджэнні ЦВК, якое адбылося 6 жніўня, Лідзія Ярмошына паведаміла, што будучая выбарчая кампанія будзе праводзіцца ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. У прыватнасці, рэкамендацыі АБСЕ выконваюцца заўсёды. Але пры гэтым ёсць частка рэкамендацый, у тым ліку тыя, якія прадугледжваюць публічную дэманстрацыю бюлетэняў пры падліку, будуць выконвацца толькі тады, калі будуць прадугледжаны нормамі беларускага закона.

Як успрымаецца будучая выбарчая кампанія грамадствам?

Такая сітуацыя звыклая для грамадства.


З-за дэвальвацыі ўсяго выбарчага працэса мы бачым нецікаўнасць грамадства да выбараў. Праваабаронцы прагназуюць нізкую яўку выбаршчыкаў і нецікаўнасць палітычных суб’ектаў, як з боку ўлады, так і з боку апазіцыі.


pravaabaroncy_novy_chas_865_logo.jpg


Незалежнае назіранне ўжо пачалося?

Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” ўжо пачала сваю працу. Ужо працуе сорак доўгатэрміновых назіральнікаў у асноўных рэгіёнах Беларусі. Назіральнікі будуць зарэгістраваныя адразу, як толькі створацца камісіі ўсіх узроўняў.


Эксперты будуць выдаваць тыднёвыя маніторынгі выбарчага працэсу і справаздачы па асноўных этапах выбарчай кампаніі.


З моманту пачатку датэрміновага галасавання праваабаронцы плануюць назіраць больш, чым на 200 выбарчых участкаў.


Эксперты кампаніі напрыканцы выбарчай кампаніі дадуць ацэнку ўсёй выбарчай кампаніі на адпаведнасць яе міжнародным стандартам у галіне свабодных і дэмакратычных выбараў.

pravaabaroncy_novy_chas_logo.jpg


Што не будуць рабіць “Праваабаронцы за свабодныя выбары”?

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з'яўляецца незалежнай і не ставіць мэтай падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Таму праваабаронцы не будуць адказваць на пытанне, хто і дзе на якой акрузе перамог. Таксама яны не будуць даваць ацэнку пераможцам выбараў.


Важна памятаць, што мы толькі даем адзнаку, наколькі ў грамадзян Беларусі, была магчымасць, як абіраць, так і быць абранымі ў прадстаўнічы орган беларускай улады. Гэта і ёсць прынцып міжнароднага стандарта ў галіне незалежнага назірання, якога мы прытрымліваемся“, — адзначае Уладзімір Лабковіч.