Чацвёра амапаўцаў «пацярпелі» ад звону разбітага келіха і прад'явілі пазоў на 4 000 рублёў
Суд Цэнтральнага раёна Мінска 3 верасня пачаў разгляд крымінальнай справы Аляксандра Зайкоўскага. Яго абвінавачваюць па артыкуле 364 КК РБ («Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»), паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Вядзе працэс суддзя Юлія Густыр, дзяржаўны абвінаваўца Нічыпарук.
Як вядома з матэрыялаў следства, 12 кастрычніка 2020 года прыкладна а 21-й гадзіне Зайкоўскі ў стане алкагольнага ап’янення на праспекце Дзяржынскага з іншымі неўстаноўленымі асобамі аказваў супраціўленне работнікам міліцыі, пагражаў ім прымяненнем гвалту, кінуў у бок міліцэйскага аўтобуса піўны келіх.
Сваёй віны ва ўчыненым не прызнаў.
У судзе Зайкоўскі патлумачыў, што ў той вечар проста гуляў без аніякай мэты. У бары выпіў 50 грам каньяку. Затым зазірнуў яшчэ ў адзін бар па піва. Там пазнаёміўся з двума мужчынамі, якія пачалі яго выклікаць на спрэчку, правакаваць. Маўляў, а слабо кінуць бакалам у міліцэйскі аўтазак (чырвоны аўтобус без апазнавальных знакаў, які стаяў побач). Зробіш — кватэру падорым.
— Я спачатку ніяк не рэагаваў, толькі пасмяяўся. Затым яшчэ чацвёра падышлі, пачалі падбухторваць, — тлумачыць у судзе абвінавачаны.
Затым Зайкоўскі шпурнуў піўным куфлем у бок аўтобуса і патрапіў у яго крыху вышэй за кола. Пашкоджанняў не заўважыў. Адразу яго затрымалі, паклаўшы тварам у асфальт, а потым загрузілі ў аўтазак.
Нагадаем, што ў той вечар у Мінску адбываліся лакальныя маршы як у цэнтры, так і ў Малінаўцы. Ён сам бачыў непадалёк дзясятак амапаўцаў у экіпіроўцы.
Далей сказаў, што ў акцыях пратэсту ўдзелу не прымаў, негатыўнага стаўлення да супрацоўнікаў міліцыі не меў.
Пра тое, што ў аўтобусе маглі знаходзіцца міліцыянты, таксама не ведаў.
Допыт «пацярпелых» амапаўцаў
Супрацоўнік АМАПа, імя якога было не названа, патлумачыў, што пасля затрыманняў пенсіянераў каля Чырвонага касцёла паступіў загад ехаць да «Зубра».
«Мы прыехалі, здзейснілі затрыманні, паехалі на Малінаўку, там людзі паказвалі нецэнзурныя знакі. Далей прыпаркаваліся, абследавалі парк на Паўлава. Паглядзелі чаты, там былі заклікі ўжываць гвалт. Знаходзячыся ў аўтобусе, я пачуў гук разбітага шкла. Выйшаў і ўбачыў, як затрымліваюць чалавека, які, як высветлілася, кінуў келіх проста ў стойку паміж шклом. Я ўдакладніў падрабязнасці, а далей па камандзе вылучыўся ў іншае месца», — засведчыў у судзе амапавец.
У аўтобусе ў той час знаходзіліся чацвёра супрацоўнікаў.
Далей амапавец распавёў, што ад звону шкла перажыў стрэс, хваляваўся за здароўе сваіх падначаленых. Адчуў маральныя пакуты праз заклікі ў чатах «біць камянямі».
Падаў матэрыяльны пазоў у памеры 1 000 рублёў.
Пракурор доўга распытваў пацярпелага пра дакладнае месца трапляння бакала, пра наяўнасць пашкоджанняў.
Пракурор: «Патлумачце, у чым вы ўбачылі пагрозу здароўю?»
— Таму што пры разбіцці шкла ты ўсведамляеш, што паранішся і камень табе можа прыляцець у галаву.
Другі пацярпелы — кіроўца амапаўскага аўтобуса.
Ён распавёў, што пачуў звон шкла, прыгнуўся, было незразумела, што там ды як. Выйшаў на вуліцу, пачаў разглядаць транспарт, перажываў, праз што быў гэты гучны гук. Разгледзеў неістотныя невялікія драпіны на фарбе аўтобуса. Дакументаў аб пашкоджаннях не афармлялі.
Таксама запатрабаваў маральнай кампенсацыі ў памеры 1 000 рублёў.
Трэці амапавец практычна паўтарыў сведчанні папярэдніх пацярпелых і таксама папрасіў маральнай кампенсацыі ў памеры 1 000 рублёў. Сказаў, што адчуваў страх і хваляваўся за сваіх калег.
Такім чынам паступіў і чацвёрты «пацярпелы».
Усе матэрыяльныя пазовы Аляксандр Зайкоўскі не прызнаў.
У судзе агучвалася заключэнне эксперта аб стане здароўя абвінавачанага: мае патрэбу ў лячэнні хранічнага алкагалізму, у стане афекта не знаходзіўся.
Апошнім дапыталі сведку Казлова, адваката.
Той адказаў, што вяртаўся дадому пасля 8-й вечара, прыпаркаваўся, зайшоў у бар, убачыў мужчын, якія нешта актыўна і эмацыйна абмяркоўвалі. Спытаў у бармэна, што адбылося. Той распавёў, што нехта ўзяў келіх і разбіў яго аб аўтамабіль супрацоўнікаў міліцыі. Спытаў у гэтых хлопцаў, яны ўсё пацвердзілі. Знаходзячыся там, зразумеў, што мужчына быў моцна выпіўшым, учынак быў нечаканым і, напэўна, на «слабо».
Працяг судовага пасяджэння прызначаны на панядзелак, 6 верасня.