CPJ: Улады Беларусі павінны неадкладна вызваліць затрыманых па справе Прэс-клуба і зняць абвінавачанні

Беларускія ўлады павінны неадкладна вызваліць затрыманых па справе Прэс-клуба, якіх абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і дапамаганні. Пра гэта 5 студзеня заявіў Камітэт па абароне правоў журналістаў CPJ ў Нью-Ёрку.

Press Club Belarus

Press Club Belarus

 Беларускія ўлады не павінны выкарыстоўваць падатковы кодэкс для пераследу і пазбаўлення волі журналістаў і людзей, якія імкнуцца прасоўваць свабоду прэсы ў краіне, — адзначыла Гульназа Сэд (Gulnoza Sadi), каардынатар праграм Камітэта па абароне правоў журналістаў у Еўропе і Цэнтральнай Азіі. — Людзі, якія звязаны з Прэс-клубам і якіх нядаўна затрымалі, павінны быць неадкладна вызваленыя, а абвінавачванні супраць іх знятыя.
Нагадаем, што 22 снежня ў беларускі Прэс-клуб прыйшлі сілавікі. У офісе і дома ў супрацоўнікаў Прэс-клуба прайшлі ператрусы ці агляды. У той дзень затрымалі кіраўніцу праекта Юлію Слуцкую, праграмнага дырэктара Алу Шарко, фінансавага дырэктара Сяргея Альшэўскага, кіраўніка Акадэміі Прэс-клуба Сяргея Якупава, аператара Пятра Слуцкага, а таксама былую журналістку БТ Ксенію Луцкіну.
31 снежня ім прад'явілі абвінавачванне. Юлію Слуцкую абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, Алу Шарко, Сяргея Альшэўскага, Пятра Слуцкага, Ксенію Луцкіну — у саўдзеле ў злачынстве. Сяргея Якупава, грамадзяніна Расіі, вызвалілі з СІЗА і выслалі з краіны з забаронай на ўезд у бліжэйшыя дзесяць гадоў.
CPJ са спасылкай на адваката Антона Гашынскага паведамляе, што пад вартай абвінавачаныя прабудуць да 23 лютага 2021 года. У выпадку прызнання іх вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў кожнаму можа пагражаць да сямі гадоў пазбаўлення волі.
Цяпер Юлія Слуцкая, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі, Пётр Слуцкі і Ксенія Луцкіна знаходзяцца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.
Прэс-клуб — гэта адукацыйная пляцоўка, якая аб'ядноўвае журналістаў. Ён арганізоўвае і праводзіць прафесійныя трэнінгі, лекцыі вядомых рэпарцёраў і медыяменеджараў, ладзіць дыскусіі рэдакцый, медыятокі на актуальныя тэмы і г.д.
tut.by