Цікавасьць да збору подпісаў спала. З-за спёкі і апатыі
Рэпартаж "Радыё Свабода" з Гомеля, дзе каля гандлёвых цэнтраў працягваюць зьбіраць подпісы за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцтва.
У Гомелі збіральнікі подпісаў адзначаюць значнае паніжэнне цікавасці да вулічных пікетаў, на якіх ідзе збор подпісаў за прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. І віною таму не столькі жнівеньская спёка, што ўсталявалася апошнім часам, колькі ўсведамленне людзей, што прэзідэнцкія выбары не зменяць сітуацыю ў краіне. Рэпартаж з Гомеля.
«Людзі баяцца, бо папярэдзілі»
Каля гандлёвага цэнтру «АЛМІ» на вуліцы Мазурава каторы дзень збірае подпісы за лідара Партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна сябра яго ініцыятыўнай групы Мікалай Засускі:
«Збор подпісаў ідзе слаба. З раніцы сёння — 4 подпісы. Гэта ўжо прарыў. Бывае, што адзін подпіс здабудзеш да абеду. Першыя дні ішлі больш жвава. Потым людзі сталі падыходзіць і казаць, што іх падпісалі ўжо на прадпрыемствах. Наказвалі, каб прыходзілі з пашпартамі. „Гомсельмаш“ прыгадвалі ды іншыя прадпрыемствы — з розных раёнаў гораду. Калі на працы паставілі подпіс, то ўжо адмаўляліся: „Больш ні за каго не будзем падпісвацца“. Баяцца, бо папярэдзілі».
Пікет за Сяргея Калякіна
«Паверце мне, усё ўжо вырашана»
На думку зборшчыка подпісаў, улады навязваюць людзям стэрэатып: калі на прэзідэнцтва прыйдзе апазіцыя, то будзе так, як ва Украіне:
«Калі апазіцыя, то абавязкова будзе вайна — так, як ва Украіне».
Гараджанка Тацяна кажа, што яна наагул не бачыць такога прэтэндэнта, які б «выцягнуў» краіну. Дый дзейны кіраўнік дзяржавы сваё месца нікому не саступіць:
«Я, напрыклад, не бачу таго кандыдата, які б здолеў „пацягнуць“ нашу краіну. Магчыма, яго і не паказваюць — самі ж разумееце, што ў нас і як. Мы бачым тое, што нам паказваюць. Думаю, што месца сваё Лукашэнка нікому не саступіць. Паверце мне, усё ўжо вырашана».
Як распавяла "Свабодзе" адна з супрацоўніц Гомельскага каледжу кулінарыі, якая цяпер знаходзіцца ў адпачынку, ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі выкарыстоўвае адміністратыўны рэсурс:
«Сяджу ў адпачынку. Мне патэлефанавалі з адміністрацыі — трэба паўдзельнічаць у акцыі, таму прыязджайце з пашпартам. Адказваю, а калі я не хачу, калі я зрабіла выбар? Чаму я павінна ехаць і добраахвотна-прымусова ставіць подпіс?»
У мінулую суботу на пляцоўцы каля новага ўнівермагу, дзе збіраюць подпісы адразу за трох прэтэндэнтаў, таксама вызначыліся зборшчыкі подпісаў за Аляксандра Лукашэнку — арганізавалі побач выставу ўмельцаў, каб прыцягнуць увагу мінакоў. Гэта адразу кінулася ў вочы гараджанам.
Распавядае адзін з выкладчыкаў універсітэтаў:
«Побач з пікетам Лукашэнкі зладзілі такое агітацыйнае мерапрыемства пад лозунгам „За квітнеючую Беларусь!“ Яны выставілі рамеснікаў, тыя сядзяць і нібыта нешта прадаюць. Але бачна, што гэтае мерапрыемства носіць не камерцыйны, а агітацыйны характар». Больш за тое, настаўнікаў са школ прыгналі, каб яны гэта падтрымлівалі. Насуперак іх волі прыгналі, яны скардзіліся на гэта».
«Лябедзька прапануе мільён працоўных месцаў, Лукашэнка — адно для Дэпардзьё»
Нявер’е гомельцаў у перамены спараджае і недавер да праграмаў апазіцыйных вылучэнцаў на кандыдата ў прэзідэнты. Да прыкладу, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прапануе стварыць мільён новых працоўных месцаў.
Пікет у падтрымку Анатоля Лябедзькі
Аляксандр Лукашэнка перасцярог ад з'яўлення прапановаў, далёкіх ад выканання, — накшталт «мільён працоўных месцаў».
«Дзе мы возьмем гэты мільён чалавек пад мільён працоўных месцаў? Папулісцкія такія вось лозунгі. А па-другое, каб стварыць мільён працоўных месцаў, трэба 10 мільярдаў даляраў, а мо і больш», — заявіў Лукашэнка.
Некаторыя гамельчукі, як, прыкладам, спадар Мікалай, таксама пачалі сумнявацца:
«Нерэальна мільён працоўных месцаў. Гэта папулізм».
Збіральнік подпісаў за Анатоля Лябедзьку ў Гомелі Уладзімер Няпомняшчых у сваю чаргу кажа, што маладыя гамельчукі добра рэагуюць на такую ініцыятыву прэтэндэнта на ўдзел у выбарах. Бо гэта значна лепш, чым не ствараць анічога, ці, напрыклад, адно працоўнае месца для французскага актора, якое прапанаваў Аляксандр Лукашэнка:
«Наш вылучэнец у кандыдаты Анатоль Лябедзька прапануе мільён працоўных месцаў, а Аляксандр Лукашэнка прапануе толькі адно месца — касца, і тое не для беларуса, а для француза Дэпардзьё».