У Віцебску так і не адбыліся пікеты КХП-БНФ «за ўдзел у сумленных выбарах»

Мясцовыя чыноўнікі Віцебску ніяк не адрэагавалі на прапанову актывістаў КХП-БНФ далучыцца да пікетаў, якія тыя меркавалі правесці 9 жніўня. А самі пікеты забаранілі.



vicebsk_garvykankam.jpg

Віцебскі гарвыканкам

На пікетах, якія так і не адбыліся, пяцёра заяўнікаў-апазіцыянераў хацелі супольна з прадстаўнікамі ўлады, калі б тыя адгукнуліся на іх прапанову і далучыліся да акцыі, «нагадаць жыхарам Віцебску пра іх абавязак — браць удзел у сумленных выбарах, якія адпавядаюць міжнародным стандартам і абавязацельствам Рэспублікі Беларусь, пры якіх уладамі захоўваюцца фундаментальныя правы і свабоды беларускіх грамадзян».

Калі б прадстаўнікі ўлады станоўча адказалі на прапанову актывістаў пра супольны удзел у імпрэзе, з арганізатараў зняўся б цяжар заключэння дамоваў з міліцыянтамі, медыкамі і камунальнікамі, праз адсутнасць якіх у Віцебску традыцыйна забараняюць пікеты, мітынгі і вулічныя шэсці апазіцыі. Мець такія дамовы для атрымання дазволаў на масавыя мерапрыемствы, што праходзяць без удзелу дзяржавы, вымагае сумна вядомае рашэнне № 881 Віцебскага гарвыканкаму.

З традыцыйнай прычыны не дазволілі мерапрыемствы і гэтым разам. Намесніцы старшыняў адміністрацыяў Першамайскага і Чыгуначнага раёнаў Віцебску Вольга Гурчанка і Наталля Ляпёшкіна забаранілі пікеты менавіта на той падставе, што няма патрэбных дамоваў. Хаця апазіцыянеры спрабавалі гэтыя дамовы заключыць, дзеля чаго адначасова з заяўкамі на пікеты даслалі лісты ў адпаведныя ўстановы.

Распавядае адзін з заяўнікаў, Ян Дзяржаўцаў: «На нашу прапанову, каб улады ўзялі ўдзел у пікетах разам з намі, чыноўнікі не адказалі ані слоўца. Што ж да патрабавання пра дамовы — выканаць яго аказалася немагчымым: толькі «Зелянгас» адказаў нам пра сваю згоду заключыць дамову. А медыкі і міліцыянты наогул праігнаравалі нашы звароты — мы так і не атрымалі ніякіх адказаў на нашы прапановы пра дамовы ані ад Упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму, ані ад Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклінікі».

Віцебская вяснаspring96.org