Ці варта адкрываць архівы КДБ?

Пад петыцыяй з патрабаваннем зняць грыф «сакрэтна» з усіх дакументаў, якія захоўваюцца ў архівах за 1917–1953 гады, у тым ліку — забяспечыць свабодны доступ да спраў рэпрэсаваных за часамі Сталіна, агучыць і пазначыць усе месцы масавага пахавання рэпрэсаваных падпісалася ўсяго 1137 чалавек.

savarhiu_1.gif


Для краіны — гэта кропля ў моры. У Беларусі хапае іншых праблемаў — сацыяльных, эканамічных, дэмаграфічных — і зусім не завязаных на мінулым. Дык навошта адкрываць савецкія архівы зараз, калі ўжо і час прайшоў, і катаў, якія маглі б паўстаць перад судом, няма сярод жывых, і так напісаныя шматтомныя манаграфіі?

З боку сённяшніх нашчадкаў супрацоўнікаў НКУС ды афіцыёзных журналістаў часцяком можна пачуць: «Як гэта, адкрыць архівы? Ды тут такое пачнецца! Помста, разбіральніцтвы, скандалы…» Калі кажуць пра месцы расстрэлаў, па прыкладзе тых жа Курапатаў, зазвычай дадаюць, што ляжаць там далёка не толькі паэты ды навукоўцы. Там багата тых жа супрацоўнікаў савецкіх органаў, якія трапілі пад чарговую хвалю рэпрэсій, — а значыць, і іх трэба ўшаноўваць!

Рэдактар буйной дзяржаўнай газеты, здаецца, нават прыводзіў прыклад сваіх пошукаў у архівах КДБ напачатку 1990-х гадоў, калі наўпрост жахнуўся ад прачытанага: вялізная колькасць тых, каго ў нас прынята шанаваць як літаратараў нацыянальнага значэння, а ў наступным — бязвінных ахвяраў, самі працавалі на органы, здавалі і падстаўлялі сваіх сяброў ды знаёмых. Дык як далей фармаваць нацыянальны пантэон, ведаючы ўсё гэта?

Насамрэч, усе гэтыя аргументы нагадваюць элементарнае «забоўтванне» суразмоўцы. І чым больш туману і містыкі ў падобных размовах, тым страшней павінна быць. Маўляў, хай скрыня Пандоры застаецца зачыненай, бо інакш усё разваліцца: і наша — дзяржаўнае, і ваша — дэмакратычнае.

Пачнём з «вендэты», якая нібыта можа пачацца адразу пасля рассакрэчвання. Сёння мы маем прыклады не толькі краінаў Усходняй Еўропы і Балтыі, дзе архівы апублічаныя амаль 30 гадоў таму, але і Украіны, у якой да дакументаў СБУ доступ адкрылі пасля перамогі Майдану. Скажыце, дзе і калі канкрэтна зафіксаваныя прыклады такога кшталту «вендэты» на падставе архіўных дадзеных? Або нехта лічыць, што кроў у беларусаў больш гарачая за румынскую, вугорскую альбо ўкраінскую?

Ёсць і прыклад Германіі, дзе архівы гестапа і НСДАП з прозвішчамі катаў і ахвяраў трапілі ў агульнае карыстанне адразу пасля вайны. Па-іншаму і быць не магло, бо без агучвання праблемы і яе выніку не магло быць і дэнацыфікацыі. Уявіце сабе, каб нехта спрабаваў супраціўляцца агучванню прозвішчаў ахоўнікаў Аўшвіцу на падставе таго, што ім гэта можа зашкодзіць! Сёння што вертухаі з Калымы, што следчыя з Полацку альбо Баранавічаў, якія працавалі ў 1930–1940-я, даўно знайшлі вечны спакой. Дык чаго баяцца? Адкрыйце архівы.

Калі кажуць пра супрацоўнікаў НКУС, якія могуць ляжаць побач са сваімі ўчорашнімі падследнымі ў Курапатах, дык ніхто ж гэтага і не аспрэчвае. Тым больш, агучванне поўнага спісу прозвішчаў і катаў, і ахвяраў, а таксама катаў, якія сталіся ахвярамі, дапаможа паказаць трагедыю максімальна шматбакова. Пры падобным рэжыме кіравання ніхто не можа адчуваць сябе ў бяспецы: якія б пагоны альбо шаўроны ні насіў, чый бы партрэт ні стаяў на працоўным стале. Кажаце пра чэкістаў-ахвяраў? Давядзіце, адчыніце архівы.

Аргумент пра тое, што адкрыццё архіваў аўтаматычна здыме німбы з пэўнай колькасці нацыянальных дзеячаў, цікавы, але зноў — міма. Калі ты не маеш інфармацыі, асабліва пасля такіх заяў, то і падазраеш усіх. Тут як з фантазіямі раўнівага мужа: калі жанчына можа здрадзіць, зна­чыць, здраджвае штораз, як выходзіць з хаты — нават калі ідзе ў краму па малако. Таму агучванне праўды не толькі здыме німбы з адных, але і дасць безумоўнае алібі іншым, якія адмовіліся, не раскалоліся, не здрадзілі. Магчыма, нацыянальны пантэон кагосьці згу­біць пасля гэтага, але абавязкова кагосьці знойдзе. Каб пераканацца — адкрыйце архівы.

Часцяком можна пачуць рэплікі: маўляў, дзяржбяспека займалася не адно палітыкай, але і крымінальнікамі, і карупцыянерамі, і сапраўднымі замежнымі шпіёнамі, то бок — профільнай працай. Таму і мазаць чорнай фарбай усіх не варта. Пакінем убаку аналогію, кшталту таго, што КрыПо (крымінальная паліцыя ў Трэцім рэйху) таксама лавіла гвалтаўнікоў і злодзеяў, бо гэта — іх абавязкі, пытанне ў іншым. Калі так — давядзіце гэта, пакажыце сапраўды шчырых чэкістаў з чыстымі рукамі, якія баранілі суайчыннікаў, а не толькі правадыра партыі. Як? Адчыніце архівы.

Наогул, уяўленне пра тое, што агучванне нейкай інфармацыі, звязанай са злачынствамі дзяржавы супраць яе грамадзян, можа справакаваць невылечны крызіс у грамадстве, сведчыць толькі аб адным: ні пра які давер паміж уладай і народам размовы быць не можа. Давайце шчыра, крызіс даверу ўжо і так ёсць, і акурат каб яго мінімізаваць, патрэбная празрыстасць сістэмы і права кожнага на праўду. Таму, для пачатку, адкрыйце архівы!

ПАДПІШЫЦЕ ПЕТЫЦЫЮ ТУТ