Ці можна здымаць тэрыторыю каля завода «Палімір»?
У нядзелю, 6 траўня, актывісты кампаніі «Вясны» «За чыстае паветра ў Наваполацку» Зміцер Салаўёў і Таццяна Мастыкіна збіралі подпісы ў г. Наваполацк за мадэрнізацыю ачышчальных збудаванняў на хімічным заводзе «Палімір».
Акрамя гэтага была створана электронная петыцыя “За чыстае паветра ў Наваполацку”. Подпісы ў папяровым варыянце плануюць накіраваць не толькі Мінпрыроды, але і кіраўніцтву ААТ “Нафтан”.
Пасля збору подпісаў актывісты кампаніі накіраваліся ў бок завода “Палімір” ААТ "Нафтан", каб зрабіць фота- і відэаздымку яго наваколля для візуалізацыі праблем, якія даносяцца да грамадзян падчас мерапрыемстваў кампаніі. Актывісты рабілі відэаздымку з дарогі вуліцы Прамысловая, якая знаходзіцца побач з заводам.
Але пры відэаздымкі яны сутыкнуліся з перашкодай з боку аховы завода. Выйшаўшы з “прахадной”, ахоўнік пачаў хапаць за рукі актывістку кампаніі Таццяну Мастыкіну, якая непасрэдна і ажыццяўляла відэаздымку. Ахоўнік рабіў спробы зацягнуць яе на тэрыторыю завода. Пасля няўдалай спробы ён выклікаў на дапамогу іншых ахоўнікаў. Іх асноўным аргументам было тое, што ажыццяўляць здымку на тэрыторыі завода забаронена, хоць актывісты знаходзіліся побач з заводам.
Каардынатар кампаніі “За чыстае паветра ў Наваполацку” Зміцер Салаўёў, каментуючы гэтую сітуацыю, падкрэслівае:
"На тэрыторыю завода мы не заходзілі і нават не збіраліся. Вуліца Прамысловая ў горадзе Наваполацк гэткай не з’яўляецца. Трубы завода бачна аж у Полацку. У такім выпадку, вынікаючы з логікі ахоўнікаў, увогуле трэба забараніць здымку краявідаў Наваполацка. Мы прасілі ахоўнікаў прадставіць нарматыўны акт ці паказаць знакі, якія забараняюць ажыццяўляць здымку каля тэрыторыі завода.
Для навапалачан праблема экалогіі вельмі актуальная, і яны ўсе разумеюць, што заводы не спыніш, але палепшыць сітуацыю можна".
Нагадаем, Наваполацк з'яўляецца адным з самых забруджаных гарадоў Беларусі (выкіды ў атмасфернае паветра шкодных рэчываў штогод больш за 50 000 тонн). Тэрыторыя Наваполацка і прылеглых раёнаў пастаянна падвяргаецца негатыўным ўздзеянням на навакольнае асяроддзе з боку прадпрыемстваў прамысловасці.